Грамадства66

«Бывай, дарагі сабака. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці». Наста Лойка напісала шчымлівы ліст свайму сабаку

Ліст Насты Лойка да яе сабакі Эрыка, якога яна забрала з прытулку, апублікавала ў фэйсбуку Яўгенія Доўгая. «Наста вельмі любіць свайго сабаку. Вельмі. Наста наогул любіць усіх людзей. Яна паважае кожную асобу, яна ведае, што кожны чалавек заслугоўвае павагу да сябе. Я проста пакіну тут яе ліст да яе Эрыка. Падтрымайце Насту, я вельмі вас прашу», — напісала Яўгенія. Публікуем гэты ліст.

Дарагі Эрык! Яшчэ з першых дзён майго знаходжання на маім часовым месцы жыхарства я хацела напісаць табе развітальны ліст, але не знаходзіла сілаў, бо гэта балюча і слёзна. Але мне гэта важна, каб закрыць гештальт адносна нас з табой.

Калі я бачу іншых сабак па тэлебачанні, чорную аўчарку тут у СІЗА, калі прыгадваю гук тваіх крокаў па нашай кватэры, тваю пыску на маім ложку з просьбай пагладзіць цябе, альбо як ты кладзешся на жывот перад іншымі сабакамі (твой знак прымірэння), або на спінку, каб пагладзіла табе жывот — я пачынаю плакаць! А хочацца, каб гэтыя ўспаміны выклікалі эмоцыі радасці і ўсмешку.

Спадзяваюся, гэты ліст дапаможа прайсці гэтую трансфармацыю.

Пра ўспаміны. Я вельмі добра памятаю, як нас знаёміла Марфа ў сабачым прытулку пад Гатавам. Ты тады на мяне рыкаў ад страху, але потым узяў печыва з рукі. Усю кароткую прагулку ты цягнуў павадок і хадзіў зігзагамі перада мной.

Праз тыдзень мы прыехалі за табой. Іра сказала, што ты страшны і падобны на мяне. Я вельмі смяялася. Але мы ў чымсьці падобныя — цяжкае дзяцінства, не давяраем людзям і не ўсіх блізка падпускаем. І любім любых сабак (акрамя агрэсіўных).

Памятаю, як першыя ночы ты мяне лізаў у твар — і я прачыналася. У гэтым было столькі ўдзячнасці. Потым я адвучыла цябе лізаць мяне, а ты адрываўся на іншых людзях, якіх пераставаў баяцца.

Мне шкада, што першыя месяцы я мала надзяляла табе ўвагі праз працу, кнігі пра сабак і ад’езды. Памятаю твой страх гуку грузавых цягнікоў — ад яго скокаў на шафу і дзверы. Ты хутка навучыўся хадзіць побач, чакаць мяне да вечара.

Праз цябе я нарэшце з'ехала ад маці, вы занадта адно аднаго баяліся. І ў нас пачалося новае жыццё з нашым любімым паркам.

Яшчэ прыгадваю, як ты «ахоўваў» тэрыторыю лецішча ў нашы рэдкія заезды, я злавалася ад твайго брэху.

Мне вельмі шкада, што мы з табой больш не пабачымся (табе ў ліпені будзе 7 гадоў, а я буду ў палоне гадоў 7-8). Я адчуваю віну, што не ўберагла сябе для цябе, што змагла прысвяціць табе нават менш за 5 гадоў.

Шкада, што ты/мы больш не пабачым Ральфа, Барэз і іншых нашых любімых сабак на раёне. Але я веру і давяраю людзям і сабакам, якія цяпер раздзяляюць тваё новае жыццё.

Іранічна, што пры тваім дваровым і прытулкавым паходжанні (якім я заўжды ганарылася), ты апынуўся на прарадзіме сабак, да якіх ты падобны — багемскіх аўчарак (гэта вынаходніцтва Анэль).

Шчасце сабак у тым, каб радаваць свайго чалавека. Прабач, што гэта больш не я. 

Я спадзяваюся, што рэшта твайго жыцця пройдзе спакойна і радасна. Бо на сваім жыцці я ўжо паставіла пакутлівы крыж.

На развітанне [у апраўданне] я хачу табе нешта распавесці пра дзень нашай апошняй сустрэчы, 28.10.2022.

Праз 30 хв, як я выйшла з дома ў 15.30, я стаяла ў калідоры на вуліцы Рэвалюцыйная, 3, шырока расставіўшы ногі і ілбом у сцяну (гэта называецца «ластаўка»), акрамя ўдараў у спіну і гуку электрашокера мне сказалі, што цябе ім прыйдзецца забіць — Мікалай Таўкачоў «не хацеў рызыкаваць сваімі людзьмі».

Але потым нібыта амапаўцы прапанавалі іншы варыянт — даць мне 20 секунд, каб загнаць цябе ў душавы пакой. Я плакала і баялася, па лесвіцы са мной ішлі людзі з аўтаматамі.

Перад дзвярыма мне парасцягалі кайданы з-за спіны — перад тулавам. Рукі трэсліся, калі я адчыняла дзверы. Глыбокае дыханне толькі трошкі дапамагло, я чакала, што ты адразу адчуеш небяспеку ў прысутнасці злых людзей, але ты выйшаў у калідор да мяне і радасна махаў хвастом.

У кайданках я нават не магла ўзяць цябе за ашыйнік — проста адчыніла дзверы ў душ і стала прасіць цябе зайсці туды.

Ты нічога не разумеў — я амаль ніколі не заганяла цябе ў гэты малы для тваіх памераў пакойчык. У адчаі я крыкнула на цябе і нагамі запіхнула ў душ. Амапаўцы заблакавалі дзверы крэслам з кухні, бо ты рыкаў і скакаў на дзверы ў вузкай прасторы.

Падчас «агляду» без майго дазволу кнігі і паперы кідалі на тваю ляжанку і міскі, а я нерухома сядзела на канапе ў поўнай апатыі.

Перад сыходам я доўга прасіла, каб далі цябе вызваліць. Цяпер кепска памятаю, што менавіта я казала табе на развітанне, але дакладна папярэдзіла, што сыходжу надоўга. На лесвіцы заплакала. А далей табе лепш не ведаць, што было/будзе са мной.

Бывай, дарагі сабака. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці. Я буду любіць цябе заўжды.

20.02.2023

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Каментары6

  • lkh
    03.04.2023
    Гэты ліст павінны быць у музеі пра Беларусь 2020 - 20ХХ
  • Сумна але ж факт
    03.04.2023
    lkh, у Вільні бо бліжэйшыя год 40-50 новая Беларусь зможа існаваць толькі там
  • Шарыкау
    03.04.2023
    Сабачае жыцце...

Цяпер чытаюць

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША збіраюцца выпускаць даляры з подпісам Трампа4

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?4

Кацярына Андрэева перадала Дональду Трампу ліст пра беларускіх палітвязняў6

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў27

Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»5

Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе

Трамп заявіў, што адклаў удары па энергетыцы Ірана на 10 дзён3

Навукоўцы вызначылі 45 падобных да Зямлі планет, дзе можа існаваць жыццё

Пуцін абмежаваў колькасць грошай, якія можна вывозіць з Расіі ў Беларусь4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць