Якія звесткі пра нас захоўвае Telegram і што можа змяніцца для карыстальнікаў, калі ён стане раскрываць іх спецслужбам?
Пасля таго, як Павел Дураў пабываў у французскай турме, на афіцыйных рэсурсах сэрвіса выйшла заява пра змены ва ўмовах працы. Цяпер месенджар будзе супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі розных краін і выдаваць інфармацыю, якую яны запытаюць.
Якія звесткі ўвогуле захоўвае тэлеграм?
Самае важнае — гэта перапіскі. Прычым захоўваюцца ўсе перапіскі, але кіраўніцтва Telegram дэкларуе, што ў асноўным у зашыфраваным выглядзе.
У сакрэтных чатах зашыфроўка і расшыфроўка робіцца на прыладах карыстальнікаў, а вось да звычайных чатаў і суполак кіраўніцтва мае ключы, але кажа, што нікому іх не выдае. Спраўдзіць гэта напэўна немагчыма, як і ў выпадку са многімі іншымі папулярнымі сацсеткамі ды месенджарамі.
Telegram захоўвае вашы тэлефонны нумар ды кантакты, калі вы абралі іх сінхранізаваць з праграмай ці дадалі ўручную. Захоўваюцца і тыя кантакты, якія не далучаныя да тэлеграма, каб вы маглі прапанаваць ім далучыцца.
Telegram захоўвае IP-адрасы і прылады, з якіх вы знаходзіцеся анлайн у тэлеграме. А таксама e-mail, абраны ў якасці спосабу для ўзнаўлення пароля двухфактарнай аўтэнтыфікацыі.
Яшчэ захоўваюцца асноўныя звесткі акаўнта, якія вы дадаеце ўласнаручна (імёны, імёны карыстальніка, ваш дзень народзінаў і гэтак далей).
Telegram дэкларуе, што захоўвае іх надзейна ды шыфруе, а ўсе кампаніі сервіса, якія іх апрацоўваюць, знаходзяцца ў дзвюх юрысдыкцыях — Дубаі і Брытанскай Віргініі. Абедзьве краіны вядомыя як афшорныя зоны, дзе цяжка юрыдычна абгрунтаваць патрэбу ў выдачы звестак.
Як раней Telegram перадаваў звесткі карыстальнікаў спецслужбам?
Яшчэ з 2018 года Telegram прызнаваў, што супрацоўнічае са спецслужбамі. Але замежныя медыя адзначалі, што для сілавікоў гэта ўяўляе праблему, бо звестак перадаецца замала.
Пры гэтым з'яўляліся паведамленні пра тое, што тэлеграм выдаў звесткі людзей з Індыі, якія публікавалі пірацкі кантэнт, а таксама што ён перадаваў звесткі нямецкім спецслужбам.
Такім чынам рэальны аб'ём супрацоўніцтва Telegram і спецслужбаў невядомы.
Што змянілася?
Па словах самога Дурава, спецслужбам будуць перадавацца тэлефонныя нумары і IP-адрасы людзей, «якія парушаюць закон». Пры гэтым ён сцвярджае, што гэта мусіць быць добра абгрунтаваны запыт.
Таксама быў зменены пункт 8.3 палітыкі канфідэнцыйнасці тэлеграма. Раней месенджар казаў, што перадае звесткі толькі падазраваных у тэрарызме. Цяпер жа там сказана, што «калі Telegram атрымае ад спецслужбаў запыт, які пацвярджае, што вы падазраваны па крымінальнай справе, звязанай са злачыннай дзейнасцю, якая парушае ўмовы выкарыстання Telegram, то мы … можам раскрыць ваш IP-адрас і нумар тэлефона спецслужбам».
Абяцаецца і тое, што факты перадачы такіх звестак будуць адлюстроўвацца ў адмысловым боце платформы.
Што можа змяніцца для беларусаў?
Прынамсі зараз малаімаверна, што Telegram стане супрацоўнічаць са спецслужбамі Беларусі. Большасць грошаў і кліентаў месенджара знаходзяцца па-за межамі краін былога СССР увогуле і тым больш па-за межамі Беларусі.
Заўважым, што многія папулярныя заходнія месенджары, сервісы і сацсеткі (напрыклад, Google, Facebook ды іншыя) з даўніх часоў адкрыта супрацоўнічаюць са спецслужбамі розных краінаў і пішуць пра гэта ў сваіх адкрытых справаздачах. Але невядомыя выпадкі, каб яны выдавалі звесткі беларускіх дысідэнтаў.
Што рабіць, каб абараніць сябе ад магчымай небяспекі?
Калі ўявіць, што Telegram з нейкай прычыны стане перадаваць звесткі беларусаў лукашысцкім спецслужбам, то абараніцца няпроста. Тэарэтычна вы можаце зарэгістраваць ананімны акаўнт у Telegram і пастаянна карыстацца VPN або TOR, але для большасці карыстальнікаў гэта занадта складана.
Такім чынам, можна або паверыць Telegram і не рабіць нічога (у большасці выпадкаў мы ідзем на такі кампраміс падчас карыстання іншымі сервісамі), або выдаліць акаўнт і пачаць карыстацца іншым месенджарам.
Агулам, для чытання незалежных медыя ды іншых незалежных крыніцаў лепш карыстацца VPN (абірайце надзейныя) або TOR.
Варта разумець, што любая платформа, якой вы карыстаецеся, збірае вашы звесткі ў тым ці іншым выглядзе, і тэарэтычна можа перадаць іх каму заўгодна. Усё, што вы можаце з гэтым зрабіць: свядома старацца абіраць тыя платформы, якім можна давяраць і балансаваць паміж бяспечнасцю і зручнасцю выкарыстання.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМногія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца
Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд
Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд
У Беларусі блакуюць VPN. Што адбываецца і як абысці блакаванне?
Каментары
А яшчэ ёсць тэлефон. № такі-та. І вось я нядаўна задумаўся, калі, само-сабой, назваў свой тэлефон спец службе ЗША і потым размаўляў з ёй па сваёй праблеме. Тэлефона ДАСТАТКОВА, падумаў я. Шмат верагодна ён стаіць на вечным запісу на дыск і калі патрэбен спец службе з таго запісу дастаюць усё і пра ўсё з гатага нумару. У тым ліку маю размову з мошенниками, і ні сёння дык заўтра дакапаюцца да іх.