Беларус, які закідаў кактэйлямі Молатава каралеўскі палац у Осла, нібыта пераблытаў яго з парламентам
«Ён патлумачыў, што гэта быў адчайны заклік пра дапамогу і звяртанне ўвагі да сябе ў сувязі з тым, што ён лічыць парушэннем правоў чалавека ў дачыненні да яго як інваліда», — расказала VG абаронца беларуса Мар'яна Лозіч.
Лозіч кажа, што мужчына прызнае сябе вінаватым у зробленым і панясе наступствы за свае дзеянні. Але ён не меў намеру нікому прычыніць шкоду, кажа яна.
Мужчына, як кажуць, быў здзіўлены, калі сёння раніцай пачуў, на што ён насамрэч напаў.
«Ён думаў, што кідае бомбы ў стортынг, і быў здзіўлены, калі сёння яму паведамілі, што гэта быў казалеўскі палац», — кажа Лозіч.
Ці была акцыя спланаванай, яна каментаваць не стала.
Беларускі грамадзянін 50-гадовага ўзросту быў дэпартаваны з Нарвегіі і цяпер знаходзіцца ў вышуку ў Нідэрландах. У Нарвегіі ён знаходзіўся каля тыдня, кажа адвакатка, не ўдакладняючы, па якой прычыне яе кліент знаходзіцца ў вышуку.
Мужчыну забаранілі ўезд у ЕС і шэраг краін Шэнгенскай зоны на 10 гадоў, паведамляе TV 2. Паліцыя цяпер спрабуе высветліць, як мужчына апынуўся на нарвежскай зямлі.
«Гэта будзе прадметам часткі першапачатковага расследавання, і мы вернемся да гэтага, калі даведаемся больш пра яго знаходжанне ў Нарвегіі», — сказала журналісту VG пракурорка паліцыі Джэні Мары Солгаард.
На мужчыну завялі крымінальную справу, ён знаходзіцца ў пастарунку. У аўторак яго дапытваюць у паліцыі, а ў сераду адправяць пад варту.
Пакуль не скончацца допыты, паліцыя не хоча каментаваць, якія паказанні дае мужчына. Таксама нарвежская паліцыя падтрымлівае кантакты з лекарамі наконт магчымых фізічных і псіхалагічных экспертыз стану здароўя беларуса.
Каментары