Выдавецтва «Янушкевіч» выдала «Ззянне» Стывена Кінга — першы афіцыйны пераклад знакамітага аўтара на беларускую мову. Я з тых людзей, хто не мае ўнутранай патрэбы казытаць сабе нервы. Я не гляджу фільмаў жахаў і не чытала раней такой літаратуры, бо проста не люблю і не хачу баяцца, піша Зося Лугавая. Як яна ўспрыняла новую кнігу?
У маладосці я ставілася да гэтага аўтара грэбліва. Пазней я даведалася, што Кінг — не такі ўжо і просты, але яму дужа не пашанцавала з перакладамі на расейскую мову. Знаўцы казалі, што Кінг піша калі не дасканала, то вельмі якасна, але каб ацаніць, трэба чытаць яго ў арыгінале. Я гэта запомніла, аднак патрэбы чытаць «караля жахаў» усё адно не адчувала.
Таму тое, што я прачытала «Ззянне», — цалкам заслуга перакладчыцы Насты Карнацкай і выдавецтва «Янушкевіч». Але не магу сказаць, што радая гэтаму досведу і што адкрыла для сябе новага пісьменніка, якога буду чытаць. Не, я амаль упэўненая, што гэта першая і апошняя кніга Кінга ў маім чытацкім жыцці. Спадар аўтар прымусіў мяне некалькі дзён адчуваць сябе так, як я б не хацела сябе адчуваць. Але давайце пра ўсё па парадку.
У цэнтры аповеда маладая сям’я: універсітэцкі выкладчык і перспектыўны малады пісьменнік Джэк Торэнс, ягоная жонка Уэндзі і 5-гадовы сын Дэні. Выглядае ўсё някепска, але ёсць нюанс: Джэк — алкаголік, які не так даўно кінуў піць.
Праз п’янства ён страціў працу і цяпер, каб неяк выплыць, згадзіўся на прапанову ад багатага сябра: папрацаваць наглядчыкам гатэля ў Скалістых гарах. Гатэль знаходзіцца на такой вышыні, што ўзімку да яго немагчыма дабрацца, і з кастрычніка па май ён не прымае гасцей. Аднак каб будынак не псаваўся цягам зімы, патрэбны хтосьці, хто будзе падтрымліваць працу ацяпляльных катлоў і сачыць за агульным станам гатэля. Джэк згаджаецца, спадзеючыся дапісаць п’есу, а можа і пачаць вялікую кнігу. Да таго ж гэта магчымасць перачакаць, зарабіўшы грошы на сям’ю, і пасля паспрабаваць вярнуцца да выкладання.
«Я не верыў, што я алкаголік», — падумаў Джэк… Толькі не я, я магу спыніцца ў любы момант. Ночы, якія ён і Уэндзі праводзілі ў розных ложках. «Слухай, я ў парадку». Памятыя крылы машыны. «Ды можна мне сесці за стырно». Яе слёзы ў ванным пакоі. Насцярожаныя погляды калег на любой вечарынцы, дзе падавалі алкаголь… Павольна прыходзіла ўсведамленне: яго абмяркоўваюць…»
Аднак «Аверлук» — не проста гатэль у гарах. Гэта гатэль, дзе ўзімку ты адрэзаны ад усяго свету і не маеш магчымасці проста спусціцца ў бліжэйшыя мястэчкі на машыне. Больш за тое, гэта гатэль, які мае багатую і змрочную гісторыю. Ён жыве нейкім паралельным жыццём. Джэк са сваёй расхістатанай псіхікай алкаголіка трапляе пад уплыў загадкавага месца, што становіцца небяспечным і для яго, і для яго сям’і.
«Джэк не лічыў сябе сукіным сынам. Ён не лічыў сябе злым. Ён заўсёды лічыў сябе Джэкам Торэнсам, вельмі добрым хлопцам, якому проста трэба навучыцца кіраваць сваім характарам, каб не было бяды. Гэтак жа яму трэба было навучыцца даваць рады свайму п’янству. Але ён быў як эмацыйным алкаголікам, так і фізічным — без сумневу, яны абодва былі звязаныя дзесьці глыбока ўсярэдзіне яго, куды лепш не зазіраць».
Маленькі сын Джэка — надзвычай развіты для свайго ўзросту хлопчык. І нават больш: ён можа адчуваць эмоцыі і ўгадваць думкі сваіх бацькоў і нават іншых людзей. Часам ён бачыць, што было і што будзе, не заўсёды адрозніваючы першае ад другога. Гэтыя здольнасці адзін з герояў кнігі назаве «ззяннем». Адоранасць Дэні моцна паўплывае на ўсё, што адбудзецца з сям’ёй пад час іх жыцця ў «Аверлуку».
«— Малы, ты ззяеш. Ярчэй за усіх, каго я сустракаў у сваім жыцці. А мне ў гэтым студзені споўніцца шэсцьдзясят гадоў.
— Га?
— У цябе ёсць здольнасці… Я заўсёды называў іх ззяннем. Мая бабуля таксама так называла. У яе яно было. У дзяцінстве, калі быў як ты, мы сядзелі на кухні і доўга размаўлялі, размаўлялі ні слова не гаворачы».
Кінг падыходзіць да сваёй гісторыі і сваіх герояў надзвычай грунтоўна. У пэўны момант я злавіла сябе на думцы, што кніга можа быць даведнікам па амерыканскім жыцці ў 70-я гады. Што б ні трапіла ў поле зроку аўтара, ён усё падрабязна апісвае: кватэру Джэка і Уэндзі, двор, у якім бавіць час малы Дэні, цацкі і гульні хлопчыка-дашкольніка, сціплую ежу, старэнькі «Фальксваген-жук», алкаголь, які Джэк п’е з сябрам. Кінг у дэталях расказвае нават тое, як зрабіць міжгародні званок з тэлефоннай будкі.Тое ж тычыцца дзеянняў і нават думак ледзь не кожнага з больш-менш значных герояў!
Часам у мяне было жаданне абвінаваціць Кінга ў графаманіі — настолькі ён шматслоўны. І калі б яму не ўдавалася так добра апісваць рэчаіснасць, якую ён стварае, і рабіць сваіх герояў такімі жывымі, то я б дакладна так і зрабіла. Але я адчувала, што
піша Кінг шмат, бо яму падабаецца гэты свет і ён хоча зрабіць яго максімальна рэалістычным. Пры гэтым кнігу можна было б скараціць як мінімум на траціну і, я перакананая, яна не стала б горшай. Але Кінг занадта любіць сваіх герояў, каб штосьці скарачаць.
У пэўны момант ён падрабязна расказвае пра п’есу, якую піша Джэк Торэнс, пра стаўленне пісьменніка да герояў. І гэта, як мне падаецца, адпавядае стаўленню самога Кінга да сваіх персанажаў:
«Звычайна яму падабаліся ўсе яго персанажы — і добрыя, і кепскія. Ён быў рады ім. Гэта дазваляла яму паспрабаваць убачыць усе іх бакі і лепш зразумець іх матывацыю. Яго ўлюбёным апавяданнем… быў твор пад назвай «Малпа тут, Пол ДэЛонг». У ім распавядалася пра педафіла, які збіраўся скончыць жыццё самагубствам у сябе ў здымным пакоі. Гвалтаўніка звалі Пол ДэЛонг, для сяброў — Малпа. Малпа вельмі падабаўся Джэку. Ён спачуваў дзіўным патрэбам Малпы, ведаючы, што Пол не адзіны, хто вінаваты ў трох забойствах са згвалтаваннем у сваім мінулым».
Сам Кінг расказваў, што ў падмурку гісторыі — яго ўласны досвед. Аднойчы яны з жонкай трапілі ў гатэль у Каларада пры канцы сезона і аказаліся адзінымі пастаяльцамі. Павячэраўшы ў пустой рэстарацыі, Кінг самотна блукаў у калідорах гатэля, а потым зазірнуў у бязлюдны бар. Усё гэта так моцна ўразіла пісьменніка, што ўначы яму прысніўся жахлівы сон пра трохгадовага сына, які бег па гатэльных калідорах. У кнізе важнае месца займае тэма хатняга гвалту з боку мужчыны: як у дачыненні да жанчыны, так і да дзяцей. Кінг казаў, што ў той перыяд ён быў бацькам двух малых дзяцей, якія часам выклікалі ў яго не самыя прыемныя эмоцыі і рэакцыі. Кніга стала прасторай, куды ён скіраваў сваю агрэсію.
Адносіны паміж Джэкам і Уэндзі напраўду вельмі рэалістычныя і складаныя. І, напэўна, ужо з аднаго гэтага магла б выйсці вартая ўвагі сямейная драма, але аўтару гэтага мала. Ён дадае містычны складнік, і ў гатэлі пачынаюць адбывацца жахлівыя і невытлумачальныя падзеі.
«Я не ведаю чаму, але, па-мойму, усё дрэннае, што калі-небудзь адбывалася ў гэтым месцы, дагэтуль ляжыць тут, як абрэзкі пазногцяў або казяўкі, якія нейкі паскуда толькі што выцер аб крэсла. Не ведаю, чаму яно адбываецца толькі тут, я думаю, дрэннае здараецца амаль у кожным гатэлі ў свеце, а я рабіў у многіх з іх і нідзе не меў праблем. Толькі тут».
Я з тых людзей, хто не мае ўнутранай патрэбы казытаць сабе нервы. Я не гляджу фільмаў жахаў і не чытаю такой літаратуры, бо проста не люблю і не хачу баяцца. Люблю рэалістычныя драмы і з прыемнасцю чытаю фэнтэзі (не часта і не шмат, але заглыбляцца ў альтэрнатыўныя сусветы бывае вельмі нават хораша). Але вось гэтае спалучэнне жыццёвай драмы і містыкі мяне ўводзіць у нейкі вельмі непрыемны стан, псуецца сон, настрой і апетыт. Калі б гэтая кніга была памерам у 350-400 старонак замест амаль 600, магчыма, яна б не паспела прывесці мяне да такога самаадчування, іншыя складнікі ў кнізе перамаглі б і агульнае ўражанне было б іншым. Але Кінг не проста акунае ў жахлівую прастору сваіх фантазій, ён моцна хапае за ногі і цягне на самае дно. Усплываеш ты толькі тады, калі паветра амаль скончылася.
На жаль ці на шчасце, такі адрэналін — не для мяне.
Што сказаць у якасці высновы? Калі вы любіце кнігі Стывена Кінга (асабліва, калі чыталі іх толькі ў расейскамоўных перакладах), то абавязкова чытайце «Ззянне» па-беларуску! Бо пераклад, які зрабіла Наста Карнацкая, а адрэдагаваў Сяргей Шупа, — грунтоўная і якасная праца. Калі вы ведаеце тых, хто любіць Стывена Кінга, то абавязкова падарыце ім «Ззянне» ці прынамсі расскажыце, што цяпер можна прачытаць любімага пісьменніка і па-беларуску.
Я ж, бадай, скончу на гэтым знаёмства з паважаным аўтарам і надалей буду трымацца ад яго на дыстанцыі. Магчыма, зрабіўшы выключэнне для яго кнігі «On Writing: A Memoir of the Craft», што складаецца з дзвюх частак — аўтабіяграфіі і парадаў тым, хто хоча пісаць кнігі. Кажуць, што і тое, і тое — цікава.
У якасці эпілога — яшчэ адна цытата, з самага апошняга дыялога ў кнізе. У ёй Кінг дае ўніверсальную параду нам усім:
«Свет жорсткі, Дэні. Яму ўсё адно. Ён не ненавідзіць нас з табой, але таксама і не любіць. У свеце адбываюцца жудасныя рэчы, якія ніхто не можа растлумачыць. Добрыя людзі паміраюць страшна і пакутліва, пакідаючы тых, хто іх любіць, у поўнай адзіноце. Часам здаецца, што толькі дрэнныя людзі заўсёды здаровыя і паспяховыя. Гэты свет не любіць цябе, але цябе любіць мама, і я таксама… Гэта твая праца ў такім жорсткім свеце — захоўваць любоў і сачыць за тым, каб жыць далей, нягледзячы ні на што. Збярыся з сіламі і проста ідзі наперад».
Стывен Кінг, «Ззянне». Выдавецтва «Янушкевіч», 2024. Пераклала з англійскай мовы — Наста Карнацкая
Каментары