Спорт

Самы хуткі марафонец у свеце загінуў у аўтакатастрофе

24-гадовы перспектыўны кеніец Кельвін Кіптум разбіўся ў аўтамабілі ў сябе на радзіме, піша Бі-бі-сі.

AP Photo

Ён загінуў разам са сваім трэнерам, руандыйцам Жэрвезам Хакізіманам, на дарозе на захадзе Кеніі ў нядзелю.

Кіптум здзейсніў прарыў у 2023 годзе, стаўшы галоўным супернікам суайчынніка Эліуда Кіпчоге — аднаго з найвялікшых марафонцаў у свеце. А ў кастрычніку мінулага года ў Чыкага ён пабіў дасягненне Кіпчоге, пераадолеўшы дыстанцыю 42 км за дзве гадзіны і 35 секунд.

Абодва спартсмены былі ўключаныя ў папярэдні склад зборнай Кеніі па марафоне для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў канцы гэтага года.

Аддаючы даніну памяці Кіптуму, міністр спорту Кеніі Абабу Намвамба напісаў у X: «Жахліва балюча!!! Кенія страціла асаблівую жамчужыну. У мяне няма слоў».

Лідар кенійскай апазіцыі і былы прэм'ер-міністр Раіла Адынга заявіў, што краіна страціла «сапраўднага героя» і смуткуе па «выбітнай асобе… і іконе кенійскай лёгкай атлетыкі».

Себасцьян Коу, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі лёгкай атлетыкі, сказаў, што Кіптум быў «неверагодным спартсменам, які пакінуў неверагодную спадчыну».

Аварыя адбылася ў нядзелю каля 23:00 па мясцовым часе.

Кіптум быў за рулём, калі аўтамабіль страціў кіраванне і перакуліўся, у выніку чаго абодва загінулі на месцы.

Прадстаўнік паліцыі дадаў, што трэці пасажыр — жанчына — атрымала траўмы і была экстрана дастаўлена ў бальніцу.

У Кіптума засталіся двое дзяцей.

На мінулым тыдні каманда Кіптума абвясціла, што на марафоне ў Ратэрдаме ён паспрабуе прабегчы марафонскую дыстанцыю менш чым за дзве гадзіны — такога выніку яшчэ нікому не ўдавалася дасягнуць у адкрытым спаборніцтве.

Слава прыйшла да яго імкліва — свой першы поўны марафон ён прабег толькі ў 2022 годзе.

Ён адразу ж заявіў пра сябе на дыстанцыі, выйграўшы марафон у Валенсіі (2:01:53), стаўшы на той момант чацвёртым па хуткасці ў гісторыі, а затым устанавіў рэкорд трасы (2:01:25) на Лонданскім марафоне ў красавіку 2023 года.

Праз шэсць месяцаў, усяго толькі ў сваім трэцім забегу, Кіптум разам зняў 34 секунды з сусветнага рэкорду ў Чыкага. Гэта спаборніцтва стала для яго апошнім.

Фота: Alberto Pezzali / AP

Ён ужо адтачыў свой тактычны падыход, згодна з якім ён бег з групай на працягу 30 км, а затым павялічваў тэмп і выходзіў на дыстанцыю самастойна на апошняй частцы маршруту.

Кіптум удзельнічаў у сваім першым буйным спаборніцтве ў 2018 годзе, бегаючы ў пазычаных красоўках, бо не мог дазволіць сабе ўласную пару.

Ён стаў адным з новых кенійскіх спартсменаў, якія пачыналі кар'еру на дарогах, адарваўшыся ад ранейшай традыцыі, калі спартсмены пачыналі на бегавой дарожцы, а затым пераходзілі на больш доўгія дыстанцыі.

У мінулым годзе Кіптум распавёў, што яго незвычайны выбар быў абумоўлены проста недахопам сродкаў.

«У мяне не было грошай, каб ездзіць на бегавыя трэніроўкі», — патлумачыў ён.

Яго трэнер, 36-гадовы Хакізімана, быў у мінулым руандыйскім бягуном. Летась ён некалькі месяцаў дапамагаў Кіптуму ўсталяваць сусветны рэкорд.

Іх адносіны як трэнера і спартсмена пачаліся ў 2018 годзе, але ўпершыню яны сустрэліся, калі сусветны рэкардсмен быў нашмат маладзейшы.

«Я ведаў яго, калі ён быў маленькім хлопчыкам, які басанож пасвіў жывёлу» — успамінаў Хакізімана ў мінулым годзе. — Гэта было ў 2009 годзе, я трэніраваўся побач з фермай ягонага бацькі, ён наступаў мне на пяткі, а я яго адганяў. Цяпер я ўдзячны яму за яго дасягненні».

Каментары

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну61

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць