Літаратура

Галівуд і каханне — аўтар бестселераў №1 па версіі The New York Times выдаў новы раман. І ён ужо ёсць па-беларуску

Сусветная англамоўная прэм’ера навінкі ад аўтара бестселераў са спіса The New York Times Джона Грына (вы дакладна чулі пра яго ранейшы раман «Вінаватыя зоркі») адбылася толькі ў верасні, а яе ўжо можна прачытаць па-беларуску. Дзякуючы выдавецтву Gutenberg, пераклад кнігі «Галівуд, фінал» выйшаў у друк раней, чым польскі і ўкраінскі.

Амаль 400 старонак пра цану папулярнасці і каханне маладых і амбітных акцёраў Джуніпера і Кая на фоне біяграфіі Эндзі Уорхала — для тых, каму хочацца захапляльнага, непавярхоўнага чытва, але без рызыкі прарыдацца ад безвыходнасці.

Мастацкі пераклад рамана з англійскай мовы на беларускую зрабіла Марына Дзергачова. Раней, дзякуючы ёй, па-беларуску пабачылі свет такія творы, як «Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй» Мэры Шэлі і «Я заплятаю косы» аўтарства Зэйнаб Боладэл. 

Як атрымалася, што на беларускую мову кнігу пераклалі так хутка? Валянціна Барбара Андрэева, сузаснавальніца выдавецтва Gutenberg Publisher, прызнаецца, што Джон Грын — адзін з яе любімых аўтараў.

«Калі я пабачыла ў фэйсбуку, што Грын напісаў новы раман (а ён больш за восем гадоў не пісаў мастацкіх тэкстаў), то вырашыла рызыкнуць і напісаць яму і яго агентам з нашай прапановай — досыць сціплай па мерках аўтара бестселераў. Я патлумачыла нашу сітуацыю, расказала, што мы, хутчэй за ўсё, не прадамо больш за тысячу асобнікаў, але будзем удзячныя, калі б нам далі правы. І нам вельмі хутка далі згоду! Ну, і ўся каманда падтрымала мяне ў імкненні перакласці кнігу як мага хутчэй».

Джон Грын дзеліцца, на якія мовы будзе перакладзены яго новы раман. Cкрыншот са старонкі пісьменніка ў фэйсбуку.

Замовіць новую кнігу Джона Грына «Галівуд, фінал» па-беларуску можна па спасылцы. А з прамакодам nashaniva пры замове да 25 снежня вас чакае зніжка 10%. Калі плануеце набыць кнігу ў падарунак да Калядаў, то не адкладайце, каб кніжка своечасова да вас трапіла. 

Пісьменнік, які планаваў стаць святаром

Кнігі 49‑гадовага амерыканскага пісьменніка Джона Грына разлятаюцца па свеце шматмільённымі тыражамі, таму новае выданне для прыхільнікаў яго творчасці — чарговы «маст рыд», тое, міма чаго немагчыма прайсці.

Лічыцца, што Грын у свой час здзейсніў рэвалюцыю ў падлеткавай і моладзевай літаратуры, вывеўшы на першы план сюжэты пра сапраўдных, жывых людзей замест татальнага засілля кніг пра чараўнікоў, вампіраў і фантастыкі агулам.

Джон Майкл Грын, пісьменнік і відэаблогер. Фота: Jim Spellman/WireImage

Ведаючы маштаб папулярнасці гэтай асобы сёння, нават не верыцца, што пасля сканчэння каледжа Грын нейкі час меў намер стаць святаром. Хлопец паступіў у Чыкагскую багаслоўскую школу (University of Chicago Divinity School) і быў студэнтам-капеланам у дзіцячым шпіталі. Сутыкненне з горам, хваробамі і пакутамі розных сем'яў адбіла ў яго жаданне рухацца па траекторыі рэлігіі. Джон тлумачыў гэта тым, што ў яго недастаткова моцная вера, каб вытрымліваць падобны досвед у якасці святара.

Але менавіта ў шпіталі ў будучага пісьменніка ўпершыню вымаляваўся вобраз гераіні Аляскі з дэбютнага рамана «У пошуках Аляскі». Гэты ж жыццёвы досвед будзе прасочвацца і ў топавым рамане «Вінаватыя зоркі» — гісторыі двух падлеткаў, якія сутыкнуліся з невылечнымі захворваннямі.

Як Джон Грын стаў пісаць?

Шлях Грына цікавы тым, што ён першапачаткова не імкнуўся да літаратарскай кар’еры — хутчэй, наадварот. Яго бацькі таксама не са свету культуры — яны былі звязаныя з грамадскімі арганізацыямі па ахове здароўя і прыроды. Але біяграфічныя крокі будучага аўтара бестселераў нібыта дазвалялі яму саспець і назапасіць патрэбную колькасць матэрыялу для выказванняў.

Пасля сыходу са шпіталя Грын, паспеўшы пажыць і ў Індыянапалісе, і ў Мічыгане, і ў Бірмінгеме, і ў Арланда, пераехаў у Чыкага, дзе ўладкаваўся ў часопіс Booklist. Там ён першапачаткова займаўся рэдакцыйнай і тэхнічнай працай, а потым стаў пісаць рэцэнзіі на кнігі. Дзякуючы сваім абавязкам, ён змог паглядзець на літаратурны свет як бы знутры.

Пазней у розных інтэрв'ю журналістам Грын расказваў, што, праглядаючы ў Booklist сотні кніг, ён паступова ўсвядоміў: за кожнай з іх стаіць звычайны чалавек, які аднойчы проста сеў і напісаў рукапіс.

Ён перастаў успрымаць пісьменнікаў як недасяжных багоў, усвядоміўшы, што кніга — гэта на шмат працэнтаў тое, што проста патрабуе часу і высілкаў.

Канечне, ён не змог бы пачаць пісаць без моцнай інтэлектуальнай базы — Грын з дзяцінства шмат чытаў такіх аўтараў, як Тоні Морысан, Майкл Шэйбан, Джэфры Еўгінідзіс і інш.

Што адметна, будучы, па яго прызнанні, досыць самотным і няўпэўненым у сабе падлеткам, менавіта ў кнігах ён знаходзіў адказы на многія пытанні. Перажыты ў школе булінг і цяжар падлеткавага аўтсайдарства потым дапамаглі яму падабраць правільныя словы для апісання такога досведу ў сваіх раманах.

Але не толькі гэта дало яму ключ да заваявання сэрцаў мільёнаў чытачоў.

Для разумення кантэксту: першы раман Джона Грына «У пошуках Аляскі» выйшаў у 2005 годзе. Кніга была добра сустрэтая і крытыкамі, і чытачамі, але гэта яшчэ не быў ашаламляльны поспех. Праз год з’явіцца раман «Шматлікія Кацярыны», а неўзабаве Джон разам з братам Хэнкам запусцяць ютуб-шоу Brotherhood 2.0. Простая па форме ідэя — камунікаваць з братам выключна ў фармаце відэа на ютубе, абмяркоўваючы літаральна ўсё — ад асабістых факапаў да палітыкі і культуры — паступова сфармуецца ў нешта большае, чым фан-клуб. Гэта будзе вялікая супольнасць аднадумцаў Nerdfighteria з уласнай філасофіяй-звышмэтай: «Decrease World Suck» — змяншаць колькасць дрэннага ў свеце.

Адна з вокладак ютуб-праекта братоў Джона і Хэнка. 

Грын своечасова «асядлаў» ютубную хвалю і, што важней, перастаў, дзякуючы шчырым блогам, быць проста абстрактным аўтарам кніг. Ён стаў чалавекам, з якім чытачы рэгулярна камунікавалі, якога слухалі, за жыццём якога сачылі.

Пісьменнік пазней прызнаваўся, што ютуб адыграе важную ролю ў цікаўнасці да яго найбольш вядомага і камерцыйна паспяховага псіхалагічнага рамана «Вінаватыя зоркі» пра маладых людзей, якія знаёмяцца на групе падтрымкі для анкахворых. Дадатковую порцыю ўвагі кнізе прынясе экранізацыя ў рэжысуры Джоша Буна — фільм стаў міжнародным касавым хітом і пазнаёміў з гісторыяй Грына тых, хто раней яго не чытаў.

Афіша фільма, аб’яднаная з інфармацыяй пра раман, па якім ён быў зняты — «Вінаватыя зоркі» стаў бестселерам №1 па версіі The New York Times

Грын і яго «немастацкая» частка

Будучы чалавекам неабыякавым да чалавечых няшчасцяў і праблем, Грын вядомы яшчэ і сваёй грамадскай дзейнасцю. Так, ён з’яўляецца партнёрам некамерцыйнай арганізацыі Partners In Health, якая дапамагае забяспечваць медыцынскую дапамогу людзям у бедных і ўразлівых групах.

Таксама пісьменнік удзельнічаў у цэлым шэрагу актыўнасцяў і праграм па змаганні з сухотамі. Адна з яго немастацкіх кніг — «Everything Is Tuberculosis» — прысвечаная акурат гэтай хваробе.

Постаць Грына цікавая ў кантэксце таго, як пісьменнік можа пераплаўляць давер чытачоў у рэальны грамадскі рэсурс па прыцягненні грошай і ўвагі да праблем, якія часта застаюцца нябачнымі ці маладаследаванымі.

«Галівуд, фінал» — пра барацьбу за ўвагу і пазнавальнасць, якая можа зрабіць балюча

Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што для чытачоў, якія адкрылі для сябе Грына, ён стаў не проста аўтарам некалькіх папулярных раманаў, а важнай фігурай іх сталення.

 І ў гэтым кантэксце лагічна выглядае навінка пісьменніка — свежы раман «Галівуд, фінал», які расказвае пра двух маладых, але ўжо дарослых, сфармаваных людзей Джуніпера і Кая. Аўтар сам пасталеў і не хоча «заседжвацца» ў падлеткавай літаратуры, калі яму хутка споўніцца 50 гадоў.

Героі «Галівуд, фінал» — акцёры, якія здымаюцца ў амбітнай стужцы пра Эндзі Уорхала. Маладыя і прыгожыя, яны засяроджаныя на сумленнай працы, на самарэалізацыі, яны сапраўды хочуць зразумець мастака і свет, у якім жыў гэты найвыдатнейшы прадстаўнік сучаснай культуры і ў значнай ступені яе творца. 

Паколькі героі бавяць шмат часу разам падчас здымак, паміж імі ўспыхваюць рамантычныя пачуцці. Іх чакае тэст на трываласць: стужка з удзелам пары робіцца сапраўднай сенсацыяй у свеце кіно. Папулярнасць, якая на іх спадае, з аднаго боку, прыемная, а з іншага — пужае. Прыхільнікі, журналісты, сацыяльныя сеткі, чуткі і ўварванне ў прыватную прастору — усё гэта пераварочвае жыццё герояў. Ці змогуць Джуніпер і Кай захаваць сябе і стасункі ва ўмовах, калі ўвесь свет хоча ўварвацца да іх «у ложак», — галоўнае пытанне, якое раскрыецца перад чытачом.

Акрамя таго, што гэта першая кніга Грына пра дарослых, цікавы сам новы фокус увагі аўтара. У мінулых раманах пісьменнік часта змяшчаў герояў у экстрэмальныя акалічнасці: хваробу, смерць, цяжкую страту, псіхалагічныя крызісы. Тут жа праблема больш сучасная, сацыяльная і, калі хочаце, масавая: што адбываецца з чалавекам, калі яго асоба робіцца таварам?

Гэтае пытанне сёння актуальнае і для самога аўтара — што рабіць, калі цябе заўважае занадта шмат людзей, калі мільёны лічаць, што маюць права ведаць пра цябе ўсё? Які ён, кошт вядомасці?

Гэта тэма актуальная і для кожнага з нас, хто так ці інакш выкладвае пост у інстаграме ці Threads, публікуе відэа ў тыктоку, разлічваючы на сваю порцыю ўвагі. І ніхто пры гэтым не застрахаваны ад таго, што гэтая цікаўнасць нечакана выйдзе з-пад кантролю.

«Hollywood, Ending» з часам пераўтвараецца ў тыповую для Грына гісторыю кахання, але яна аказваецца куды глыбейшай, тонкай і, па праўдзе кажучы, значна спялейшай, чым усё, што ён ствараў калісьці», — напісаў у рэцэнзіі для The New York Times галівудскі рэпарцёр Дэвід Канфілд.

Часопіс Booklist, дзе некалі працаваў сам Грын, таксама прысвоіў кнізе «starred review» (рэцэнзія з зорачкай), падкрэсліўшы мастацкасць спалучэння ў творы кахання, творчасці, здрады, камерцыялізацыі мастацтва і чалавечай спагады.

Замаўляйце «Галівуд, фінал» Джона Грына па-беларуску па спасылцы. З прамакодам nashaniva пры замове да 25 снежня вас чакае зніжка 10%. Калі плануеце набыць кнігу ў падарунак да Калядаў, то не адкладайце пакупку, каб кніжка своечасова да вас трапіла. 

А калі не ведаеце кніжныя густы блізкіх, то можаце прыдбаць падарункавы сертыфікат у краму выдавецтва Gutenberg Publisher. Усе кнігі выдавецтва — па спасылцы.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю48

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Усе навіны →
Усе навіны

У Івана-Франкоўскай вобласці расійская ракета прабіла дах дома, але не выбухнула ФОТА

Пад антарктычнымі льдамі знайшлі сляды гор, якія дапамаглі эвалюцыі

У Жлобінскім раёне машына наляцела на каня. Кіроўцу давялося з салона выразаць2

Пуцін заклікаў украінцаў пераходзіць «на правільны бок гісторыі»11

Рабіць вагоны для мінскага метро зноў хочуць даручыць «Штадлеру»6

«Белтэлекам» зноў аб'явіў пра павышэнне сваіх тарыфаў

Пад Барысавам упалявалі першую ў гэтым сезоне рысь2

Аналітыка Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калоніі6

Беларусы масава бяруць ільготныя крэдыты пад 4%1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю48

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць