Вайна99

Дзед галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага нарадзіўся ў Беларусі

Сам галоўнакамандуючы УСУ нарадзіўся ў Расіі.

Аляксандр Сырскі. CinC AF of Ukraine / Facebook

Ужо паўгода, з 8 лютага, пасаду Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны займае генерал-палкоўнік і герой Украіны Аляксандр Сырскі. У медыя часта можна сустрэць згадку пра тое, што вайсковец нарадзіўся ў Расіі. А вось згадкі пра яго беларускія карані — не, піша Белсат.

@nashaniva А вы ведалі, што галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны – этнічны беларус? #зсу #беларусь #харьков #сырский #украина #белорусы #нашаніва ♬ TRANSGENDER (PEARL WHITE VIP) - PEARL WHITE

Аляксандр Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Навінкі Уладзімірскай вобласці РСФСР у сям’і вайскоўца. У 1970-я бацьку перавялі служыць ва Украіну, куды ўслед за ім пераехала і ўся сям’я. І менавіта ўкраінскі Харкаў лічыць родным Галоўнакамандуючы УСУ.

А вось бацька з маці і братам Алегам пасля вярнуліся ў Расію. З імі Аляксандр, як паведамляецца, кантактаў не падтрымлівае. А ў РФ пасля 1991 года быў толькі аднойчы — на пахаванні бабулі. Пра адсутнасць кантактаў з ім паведамляў і брат Галоўнакамандуючага: «Я з ім не камунікую, я нават не ведаю, дзе ён».

Станам на 2013 год бацька Аляксандра Сырскага — Станіслаў Пракоп’евіч — быў вайсковым пенсіянерам у званні палкоўніка, судзіўся з расійскім Мінабароны.

Прасачыць карані Галоўнакамандуючага УСУ дапамагае сайт «Память народа», на якім у межах праекту Міністэрства абароны РФ сабраныя звесткі пра савецкіх удзельнікаў Другой сусветнай вайны ў 1941-1945 гадах. Улічваючы спадчынную вайсковую дзейнасць і тое, што Аляксандр Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе, ягоны дзед Пракоп (на падставе імя па бацьку ягонага бацькі) Сырскі мусіў бы быць мабілізаваны ў савецкае войска. І на сайце сапраўды можна знайсці згадкі пра Пракопа Сямёнавіча 1906 года нараджэння. Гэта адзіны Сырскі з імем Пракоп на «Память народа».

Пра тое, што гэта дзед украінскага галоўнакамандуючага, пісалі і расійскія «Аргументы и факты».

Пракоп Сырскі. Фота: 1418museum.ru

Згодна з сайтам «Память народа» Пракоп Сырскі служыў разведчыкам. За тое, што ён на тэрыторыі сённяшняй Наўгародскай вобласці выкрыў знаходжанне нямецкіх войскаў, што перашкаджалі руху савецкай пяхоты, быў узнагароджаны ў 1942 годзе медалём «За Адвагу». Вайну скончыў у званні старшага сяржанта ці старшыны, быў узнагароджаны таксама Ордэнам Чырвонай зоркі і медалём за перамогу над Нямеччынай. Памёр у 1984 годзе.

Але тут цікавіць найбольш месца нараджэнне вайскоўца. У дакументах сустракаецца розная інфармацыя. Напрыклад, пасёлак Амуцінскі Амуцінскага раёну Цюменскай вобласці. Менавіта адтуль ён быў прызваны ў войска ў 1941 годзе.

Дакумент пра ўзнагароджанне Пракопа Сырскага медалём «За Адвагу» з пазнакай нацыянальнасці — «беларус». Скрыншот з сайту pamyat-naroda.ru

Пры гэтым як на сайце «Память народа», гэтак і на звязаным з ім «Подвиг народа», пазначанае таксама іншае месца нараджэнне Пракопа Сырскага — Беларуская ССР, Магілёўская вобласць, Чавускі раён, вёска Кузьмінічы. Магілёўшчына згадваецца і на сайце праекту «Дорога памяти». Пра тое, што гэта не памылка, сведчыць нацыянальнасць Пракопа Сырскага ў загадзе пра ўзнагароджванне — «беларус».

З чавускіх Кузьмінічаў паходзілі і амаль усе іншыя Сырскія з рэсурсаў, прысвечаных удзельнікам вайны 1941—1945 гадоў. Дый беларускі праект helper.archonline.by, які паказвае гістарычную распаўсюджанасць прозвішчаў у Беларусі, лакалізуе прозвішча Сырскі менавіта і выключна ў гэтай вёсцы.

Што датычыць Цюменскай вобласці РФ, то Сырскія маглі там апынуцца ў выніку Сталыпінскай рэформы 1900—1910-х гадоў. Гэты малазаселены рэгіён Сібіры быў месцам прыцягнення для шматлікіх беларускіх сялянаў, якія часта ў пошуках «новай зямлі» скіроўваліся ў даволі далёкія падарожжы.

Распаўсюджанасць прозвішча Сырскі ў Беларусі. Скрыншот з сайту helper.archonline.by

Вёска Кузьмінічы была далучаная да Расійскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. На пачатак XX стагоддзя яна належала да Быхаўскага павету Магілёўскай губерні. У 1897 годзе тут жыло 586 асобаў. Суседнія з Кузьмінічамі Чавусы падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй 1654 — 1667 гадоў былі цэнтрам Беларускага казацкага палка, што падначальваўся ўкраінскай Гетманшчыне. Полк спачатку ваяваў на баку маскоўскіх войскаў, а ў 1658 годзе перайшоў на бок Рэчы Паспалітай.

Важна адзначыць, што прозвішча Галоўнакамандуючага ЗСУ дазваляе прасачыць гісторыю ягонай сям’і больш глыбока. Можна меркаваць, што першы яго носьбіт стаў называцца Сырскім у гонар сваёй роднай мясцовасці — вёскі Сырск Кармянскага раёна Гомельскай вобласці (цяпер у складзе Кармы). Яна знаходзіцца прыблізна за 75-80 кіламетраў ад Кузьмінічаў. Акупаваная расейскімі войскамі яна таксама была ў 1772 годзе.

Каментары9

  • Anatol Starkou
    14.08.2024
    А Зянон, кажуць, з 1941 па 1944 ваяваў у бчб партызанах ля Смаргоні. Камандаваў Смаргонскім Народным Фронтам "Антыбальшавікі Смаргоні за первбудову Савецкай Беларусі ў БНР". Шмат чаго людзі кажуць.
  • Дмитрич
    14.08.2024
    Ну вот интересно - а получится у русинов (украинцев и беларусов) освободить от Московско-ордынского ига древние русинские земли Твери, Смоленска, Пскова и Великого Новгорода?
  • Беня
    14.08.2024
    Служи, внучек как дед служил... А дед на службу...

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе5

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Бабры атакавалі цэнтр Мінска4

«Рэшткі збіраем з усіх складоў». Уладальнікі сэканд-хэндаў — пра наступствы санкцый ЕС

Сям'ю з Баранавіч судзяць за «здраду дзяржаве». Муж — з авіябазы, жонка — з завода, дзе рамантуюць самалёты1

Краш-тэст ад чыноўнікаў — губернатар Магілёўшчыны паскакаў на шуфлі6

Працадаўца сачыў за супрацоўнікам праз геалакацыю. А што, так можна было?5

«Панёс такую лухту, што нават я здзівіўся». Кізім пракаментаваў заявы Лукашэнкі13

Алег Гайдукевіч заявіў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты18

Якая з карцін Марка Шагала стала самай дарагой на апошнім аўкцыёне Christie’s

Мінздароўя б'е трывогу — высокатэхналагічнае абсталяванне для дзіцячых хірургаў у крытычным стане3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе5

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

Галоўнае
Усе навіны →