«Гэта нашы ці не?» У Польшчы таксама можна нарвацца на праблемы праз бел-чырвона-белы сцяг
Польшча — гэта не лукашэнкаўская Беларусь, аднак і там у беларусаў могуць узнікнуць праблемы праз прыхільнасць да нацыянальнай сімволікі. «Еўрарадыё» даведалася, чаму некаторым палякам можа не спадабацца наш нацыянальны сцяг і параіла, як можна пазбегнуць канфліктных сітуацый.
Наш бел-чырвона-белы… не толькі наш
«Бачыў у цэнтры натоўп з БЧБ-сцягамі. Гэта нашы ці не?» — паведамленні з такім зместам часта можна знайсці ў чаце беларусаў у Лодзі.
Рэч у тым, што ў гэтым польскім горадзе ёсць футбольны клуб ŁKS (Łódzki Klub Sportowy S.A). Так гістарычна склалася, што колеры каманды — белы і чырвоны. Больш за тое, сцяг клуба — бел-чырвона-белы. Ягоныя прапорцыі толькі трошкі адрозніваюцца ад беларускага нацыянальнага сцяга, але ў астатнім ён выглядае амаль ідэнтычна.
«Прыехаў у Лодзь, сустрэў палякаў. Думаў, беларусы, але аказалася, што фанаты ŁKS — клуб футбольны іх з такім жа сцягам. Думаю, не першы тут з такой гісторыяй», — піша ўдзельнік таго ж чата беларусаў у Лодзі.
Гісторый ад беларусаў сапраўды хапае, але не ўсе з іх пазітыўныя:
«Як толькі пераехалі [у Лодзь] і засяліліся ў новую кватэру, вывесілі наш сцяг у акно. Вісеў некалькі месяцаў. Суседзі ўвесь гэты час неяк скоса на нас паглядалі. А потым уласніца кватэры папрасіла зняць, каб нам вокны не пабілі…»
Дык у чым праблема?
Рэч у тым, што ў гэтым польскім горадзе ёсць яшчэ адзін клуб — Widzew Łódź. Абедзве каманды гуляюць у «Экстралізе» (польскі аналаг беларускай Вышэйшай лігі).
Як гэта часцей за ўсё бывае, клубнае супрацьстаянне выходзіць за межы футбольнага поля. «Дэрбі» адбываецца і сярод фанатаў — заўзятары гэтых каманд ненавідзяць адно аднаго.
Лодзь негалосна падзеленая паміж фанатамі: ёсць раёны ŁKS і ёсць раёны «Відзэва».
«Калі фанаты каля стадыёна спакойныя, то гэта зусім не значыць, што калі яны ідуць у звычайны вечар па «сваім» раёне і бачаць кагосьці з сімволікай «чужой» каманды, то нічога не адбудзецца. У мяне ёсць не адзін жывы прыклад канфліктаў кшталту: «У цябе бірулька ад ключоў ŁKS. Ідзі сюды, пагаворым», — піша яшчэ адзін карыстальнік.
На шчасце, гісторый пра збіццё беларусаў за БЧБ-сцяг у мясцовым чаце не знаходзіцца. Там пішуць, што ўсе канфліктныя сітуацыі ўдаецца вырашыць з дапамогай дыпламатыі. Аднак новым беларусам у Лодзі ўсё адно раяць не свяціць «варожымі колерамі» ў раёнах фанатаў «Відзэва». На ўсялякі выпадак.
Дарэчы, сцяг «Відзэва» — чырвона-бела-чырвоны. Шпацыр па Лодзі са сцягам Аўстрыі тэарэтычна таксама можа скончыцца канфліктам, аднак ужо з фанатамі ŁKS.
Ты з якога раёна?
У інтэрнэце нават можна знайці неафіцыйную карту падзелу Лодзі на зоны ўплыву фанацкіх груповак. Паводле яе, заходняя частка горада «належыць» бел-чырвона-белым, усходняя — чырвона-бела-чырвоным.
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць
Дык што рабіць беларусам у Лодзі? Забыцца на родны сцяг дзеля ўласнай бяспекі? Хіба дзеля гэтага людзі вымушана з’ехалі з Беларусі?
Элегантнае выйсце з сітуацыі прапануюць ва ўсё тым жа чаце беларусаў у Лодзі: калі набываеце сабе БЧБ-сцяг, то бярыце той, на якім ёсць выява герба «Пагоня». Такі лайфхак мусіць выратаваць ад нязручных пытанняў.
Варта таксама памятаць, што папрасіць «патлумачыць за сцяг» могуць не толькі ў Лодзі. У фанатаў ŁKS хапае ворагаў за межамі роднага горада. Гэта заўзятары такіх клубаў, як Ruch Chorzów, Legia Warszawa, Arka Gdynia, Zagłębie Lubin, Stomil Olsztyn, Stal Rzeszów i Elana Toruń.
Калі, напрыклад, вырашыце наведаць матч у Варшаве мясцовай «Легіі» з бел-чырвона-белым сцягам, то майце на ўвазе, што вас могуць прыняць за заўзятара «варожага» клуба з Лодзі.
Каментары
Зноў чыста беларускія рысы кшталту:
А што падумае Расея, калі мы пачнем беларусізацыю?
А што думаюць летувісы, калі бачаць нашую Пагоню?
А як летувісы ставяцца да таго, што Віленшчына спрадвечна была беларускай?
А што будзе, калі Ўкраіна не дазволіць палку Каліноўскага заходзіць у Беларусь?
А мы <вам> не перашкаджаем, можна мы трошку пабудзем беларусамі?
Занадта шмат мы спрашваем дазволу ў кагосьці і зашмат думаем аб чыіхсьці рэакціях.
Вось ужо баімся, каб !увага! не раззлаваць футбольных фанатаў у Лодзі.
А на Беларусі кіруе чалавек, які адзін зламаў сістэму, законы, узурпаваў уладу, бо яму было да халеры на навакольныя меркаванні.
Розьніцу адчуваеце? Трэба быць больш пасіянарнымі і мець "яйцы"