Свет1414

Ці зможа Нікі Хэйлі выбіць Трампа? Дэбатуе яна прыўкрасна

Былая амбасадарка ЗША здолела выйсці на другое месца па папулярнасці сярод кандыдатаў у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Nikki Haley
Кандыдатка ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі, былая амбасадарка ЗША Нікі Хэйлі выходзіць на сцэну для ўдзелу ў дэбатах рэспубліканцаў. 6 снежня 2023 года, Таскалуса, штат Алабама. Фота: Justin Sullivan / Getty Images

Жывыя, але сур'ёзныя, кемлівыя, але змястоўныя выступы Нікі Хэйлі на дэбатах — гэта палітычная атлетыка найвышэйшай пробы. Адна сярод мужчын, якія перакрыкваюць і перабіваюць яе, яна адказвае спецыфічна жаночай халаднакроўнай, але канцэнтраванай агрэсіяй. Яна лунае як знішчальнік і б'е як ракета, так апісвае яе манеру дэбатаваць The Wall Street Journal.

І ўсё гэта дапамагло вырвацца на другое месца ў рэйтынгах папулярнасці рэспубліканцаў — праўда, з велізарным адрывам ад першага. Былы прэзідэнт Дональд Трамп працягвае лідзіраваць у Рэспубліканскай партыі, маючы 59% падтрымкі, выявіла новае апытанне на замову Wall Street Journal. Тым часам Хэйлі, у мінулым пасол ЗША ў ААН і губернатарка Паўднёвай Караліны, заняла другое месца з 15%, трохі-трохі абышоўшы губернатара Фларыды — у Рона Дэсанціса 14%. Ніводзін іншы кандыдат не набірае двухзначных лічбаў.

Прэзідэнцкія дэбаты рэспубліканцаў адбыліся 6 снежня ў Таскалусе, штат Алабама. Дональд Трамп адмовіўся ў іх удзельнічаць — дакладней, адмовіўся ўдзельнічаць у любых дэбатах падчас праймэрыз. На сцэну, акрамя Хэйлі і Дэсанціса, выйшлі прадпрымальнік Вівек Рамасвамі і экс-губернатар Нью-Джэрсі Крыс Крысці — агулам чатыры чалавекі.

WSJ паведамляе, што падтрымка Трампа ў апытанні, праведзеным у канцы лістапада — пачатку снежня, не змянілася ў параўнанні з апытаннем, якое часопіс зладзіў чатыры месяцы таму, у той час як рэйтынг Хэйлі падрос на сем пунктаў.

«О, люблю, калі да мяне столькі ўвагі. Дзякуй вам за гэта»

Гледачы зразумелі, хто перамагае ў дэбатах, задоўга да іх заканчэння: па шквале нападак супернікаў. Рамасвамі назваў яе беспрынцыповай і «фашысткай». Дэсанціс назваў яе неэфектыўнай. Крысці назваў яе непаслядоўнай.

«О, люблю, калі да мяне столькі ўвагі, — парыравала Хэйлі з тонкай усмешкай. — Дзякуй вам за гэта».

На дэбатах Хэйлі адстойвае традыцыйныя кансерватыўныя пазіцыі, асуджае рост бюджэтных выдаткаў і заклікае да жорсткага падыходу да замежнай палітыкі. Таксама яна пазіцыянуе сябе як непрымірымую прыхільніцу жорсткага курсу ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.

У сераду яна паводзіла сябе ў тым жа духу, а менавіта — папярэдзіла аб узаемазвязанасці пагроз, з якімі сутыкаецца Амерыка з боку Ірана, Расіі і Кітая. Яна раскрытыкавала Трампа, хоць і мякчэй, чым некаторыя іншыя выступоўцы, заявіўшы, што былы прэзідэнт быў слабы ў дачыненні да Кітая, пры ім вырасла дзяржаўная запазычанасць і ён быў «хаатычны».

Яна адмахнулася ад нападак супернікаў на сваіх донараў з Уол-стрыт: «Яны проста зайздросцяць». І яна ведала, як, калі трэба, падняцца над сутычкай: калі надышоў момант адказаць на асабліва раз'юшаную тыраду Рамасвамі ў яе бок, Хэйлі чмыхнула: «Адказваць на гэта — толькі час марнаваць».

Nikki Haley and Ron DeSantis
Нікі Хэйлі і губернатар Фларыды Рон Дэсанціс падчас дэбатаў. Фота: Justin Sullivan / Getty Images

Супернікі абвінавачваюць былую амбасадарку ў тым, што па гэтым і іншых пытаннях яна не мае акрэсленай пазіцыі, а кажа тое, што хоча пачуць канкрэтная аўдыторыя.

Хэйлі рэзка крытыкавала Трампа ў 2016 годзе, але потым абараняла яго, калі працавала ў ягоным кабінеце; яна асудзіла яго пасля беспарадкаў у Капітоліі 6 студзеня 2021 года, потым заявіла, што не будзе балатавацца супраць яго, а пасля ўсё адно ўключылася ў гонку.

Трамп заявіў, што ў яе «мазгі курыныя», але атакаваць яе яму цяжэй, чым, скажам, Дэсанціса.

Ці сустрэнецца Хэйлі аднойчы з Трампам?

Таму з кандыдатаў, які лепш за іншых выступіць на дэбатах, магчыма, удасца кансалідаваць вакол сябе тых рэспубліканцаў, якія не хочуць Трампа. Але якая імавернасць, што такое можа насамрэч адбыцца?

Добра трымаючыся на дэбатах, Хэйлі павысіла сваю прывабнасць для некаторых выбаршчыкаў.

Аднак без удзелу Трампа дэбаты выглядалі другарадным тэлешоу, адзначае палітычная аглядальніца WSJ Молі Бол.

Па яе словах, агульная карціна застаецца нязменная: большасць рэспубліканцаў падтрымлівае Трампа, процілеглы лагер расколаты. Магчымасць, што Хэйлі выйдзе на сцэну дэбатаў з Трампам — не кажучы ўжо пра Байдэна — пакуль застаецца прывіднай.

Каментары14

  • амэрыканiст
    08.12.2023
    прыукрасна? не чулi, як яе Вiвек Р. знiшчыу? вось ен кандыдат больш рэальны
  • Маарці Ахцісаары
    08.12.2023
    Угу, як зараз памятаю, як гэтая дурніца даводзіла, што наяўнасьць у Фінляндыі сыстэмы аховы здароўя зьяўляецца прыкметай краіны Трэцяга сьвету.
  • БС
    08.12.2023
    Прыгожа апісана.

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка16

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі за тыдзень зафіксавалі 55 падпалаў банкаматаў і паліцэйскіх машын

«Надзея можа з’явіцца ў любы момант». Прагноз на 2025 год2

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх6

У выбарчых камісіях новых людзей толькі 3%8

Стала вядома, як перабудуюць закінуты будынак на Алібегава ў Мінску ФОТА

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай3

«Сам прапанаваў ёй выйсці на Ганну Сялук». Палітвязень расказаў пра сваю былую жонку — спявачку з міліцэйскімі пагонамі4

Кізім абвяргае, што ва Украіне з пераліку моў, што знаходзяцца пад асаблівай абаронай, выкрэсліваюць беларускую4

У Мінску здаюць у арэнду кватэру без вадаправода, каналізацыі і прыбіральні3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка16

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →