«Пакінулі толькі адну цыгарэту». Што цяпер адбываецца пры пераходзе беларуска-літоўскай мяжы
Пачынаючы ад 3 чэрвеня, Літва ўвяла забарону на ўвоз амаль любых прадуктаў харчавання і напояў з Беларусі. Як гэта выглядае на практыцы і што кажуць людзі, якія ездзілі ў Літву пасля ўвядзення новых правіл?
Ад «выкідайце ўсе» да праверкі скрозь пальцы
Людзі, якія днямі перасякалі мяжу з Літвой, дзеляцца, як адбываецца кантроль.
Адныя падарожнікі распавядаюць, што літоўскія мытнікі пры праверцы запатрабавалі выкінуць абсалютна ўсю ежу і напоі.
Жанчына, якая ўчора ехала з дзіцем праз пункт пропуску «Беняконі», сцвярджае, што ў яе выпадку літоўскі мытнік прымусіў выкінуць нават пакусаны яблык, які ела дзіця, бо, маўляў, гэта сельгаспрадукцыя.
«Мытнік папаўся вельмі строгі і прынцыповы, сказаў выкінуць усе прадукты, нават адкрыты пачак чыпсаў, яблыкі, у тым ліку пакусаны», — сцвярджае жанчына.
Тым, каму нешта не падабалася, прапанавалі разам з усімі прадуктамі вяртацца ў Беларусь.
Іншыя кажуць, што ім траплялі больш гуманныя супрацоўнікі.
Людзі, якія ўчора ехалі аўтобусам з Мінска ў Вільню, сцвярджаюць, што прайшлі літоўскі бок менш чым за гадзіну.
«Валізкі даглядалі, але павярхоўна, больш для выгляду, як мне падалося, былі прыязныя, пыталіся пра спіртное, цыгарэты, прадукты. У мяне практычна нічога не было апроч сухарыкаў і чыпсы для перакусу. Нічога з гэтага выкідаць не прасілі», — піша карыстальніца чата.
Пакідаюць толькі адну цыгарэту
Пасажырка аўтобуса, які ехаў з Мінска ў Вільню раніцай 5 чэрвеня, сітуацыю з праверкамі апісвае ў чаце наступным чынам:
«Валізкі пільна глядзяць, усю ежу забіраюць, алкаголь таксама, адкрыты пачак цыгарэт забралі, пакінулі 1 цыгарэту».
Іншыя падарожнікі, якія ехалі ўчора праз «Меднікі», таксама кажуць, што літоўская мытня загадала выкінуць усе прадукты і напоі. У тым ліку тыя, што былі набытыя ў Duty Free.
«Замежны алкаголь з Duty Free таксама загадалі выкінуць, хоць беларускага ў ім нічога не было», — кажа падарожнік, які ехаў праз «Меднікі».
З транзітам прасцей, але не ўсё так адназначна
Што тычыцца тых, хто едзе транзітам, то праверкі таксама выглядаюць па-рознаму. Адныя кажуць, што праязджалі без праблем, бо мелі польскія ДНЖ і гэтага дакументу было дастаткова, каб даказаць, што едзеш не ў Літву, а ў Польшчу.
Тым, хто сцвярджаў, што едзе транзітам, казалі запаўняць дэкларацыі.
Іншыя кажуць, што чулі на літоўскай мытні, што транзітам можна везці не больш за 2 кілаграмы прадуктаў. Галоўнае, каб упакоўка была адкрытая. Калі Літва — канчатковы пункт знаходжання, то наогул ніякіх прадуктаў увозіць нельга.
Можна меркаваць, што строгасць выканання абмежаванняў залежыць як ад змены ў цэлым, так і ад асобы мытніка ў прыватнасці.
У СМІ пішуць, што кіроўцам аўтобусаў і маршрутак дазваляюць мець з сабой адну адкрытую пачку цыгарэт і бутэльку вады.
А што з чэргамі?
Сярод іншых змен можна назваць адсутнасць велізарных чэргаў з Літвы ў Беларусь. Але гэта звязана не толькі з тым, што літоўцам цяпер няма сэнсу ездзіць да нас на закупы, бо ім таксама нельга нічога правозіць.
Не малую частку машын, якія стаялі ў чарзе з Літвы ў Беларусь, складалі аўтамабілі на транзітных нумарах, якія гналі з розных краін Еўропы ў Беларусь. Але з 4 чэрвеня выпускаюць толькі машыны, старэйшыя за 5 гадоў.
Так, напрыклад, учора днём можна было праехаць абедзве мяжы ў бок Беларусі праз «Меднікі» ўсяго за дзве гадзіны. Карыстальнік чата назваў гэта «цудам».
Па стане на 15:30 5 чэрвеня чэргаў на выезд з Літвы ў Беларусь сярод легкавікоў няма, што даволі нетыпова пасля таго, як на мяжы засталіся дзейнымі толькі два з шасці пунктаў пропуску.
Чаго не скажаш пра велікагрузы. У «Медніках» чакаюць уезду ў Беларусь 720 фур, а ў «Салечніках» — 664 фуры.
Каментары