Грамадства

Валерыя Чарнаморцава: Заехала на Валадарку ў «Ноч расстраляных паэтаў»

Экскурсаводку і даследчыцу беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыю Чарнаморцаву затрымалі 18 кастрычніка пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку быў арышт на 10 сутак, пасля — Валадарка і крымінальная справа па «народным» 342 артыкуле. На Валадарцы яна перасякалася з многімі людзьмі, пра якіх мала што вядома.

Праз тры месяцы суд Савецкага раёна Мінска прызначыў Валерыі два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Цяпер былая палітзняволеная Валерыя ў бяспецы і пагадзілася распавесці «Вясне» пра ўражанні, якія засталіся ў яе пасля затрымання і побыту ў валадарскай камеры 8 на 3.

Пра Васю-канавала і навагодні шмон

— Мяне затрымалі напачатку, як я зразумела, па «справе экскурсаводаў». Тады было некалі затрыманняў беларускамоўных экскурсаводаў, сярод якіх — Галіна Патаева, Ігар Хмара ды іншыя. У той час мяне ў Беларусі не было, але калі вярнулася — патрапіла пад раздачу і я.

Затрыманне і ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ, яны паводзілі сябе больш-менш прыстойна: не было электрашокераў і кайданкоў. 

Пра Акрэсціна ўжо гаворана шмат, таму падзялюся сваімі ўражаннямі ад следчага ізалятара.

На Валадарцы, куды я патрапіла якраз у «Ноч расстраляных паэтаў» мяне адразу ўразіла, што пры паступленні супрацоўнікі СІЗА самі казалі, што вось гэты і гэты праходзіць па «народным артыкуле».

Камера, у якой я правяла тры месяцы да суда, была разлічаная на восем чалавек, знаходзіцца яна ў будынку старой стайні. Яна амаль увечь час была поўная. Большасць «сядзела» па палітычных артыкулах. Тыя жанчыны, якіх пераводзілі сюды з Жодзіна ці Гомеля казалі, што тут трохі лягчэй, чым у іншых месцах. Адзінае бяда — спрадвечная нястача свежага паветра з-за слабага праветрывання, высокая вільготнасць, ды яшчэ тытунёвы дым.

Ну і вядома, тут многія хварэлі. І я ў тым ліку, бо маю свой букет хваробаў: і тахікардыя, і дыябет… Але ў добрай кампаніі хвароба пераносіцца лягчэй. Трохі далі ўзяць з сабой пігулак.. Ды яшчэ добрая лекарка, таксама па «народным», у камеры з намі нейкі час была, то дапамагала. Дарэчы, ейны муж таксама сядзеў у іншым блоку. У камеры ў нас быў танометр і гэта многім дапамагала, бо сярод нас былі жанчыны, якім за шэсцьдзесят і меліся праблемы з ціскам.

А вось на тутэйшага лекара — тэрапеўта «Васю-канавала», спадзяванняў было мала, падавалася, што ён ненавідзіць людзей. Але не ўсе тут такія. Запомніўся фельчар, які мог пажартаваць і уважліва выслухаць.

Валерыя Чарнаморцава адзначае, што на Валадарцы шмат хто сядзіць пад следствам цэлымі сем’ямі, пераважна муж і жонка. Звычайна гэта 342 артыкул. Хаця, былі жанчыны і па «эканамічных» артыкулах, але калі разабраліся — то і там быў бачны палітычны падтэкст.

Валерыя ўзгадвае, што больш за ўсё сядзельцаў нервавалі перыядычныя праверкі.

— Памятаю найбольш брутальны — навагодні шмон, у ноч на 30 снежня. Мы ведалі пра яго, рыхтаваліся, але не чакалі такога масштабу. З камеры вынеслі ўсё, раскаталі на калідоры матрасы, перакапалі ўсе кешары, ну і асабісты дагляд. Пасля такой праверкі яшчэ доўгі час не змаглі разабрацца: дзе што знаходзіцца. Увогуле гэтыя праверкі ладзіліся перад усімі святамі. Аднойчы пазрывалі калядныя зорачкі, выцінанкі, што дасылалі з волі, парвалі іх.

Яшчэ адна непрыемнасць — ехаць на суд. Мала таго, што падымацца трэба рана, то і ў адстойніку трымаюць па некалькі гадзін у кайданках. Ад гэтага пачалі з’яўляцца панічныя атакі.

Марфа «адпускала» ад сябэ рэчы, на якія паўплываць не магла

Валерыя Чарнаморцава распавяла таксама пра свае сустрэчы з іншымі зняволенымі і ў першую чаргу пра Марфу Рабкову, з якой ёй давялося правесці ў камеры тры месяцы.

— Марыя — гэта проста крэмень. Увесь час вельмі сабраная, усё рабіла па сваім унутраным раскладзе. Кожную раніцу прачыналася крыху раней асноўнага пад’ёму, за 5-10 хвілін і прыводзіла сябе ў парадак, рабіла для нас кіпень. Калі нешта не залежала ад яе і паўплываць на сітуацыю было немагчыма — яна «адпускала» гэтае ўсё. Яшчэ яна, калі трэба, прасіла сукамерніц, каб не выказваліся нецэнзурна.

А яшчэ хачу адзначыць, што Марыя вельмі любіла свежае паветра і неба, вельмі перажывала, калі ішоў дождж і прагулка адмянялася. Бо калі хто з камеры адмаўляўся ад прагулкі, то на яе нікога не выводзілі.

Валерыя ўзгадвае, што толькі двойчы Марфа выходзіла з унутранай раўнавагі — калі даведалася пра затрыманне мужа Вадзіма Жаромскага і калі атрымала вестку, што затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Дарэчы, як затрымалі Вадзіма — Машы перадалі адразу некалькі лістоў ад розных людзей, а звычайна толькі ад сястры перадавалі.

— Марыя старалася тым, хто патрапляў у камеру ўпершыню, неяк дапамагчы, праявіць клопат, нешта параіць, падзяліцца сваім. Памятаю першае, што яна зрабіла ўбачыўшы мяне — прапанавала беларускія часопісы. Можа вось гэтае нераўнадушнае стаўленне да чужых клопатаў і дапамагае ёй там?

Валерыя распавяла аб тым, што яны з Марыяй розныя заявы ды рапарты аб дзяжурстве рабілі па-беларуску, і адміністрацыі даводзілася з гэтым мірыцца, бо такой колькасці беларускамоўных зняволеных раней Валадарка не ведала.

— Трывогу ва ўсіх нас выклікаў стан здароўя Рабковай. Адзін час сітуацыя палепшылася і ёй зрабілі УЗІ, аднак на старым недасканалым апараце. А ёй тэрмінова патрэбна сур’ёзнае даследванне. Мы ўсе бачылі, у якім яна стане.

Яшчэ Чарнаморцава марыла сустрэцца з праваабаронцам і нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. І аднойчы ёй гэта ўдалося.

— Камера Алеся знаходзілася каля самага душа, блізка каля жаночага крыла следчага ізалятара. Аднойчы на калідоры пабачыла, як калонай па адным вялі некуды сямёра зняволеных жанчын. А першым вялі Бяляцкага.

Зараз Валерыя Чарнаморцава адаптуецца на новым месцы. Кажа, што часу на раскачку ў яе няма, трэба хутчэй брацца за справу.

Каментары

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў6

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Усе навіны →
Усе навіны

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы29

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 2

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі4

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

Беспілотнікі атакавалі Казань. У горадзе чулі выбухі2

Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго8

«У панядзелак вам будзе вельмі весела глядзець тэлевізар». Трамп выступіў перад прыхільнікамі напярэдадні інаўгурацыі1

Чаму Карпенка не можа пасадзіць Бондараву? Разважае Вольга Лойка15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў6

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Галоўнае
Усе навіны →