Грамадства33

Экс-палітвязень Дзіма Гопта: Заўжды баяўся ў калоніі, каб мяне не пачалі біць

24-гадовы Дзіма Гопта — адзін з самых вядомых палітвязняў. Хлопец мае асаблівасці развіцця, але нягледзячы на гэта, яго на два гады кінулі за краты. Дзіму абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 8 і 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Сам хлопец так да канца і не зразумеў, за што яго пасадзілі. Пра жыццё ў Жлобіне, затрыманне і калонію ён і яго мама Вольга расказалі «Новаму Часу».

Палітвязень адбываў тэрмін у ПК-3 «Віцьба». Выйшаў на волю 31 снежня 2022 года, адседзеўшы яго цалкам. Праз два тыдні разам з матуляй пакінуў Беларусь. 

Вольга і Зміцер Гопты цяпер жывуць у Літве. У гэтай краіне яны атрымалі палітычны прытулак і будуюць сваё жыццё нанова.

«Сумуем па Беларусі, але цешымся, што ў бяспецы»

Дзіма кажа, што ў Літве яму вельмі падабаецца. Ён вучыць літоўскую мову, кожны панядзелак наведвае заняткі па ёзе, любіць гуляць па Вільні, часта ходзіць у лес, займаецца спортам.

«Нядаўна вось гулялі з сябрам у футбол, дык я так захапіўся, што ўпаў і падрапаў калені», — з усмешкай распавядае хлопец.

У Літве былы палітвязень атрымаў групу інваліднасці. «А ў Беларусі мы гэтага так і не дамагліся», — кажа маці Дзімы Вольга Гопта.

«Працэдура па афармленні інваліднасці тут зусім іншая. Яна не вымагае шпіталізацыі ў псіхіятрычны стацыянар — Дзіма вельмі гэтага баяўся — усё па-чалавечы, усё зразумела, проста, плюс выдатнае стаўленне з боку медыкаў», — апавядае Вольга Гопта.

Маці хлопца дадае, што рашэнне пра ад’езд з Беларусі далося досыць цяжка:

«Калі Дзімка вызваліўся, я яшчэ нейкі час вагалася: думала, ай, ну, можа, неяк тут зможам жыць. Але даволі хутка я зразумела, што мы не зможам увесь час існаваць у такіх напружанні і няпэўнасці.

Я глядзела на Дзіму і разумела, што ён не адчувае сябе ў бяспецы. Параіліся і вырашылі з’язджаць. Мы дужа сумуем па Беларусі, але цешымся, што нарэшце ў бяспецы».

Дзіма кажа, што стараецца забыць перажытае за кратамі, але цяжкія ўспаміны ўсё роўна накочваюць час ад часу, вяртаюцца да хлопца знянацку альбо ў выглядзе начных кашмараў. 

«Тады ўвесь сон насмарку. Але гэта не кожную ноч здараецца», — распавядае хлопец. — Калі я згадваю пра турму днём, то я тады выходжу на вуліцу і гуляю, часам іду ў лес». 

Мама Вольга дадае, што ў сваіх успамінах Дзіма імкнецца знаходзіць штосьці пазітыўнае і радаснае: «Напрыклад, ён згадвае нейкія цікавыя размовы і сустрэчы з палітвязнямі. Дзімка ўвогуле вельмі пазітыўны, жыццярадасны. Здольнасць і прага бачыць і запамінаць добрае і ўратавалі яго за кратамі», — падсумоўвае спадарыня Вольга. 

«Калі мяне забіралі з суда, я плакаў»

«Вельмі добра памятаю дзень, калі мяне арыштавалі. Я касіў траву каля дома. Да мяне прыйшлі двое мужчын, я спачатку нічога не зразумеў. Мяне павезлі ў РУУС і там я ўжо асэнсаваў, што гэта нейкая падстава, — згадвае акалічнасці арышту Дзіма. — Я сядзеў там усю ноч і ў мяне пыталіся: што, як і чаму? Мне было вельмі страшна, бо я ведаў, што ў міліцыі моцна б’юць. Але мяне, дзякуй богу, не краналі, толькі задавалі шмат пытанняў». 

— Дзімка, даруй, што зноў вяртаю цябе ў цяжкія ўспаміны… Ведаю па сабе, як цяжка гэта ўсё ўзгадваць…

— Самае цяжкае — гэта ўспамінаць пра суд. І сам суд быў для мяне вельмі цяжкім. Калі мяне адтуль забіралі, я плакаў, я не ведаў, што мне рабіць, я думаў, што ўжо больш ніколі не вярнуся з-за кратаў і ўжо ніколі не ўбачу родных і блізкіх, — апавядае былы палітвязень.

Гэта быў шок. Цяпер, калі мы ў бяспецы, шмат якія пачуцці і ўспаміны прытупляюцца, перажытае ўспрымаецца не так балюча… Але на самім пачатку не магла паверыць, што Дзіму ўвогуле могуць пасадзіць, — дадае Вольга Гопта. — На судзе я старалася не плакаць, трымалася, каб яшчэ больш не напалохаць сына.

Дома, канешне, ужо дала волю пачуццям. Але прымушала сябе ўзяць сябе ў рукі, бо трэба ж было трымацца, падтрымліваць Дзіму, займацца апеляцыяй. На пачатку была яшчэ нейкая надзея, што прысуд будзе перагледжаны, што адбылася страшэнная памылка, што Дзіму выпусцяць з-за кратаў. Я была ўпэўненая, што сын не будзе сядзець увесь тэрмін, што ён абавязкова выйдзе раней. Але прыкладна праз год стала зразумела, што свой тэрмін Дзіма ўсё ж адседзець. Не дапамагло нават прашэнне аб памілаванні, якое мы падавалі. Нам адмовілі».

Вольга Гопта дзякуе ўсім за падтрымку і салідарнасць:

«Гэта дужа дапамагала трымацца, не здавацца, давала дадатковыя сілы, каб змагацца за Дзіму». 

«Папрасіў маму зрабіць блінчыкі з тварагом»

— Самым цяжкім было прабыць у калоніі, усё гэта вытрымаць. Калі я выйшаў з турмы, то вельмі цешыўся, што я на свабодзе, што мне больш нічога не пагражае, я тады плакаў вельмі моцна, — распавядае былы палітвязень. — Я папрасіў маму зрабіць блінчыкі з тварагом, еў іх і адчуваў сябе самым шчаслівым. 

Мне было так добра, калі я нарэшце лёг у свой ложак, так цёпла і ўтульна!

У турме мне вельмі не хапала ежы, увогуле ежа там была вельмі нясмачная. 

— А чаго табе больш за ўсё бракавала з ежы? Пра якія стравы ты марыў? Я, напрыклад, марыла аб тым, што калі выйду на волю, то адразу з’ем штук дваццаць глазураваных сыркоў.

— Ух ты, сыркі — гэта клас! Я таксама іх дужа люблю. У турме я хадзіў у атаварку, набываў каўбасу, прысмакі, садавіну, гародніну. Я вельмі люблю мяса і салодкае. Люблю макароны, бульбу. Які беларус яе не любіць. Люблю марозіва, цукеркі. А не хапала таго, што мама гатуе.

«Заўсёды баяўся, каб мяне не пачалі біць»

— У турме ў мяне быў вельмі блізкі сябра, палітычны, які заўсёды мне дапамагаў і заўсёды быў побач. Да яго можна было ў любы час звярнуцца. 

Я ўвогуле вельмі шмат палітычных за кратамі сустрэў. Напачатку ў калоніі нам дазвалялі размаўляць, а пасля гэтым дзядзькам у пагонах гэта пачало не падабацца. 

У калоніі мне было трошкі лягчэй, чым у СІЗА. 

Я не магу сказаць, што ў турме мяне занадта крыўдзілі. Хлопцы і ў СІЗА, і калоніі ставіліся да мяне добра. Ніхто не штурхаў, не крычаў. А супрацоўнікі — так, грубілі, лаяліся. І я заўсёды баяўся, каб мяне не пачалі біць 

На прагулку ў гомельскім СІЗА мяне выводзілі ў кайданках. Аднойчы жанчына ў пагонах надзела на мяне кайданкі і сказала, што я тэрарыст. 

Калі мяне этапавалі, то таксама надзелі кайданкі. Мне было вельмі страшна. Было страшна прасіцца ў туалет, бо гэтыя людзі былі з сабакамі, а за спінай ва ўсіх былі дубінкі. Я не ведаў, куды мяне вязуць, што са мной будзе і ўвогуле што прынясе наступны дзень.

— Дзіма, ведаю, што табе шмат пісалі, у тым ліку і мае сябры. Ці атрымліваў ты лісты ад незнаёмых людзей?

— Мне вельмі шмат лістоў прыходзіла, я заўсёды дужа радаваўся! Але так было не заўсёды. Пазней мне пачалі аддаваць зусім мала лістоў. 

— А ці была ў цябе магчымасць сустрэцца з мамай? Ці не забаранялі табе атрымліваць пасылкі?

— З мамай у мяне былі толькі кароткія спатканні. 

Доўгатэрміновыя мне не давалі. Пасылкі ўвесь час атрымліваў, мама сама ўсё прывозіла ў калонію. Усё такое смачнае і свежае! 

«Калі я прыязджала да Дзімы ў калонію, то заўсёды старалася і выглядаць добра, і трымацца. Разумела, што калі раскісну, і ён гэта заўважыць, яму маральна будзе вельмі цяжка, — дадае спадарыня Вольга. — І калі ён тэлефанаваў, я заўсёды трымалася бадзёра, увесь час казала, як мы яго любім і чакаем».

Пра веру, малітвы і планы

— Дзіма, а ці змушалі цябе ў калоніі працаваць?

— Так, я працаваў. На швейцы. Абразаў там ніткі. Калі б я адмовіўся, то мне б далі «суткі».

— А што ты рабіў у вольны час? Даруй за такое пытанне: у калоніі вольнага часу амаль што няма… Гэта рэдкія хвіліны…

— Хадзіў у бібліятэку, можна было і на стадыён схадзіць. Там турнікі і брусы былі. 

У калоніі была царква, я хадзіў і туды. Я веру ў Бога. 

— Вельмі асабістае пытанне, выбачай, і можаш на яго не адказваць… А пра што ты просіш Бога, калі молішся?

— Я прашу, каб з маімі бацькамі ўсё было добра, каб яны не хварэлі. 

— Як у цябе там было са здароўем? Ці хварэў ты? Ці прымаў цябе ўрач, калі ты адчуваў, што табе нядобра?

— Са здароўем у мяне там было не вельмі. Я згубіў шмат вагі. У мяне моцна балелі зубы. Напярэдадні вызвалення я лячыў іх у калоніі. І пасля вызвалення, у Літве: два зубы мне ўвогуле выдалілі, а шэсць залячылі.

Яшчэ памятаю, што я ўвесь час замярзаў там. Неяк папрасіў матулю перадаць мне цёплы швэдар, дык мне не дазволілі яго мець.

— А як ты цяпер сябе адчуваеш?

— Лепей за ўсіх. Толькі што руку вось зламаў нядаўна: паслізнуўся, калі бег за аўтобусам. Мне нават гіпс накладалі. Але цяпер усё добра. 

«Дык Дзіма нават не данасіў яго да канца. Прыходжу неяк з працы, а ён кажа: «Мама, толькі не сварыся, але я зняў гіпс, бо мне было горача», — з усмешкай дадае матуля былога палітвязня.

Дзіма Гопта з літоўскімі паліцэйскімі

Напрыканцы размовы Дзіма прызнаецца, што вельмі хоча наведаць і іншыя краіны, павандраваць.

— А куды паедзеш найперш?

— У Швейцарыю, — без ваганняў кажа Дзіма. — А яшчэ я хачу завесці сабаку. Пакуль што не ведаю, праўда, вялікага ці малога. Ну, і, канешне, трэба маму запытацца наконт гэтага, — усміхаецца суразмоўца.

Каментары3

  • Mafkees
    06.03.2024
    Хлопец мае асаблівасці развіцця...
    Прочитав интервью этого парня мне сразу вспомнился Форест Гамп. Так вот это у беларуского общества есть особенности развития. Я рад что парень теперь живёт среди добрых людей которые его не обидят.
  • Тэкля
    06.03.2024
    Маме Дзімы павага. Сапраўдная мама. Дзіму - няхай няшчасці яго абмінаюць!
  • Інар
    07.03.2024
    Нейкі цудоўны хлопец! Падумалася пра святых, пра тое, як яны былі іншымі, дзівакамі…
    Хай будзе добра яму і маці, усёй сям’і.

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта7

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?4

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі7

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА12

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена13

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса4

Тры новыя станцыі метро адкрыюць у Мінску да канца года

Аўстрыя лёгка замяніла расійскі газ энергіяй ветру

Прэмію Гедройця сёлета атрымаў Валянцін Акудовіч2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта7

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →