Спорт44

Аляксандра Герасіменя: На Алімпіядзе ў Парыжы падняла б бел-чырвона-белы сцяг — вялікая гутарка

Уладальніца трох алімпійскіх медалёў у плаванні, завочна асуджаная рэжымам Лукашэнкі на 12 гадоў калоніі, распавяла ў шчырай размове з «Белсатам», як лепей рабіць разварот, каб не пайсці на дно, і чаму ўдзел «нейтральных» беларусаў у Алімпіядзе ў Парыжы — гэта несправядлівасць…

Алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя пазіруе фатографу. Варшава, Польшча. 21 чэрвеня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Аляксандра Герасіменя пераходзіць вуліцу на Варшаўскай Празе і сонечна нам усміхаецца. Зялёная сукенка («Нечакана зялёная», — кажа мая каляжанка-фатографка), капялюш, цёмныя акуляры. Сонца бязлітаснае. У Варшаве каля плюс трыццаці. Шукаем ценю, кавы (Flat white з цынамонам без цукру — для Аляксандры) і адразу пераходзім на ты. Ужо праз пяць хвілінаў адчуваеш блізкасць суразмоўцы — як сто гадоў знаёмыя…

«Белсат»: — Саша, скажы, пазнаюць цябе на вуліцах Варшавы?

— Бывае, так. Але нячаста. Асабліва першы час было, як мы толькі прыехалі ў Польшчу. Гуляеш дзе-небудзь у Лазенках, а да цябе падыходзяць людзі, проста так, каб павітацца, бо пазналі. Не, не палякі. Беларусы. У палякаў такая праблема, што яны і сваіх слаба ведаюць.

— Апроч хіба Левандоўскага ды Свёнтак. Мы злавілі цябе пасля трэніроўкі?

— Ой не. Я з курсаў польскай мовы іду. Хаджу на заняткі для ўцекачоў — украінцаў, беларусаў. Яны насамрэч, можа, і няшмат даюць, але я навучылася ўжо чытаць і трошкі гаварыць. І пакуль гэта такі вось варыянт, які мне пасуе, бо сядзець удома і рабіць хатнія заданні проста не маю часу.

«Калі ты не памыляешся — ты не чалавек»

— Увесь час — на працу?

— Так, я ў асноўным працую ўвечары. Калі людзі сваю працу заканчваюць, пачынаецца мая. Але бывае і зранку. Заняткі для дзяцей і дарослых — асобна. Ну, і спрабую нешта для сябе таксама рабіць. Развівацца. Бо, ведаеш, нават калі ты маеш нейкі навык, усё роўна не трэба спыняцца — трэба прафесійна расці. Я, напрыклад, пазнаёмілася тут з палякамі, трэнерамі, маімі калегамі, і я назіраю, як яны працуюць. Некаторыя іх метады падабаюцца, і я бяру іх на ўзбраенне. Разумею, што не магу быць адразу найлепшай. Але калі хачу быць найлепшай — трэба вучыцца.

Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

— А што ў палякаў запазычыла?

— Такія больш тэхнічныя моманты. Напрыклад, бачу, што яны больш эфектыўна выпраўляюць памылку, над якой я таксама бʼюся. Прыкладам, мае вучні няправільна разварочваюць галаву, калі кролем плывуць, спрабуюць падбароддзе ўгору цягнуць адразу. А трэба толькі варушыць сваё цела і шыю. Усё. Гэта па-першае. А па-другое, зашмат разварочваюць — і тады правальваюцца пад ваду і тонуць. Не маюць магчымасці зрабіць нармальны ўдых і зноў цягнуць галаву на паверхню. Памылак шмат насамрэч…

— А ты ці шмат памылак у жыцці нарабіла?

— Канечне! А хто іх не рабіў? Галоўнае прааналізаваць і зрабіць высновы. О, добра, наступным разам я так рабіць не буду. Вельмі важны досвед. І я ўжо разумею, што гэтыя памылкі дапамаглі мне стаць лепшай.

Таму памылкі — гэта добра, калі робіш высновы і нешта змяняеш у сваім жыцці. Яны дапамагаюць расці. Так скажу: калі ты не памыляешся — ты не чалавек.

«Я сонца!»

— Маеш рацыю наконт памылак. Раскажы троху пра сваіх вучняў.

— Да мяне прыходзяць і дзеці, і дарослыя. З пяці гадоў і старэйшыя за 60. Плаванне ні для каго не забароненае. Я вельмі хацела працаваць з групамі. Але як прыехала, правароніла арэнду дарожкі. А басейн тады толькі адчыняўся, і хуценька ўсё разабралі. Таму зараз працую індывідуальна.

Але на самым пачатку быў у мяне такі праект групавы, для ўкраінскіх і беларускіх уцекачоў — вучыла іх плаваць. І я табе скажу, мне вельмі падабалася. Узяла тры групы, і ў мяне ўся дзіцячая група паплыла. Бальзам на душу! 25 чалавек, якім гэты навык, можа, у жыцці вельмі спатрэбіцца, а можа, нават уратуе жыццё. Іншая справа, што грошай я тады назбірала толькі на тры месяцы. Больш не хапіла, праект быў закрыты.

— А колькі каштуе патрэнавацца ў Герасімені індывідуальна?

— Ну, мае заняткі нятанныя. Але кошт — сярэдні па Варшаве. Адзін занятак, 45 хвілін, — 230 злотых. Калі абанемент на 10 заняткаў — то 2000 злотых (460 еўра). Для зусім маленькіх дзетак раблю паўгадзінныя заняткі, бо 45 хвілін для іх задужа — могуць замерзнуць.

— Ну мы сёння дакладна не замерзнем. Так пячэ! Ты ўвогуле сонца ці цень?

— Я сонца. Ці гарачае? Залежыць, для каго свеціш (смяецца). Бо калі ты адчуваеш зваротную цеплыню, то і аддаеш больш. А калі адчуваеш, што ідзе холад, то проста трошкі падаграваеш, але каб не растаў зусім.

«Другі дзень прачынаюся а палове шостай»

— Адчуваю тваю цеплыню. Добра, што — сонца. Бо сёння дзень сонцавароту. Купалле. А мы ўсе праспалі самую кароткую ноч.

— Вось яно што! А я думаю, чаго мне не хапіла! Ужо два дні прачынаюся а палове шостай і не разумею, што такое, бо хачу ж спаць, але — абуджаюся.

— Што сніла сёння?

— Я не запамінаю сны.

— Кажуць, Купалле — гэта сутыкненне агню і вады. Ты — агонь?

— Не-е. Я зямля.

— Алімпійская віцэ-чэмпіёнка ў плаванні прызнаецца нам, што яна зямля? Не можа быць…

— Можа. Я зямля, я так адчуваю, мне трэба цвёрда стаяць на нагах, я практычная, і мне трэба ўсё кантраляваць. Не вельмі люблю так — хоп, і нешта змянілася. Хоць у маім жыцці апошнія тры гады гэта акурат так і адбываецца.

А ваду я проста люблю. Яна мяне сілкуе, яна дае эмоцыі і добры настрой. Агонь жа хіба для таго патрэбны, каб трошкі падсушыць, калі ўжо вады замнога. Такое ўзаемадзеянне.

— Я думаю, што ты трошкі ведзьма…

— Ну мяне так абзывалі, бо я рыжая (смяецца), і яшчэ гэтыя вяснушкі вылазяць, калі на сонейку доўга бываю. Муж мяне так называў, калі чагосьці не мог знайсці. А я такая: ну вось жа, ну вось жа яно. Ну, кажа, ты і ведзьма! Але гэта не таму, што мне прадметы падпарадкоўваюцца, а таму, што люблю парадак. Кажу ж: я зямля, і не люблю, каб штосьці рушылася хаатычна.

«Ці вучу сваю дачку плаваць? Не!»

— Не агонь, не ведзьма, тады ў чым таямніца тваіх перамог? Бо як гэта — быць зямлёй і браць медалі на вадзе на дзвюх Алімпіядах запар?

— Скажу так: каб выйграць, трэба вера на 100%. У перамогу. Ты прыязджаеш і кажаш: я — 100 адсоткаў! — выйграю. Ніякіх сумненняў ці пачуццяў няпэўнасці! Стала і выйграла. А калі нейкі чарвяк вылазіць і ты вагаешся — шанцы змяншаюцца. Таму, што б я ні рабіла, калі ў мяне ёсць такая вера — я перамагаю. Можа, не зараз, можа, праз тыдзень, ці месяц, ці год — але яно адбываецца.

Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

— Вучыш гэтаму сваю дачку?

— Канечне! Сафіі зараз 5 гадкоў. Ці нагадвае мяне? Нагадвае. Так шмат у яе энергіі! І часам бывае цяжка. Яна ў верасні нарадзілася, Дзева, таксама практычная, але зараз — вецер у галаве. Пры гэтым — вельмі разумная. Любіць, калі да яе як да дарослай ставяцца. І мы тады размаўляем з ёй пра цалкам сурʼёзныя рэчы — пра космас, пра сонца, шмат пра што. Але так, бывае і цяжка.

І я кажу: кожнае дзіця, якое праходзіць у гэты свет, чамусьці вучыць сваіх бацькоў. І я разумею, што ў мяне такая дачка не проста так. І разумею, што гэта такая адплата (смяецца) за мяне маім бацькам, калі яны ўжо на сценку лезлі ад мяне — ідзі трэнуйся, толькі ў хаце не сядзі. І яшчэ важнае разуменне таго, што дзіцё не твой прыдатак. Гэта іншы чалавек, іншая асоба, і трэба яго так і ўспрымаць, і прыслухоўвацца да яго, і вучыцца ў яго.

— Забіраеш Сафійку з сабой у Сопат, дзе з 29 ліпеня ладзіш чарговы спартова-аздараўляльны лагер для дзетак? Ці можна яшчэ туды запісацца?

— Так, запісацца яшчэ можна. Маем вельмі добрыя стасункі з дырэктарам басейну, дзе будзем працаваць. Не першы раз туды едзем, і ён нас вельмі любіць. Гэта будзе такі дзённы спартовы лагер. Па дзве трэніроўкі на вадзе. Плюс прыедуць Сцяпан Папоў і Іван Ганін і будуць ладзіць заняткі больш сілавыя, на АФП. Але будуць і гульнявыя заняткі. І нават пад ветразямі дзеткі ганяць будуць. Бо мора зусім недалёка. Ой, вельмі добрая ў нас там праграма. Запрашаю!

А наконт дачкі — зразумела, яна паедзе са мной. Але калі ты мяне спытаеш, ці вучу я сваю дачку плаваць, то — не!

— Не?..

— Ну не, бо яна мяне не будзе слухаць. Я яе з першага месяца жыцця вучыла трымацца на вадзе, ныраць, пускаць бурбалкі. Карацей, з самага пачатку дала ёй усё, што трэба, каб яна не баялася вады і любіла яе. Яна яе і любіць.

Але далей — у садочку ёсць басейн, і няхай там яе і вучаць. Мама тут не трэнер.

«Я ўжо наплавалася!»

— Слухай, Саша, вось ты зараз вучыш простых людзей плаваць, а не было думкі пачаць трэнаваць прафесійных спартоўцаў, выхаваць алімпійскага чэмпіёна, напрыклад?..

— Не ведаю, хацела б я гэтым займацца ці не. Бо гэта ж на ўсё жыццё. Бо калі ты бярэш спартоўца, то бярэш адказнасць за гэтага чалавека і не можаш ужо звярнуць з гэтага шляху. Спартоўцы шмат чаго сабе не дазваляюць. Адкідваюць у жыцці тое і тое. Так сама і трэнер. Можа, трошкі ў вальнейшым рэжыме, але жыве таксама, як спартовец. А я не ведаю, дзе я і што буду рабіць, напрыклад, праз пяць гадоў. Можа, я зусім у іншую сферу пайду.

Пакуль што я прыйшла і пачала рабіць на новым месцы тое, што я ўмею рабіць і што я люблю. Да гэтага мае хобі было маёй працай і зараз маё хобі — гэта мая праца. Гэта крута, і я шчаслівы чалавек. Але не ведаю, што будзе ў будучыні…

— А ў будучыні, ужо праз месяц, стартуе Алімпіяда ў Парыжы. Другая ўжо Алімпіяда без цябе. Нічога там не ёкае ўсярэдзіне, мінулае не навальваецца?

— Не, не і не! Абсалютна не. Я ўжо наплавалася! Я ўжо зрабіла ўсё, што хацела. Усё ўжо ўляглося. І ў мяне цяпер іншыя задачы і іншыя думкі. Я нават Алімпіяду ў Токіа ўжо не глядзела. За некаторымі толькі знаёмымі сачыла, і ўсё. Вось яно так — спакойна.

— Але твае нацыянальныя рэкорды, пастаўленыя на Алімпійскіх гульнях у Лондане і Рыа-дэ-Жанэйра, яшчэ не пабітыя, па-мойму…

— І за гэтым не сачу, калі шчыра. Можа, нейкія і пабілі ўжо. Там Наста Шкурдай вырасла ўжо. Але ж яна больш «дэльфінам» плавае і на спіне. Таму не ведаю. Некаторыя спартовыя навіны з Беларусі праглядаю, але прызнаюся — нецікава. У такім становішчы, як зараз, — нецікава.

Некаторыя беларускія спартоўцы, якія паспелі выйсці на пэўны ўзровень, яшчэ трымаюцца. Але калі ўсім закрыюць шлях да спаборніцтваў, то вынікі іх будуць падаць. Калі ў цябе няма добрых супернікаў побач, то з кім ты будзеш змагацца? Гэта цяжка і нецікава.

«Дзе роўнасць, якая дэкларуецца Алімпійскай хартыяй?»

— Але спартоўцаў з Беларусі дапусцілі на Алімпіяду. Як ставішся да такога рашэння?

— У нейтральным статусе. Слізкае пытанне. Бо як яны будуць пацвярджаць сваю нейтральнасць? Бо ўжо пісалі пра некалькіх спартоўцаў, якія заўзята падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. І што цяпер? Я разумею спартоўцаў, якія не падтрымлівалі рэжым і проста ціхенька там сядзелі. Я ж сама была спартоўкай. І добра разумею, што ім трэба выступаць і паказваць вынікі. Я разумею, але лічу, што гэта несумленна, нячэсна.

Паглядзіце, колькі ў нас спартоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму і вымушаныя былі зʼехаць з Беларусі. Аднак ніводнаму з іх Міжнародны Алімпійскі камітэт не дапамог. Так, наклалі санкцыі на беларускі камітэт, яшчэ нешта. Але ніводнаму з гэтых спартоўцаў нічым не дапамаглі. Ні нейкай там стыпендыяй, ні нават допускам на спаборніцтвы. Бо некаторыя не маглі нават выехаць, каб адабрацца на Алімпійскія гульні. Ну, смешна!

А гэтыя нейтральныя, якія ціхенька сядзяць у Беларусі, — яны паедуць. І дзе праўда? Дзе роўнасць, якая дэкларуецца Алімпійскай хартыяй? Зараз увогуле, у гэтай вайне, пра якую роўнасць можам гаварыць? Людзям нават няма дзе трэнавацца.

«А раптам я выйду і які-небудзь не той сцяг падыму?»

Крысціна Ціманоўская, Марыя Жодзік, Вольга Сафронова будуць выступаць на Алімпіядзе пад сцягам Польшчы. Што скажаш на гэта?

— Ну а як інакш? То бок тут трэба было рабіць такі выбар: ты выступаеш за іншую краіну або заканчваеш сваю карʼеру. Іншага шляху для іх не было. Не было. Бо што? Бо тады так, як Святлана Кудзеліч, якая ўжо тры гады спрабуе трэнавацца і адначасова зарабляць на ежу. Гэта ненармальна для спартоўца. Немагчыма проста, бо ты ўсё страчваеш. Яна была найлепшая ў Беларусі марафонка. Мяркую, што і зараз найлепшая. Але яе нават на спаборніцтвы не дапускалі. Не! Бо яна беларуска.

А зараз на Алімпійскія гульні дапускаюць іншых беларусаў, бо яны — нейтральныя. Я злуюся… Бо мы спрабавалі развязаць гэта, пісалі нейкія лісты. Але арганізатары так вырашылі, і ўсё. І што хочаш, то і рабі. Ну няма ў гэтым справядлівасці. Аб чым можа быць гаворка?.. Я б тут сказала пра МАК, але лепей не буду…

— Як прызёрка дзвюх мінулых Алімпіядаў, ты, можа, заангажаваная нейкім чынам у арганізацыю цяперашніх Гульняў? Не запрасілі цябе ў Парыж?

— Не-е. Ім нічога не цікава. Яны не хочуць мець ніякіх праблемаў. А раптам я выйду і які-небудзь не той сцяг падыму?.. Цссс! Мы нічога не чуем і не бачым. Так яны працуюць.

— А каб выйшла — падняла б?

— Канечне! А чаму не? Але сэнс жа не ў тым, каб улезці і паказаць нашыя бел-чырвона-белыя колеры. Сэнс у тым, каб быць там, каб людзі зразумелі каштоўнасці нашага выбару. Каб пабачылі, што яны ёсць.

Не ў колеры справа. Я вось люблю зялёнае. Дык што мне яго цяпер не насіць, таму што лукашэнкаўскі сцяг чырвона-зялёны? Справа ў тым, што пад гэтым сцягам стаіць. У эмоцыях, пачуццях людзей. Вось, толькі ў гэтым.

Шалёная мара

— Вернемся да Купалля. Ты рака, возера ці мора? А можа, — басейн?

— Не, басейн мне не падабаецца. Я не ведаю. Часам я мора. Часам — возера. Калі спакойнае. Рака, якая ўпадае ў мора?.. Можа быць. Вусце, цікава. Я розная. Нешта робіш, робіш, робіш… І потым патрабуеш час для спакою і адпачынку, бо калі не адчуваеш свайго цела, наступае тое, што цябе спыніць. Хвароба ці штосьці яшчэ паложыць цябе ў ложак, каб ты троху адпачыла. Яно так працуе. Трэба гэта адчуваць.

— Калі пра цела, любіш купацца аголенай?

— Ой, я ўвогуле купалася вельмі даўно. Не тое што аголенай (смяецца), а наагул. Раней практыкавала такое, калі маладзейшай была. А цяпер — ну не.

Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Ды я нават гэтыя пляжы — не вельмі так… Не, пляжы я люблю, але калі там ёсць парасоны і ёсць кава. Я не ведаю, як для іншых, а для мяне кава не проста кава. Гэта зараз я ўзяла з патрэбы, бо спаць хачу, цэлы тыдзень чакаю выходных, каб паспаць. А ўвогуле кава для мяне цэлы рытуал. Пасядзець, выпіць, зʼесці чагось салодкага. Гэта дае імпульс, каб рабіць нешта далей.

— Апошняе. Як алімпійская прызёрка і трэнер у плаванні, парай што-небудзь беларусам, якія праз цяжар праблем у эміграцыі ідуць на дно. Як трымацца на плыву, калі ўжо няма паветра ў лёгкіх?..

— Скажу так. Па-першае, трэба разумець: што б ні адбывалася ў тваім жыцці — гэта не проста так. Калі праходзіш праз цяжкія моманты жыцця, робішся больш моцным. Нешта трэба адпрацаваць у сваім жыцці, каб ісці далей. Калі не адпрацоўваеш — яно заўсёды вяртаецца.

Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

— Гэта як з разваротамі ў кролі?

— Дакладна так. Калі не адпрацуеш іх — будзеш заўсёды прайграваць. Не так выйшаў, не пад тым вуглом, не так хутка яго зрабіў — заўсёды будзеш на іх спыняцца. Так і ў жыцці. Нам патрэбна прайсці праз гэта, каб стаць лепшымі.

І па-другое — проста верыць у сябе! Тое, пра што я казала раней. І яшчэ вельмі важна, калі побач з табой людзі, якія вераць у цябе нават больш чым ты сам. Тады 100% усё атрымаецца. Нават калі ў цябе такая шалёная мара, пра якую можна падумаць: ой, гэта ніколі не здзейсніцца. Але, калі будзеш у яе верыць, яна абавязкова здзейсніцца. Усё прыйдзе ў свой час. Тут галоўнае не ставіць гэты час перад сабой. Я, напрыклад, перастала ўжо гэта рабіць: казаць сабе, што мы вернемся дадому ў наступным годзе, ці праз два гады і г.д. Вернемся! Калі адпрацуем тут свае гэтыя моманты, калі вырасцем прафесійна і будзем больш карыснымі, чым зараз…

— Вернемся — гэта твая шалёная мара?

— Не, гэта не мара. Я ведаю, што вернемся. Упэўненая. А шалёная мара… У мяне ёсць адна, але я трымаю яе пры сабе, во такая яна. Я табе потым раскажу…

Каментары4

  • Вася
    28.06.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Не политика
    28.06.2024
    Но ни одному из этих спортсменов ничем не помогли. Ни какой-то там стипендией, ни даже допуском на соревнования.

    Эти слова в очередной раз доказывают что Беларусь интересна ЕС только как кусок земли, люди живущие в Беларуси им не интересны.
  • Таму што
    29.06.2024
    [Рэд. выдалена]

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне24

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб10

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →