«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
Беларускія мясціны часта падпісваюцца як Russland. Фота мінскага Дома ўрада можна купіць за 1 еўра, а выява гарадзенскай Фары Вітаўта пайшла за 320 еўра. Калекцыянер з Беларусі расказаў «Радыё Свабода», як шукае старыя фота на інтэрнэт-пляцоўках.
«Што, мы, глыбачане, на паштоўку не збяром?»
Ягор* (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўцы. — РС) займаецца пошукам старых паштовак і фатаздымкаў больш за 10 гадоў. Найбольш яго цікаваць беларускія мясціны, перадусім яго родны рэгіён — горад Глыбокае і суседнія вёскі і мястэчкі.
Захапленне паляваннем на старыя фота пачалося ў 2012 годзе. Тады Ягор убачыў, што дырэктар магілёўскага музея Аляксей Бацюкоў збірае грошы, каб выкупіць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Той каштаваў $45 тысяч.
Дзякуючы бізнэсоўцам і простым людзям гэты гістарычны дакумент удалося вярнуць у Беларусь.
Неўзабаве пасля гэтага Ягор праглядаў сайт беларускага аўкцыёна ay.by.
«Гляджу, хтосьці прадае каляровую паштоўку пачатку XX стагоддзя, 1915 год, з Глыбокага. Гэтай паштоўкі дагэтуль ніхто з глыбоцкіх краязнаўцаў не бачыў. Прадавец хацеў $85. Я падумаў: магілёўцы на Статут сабралі, што, мы, глыбачане, на паштоўку не збяром?» — успамінае суразмоўца.
Ён прапанаваў знаёмым скінуцца грашыма. Рэдкую паштоўку выкупілі і перадалі музею. Дагэтуль вядома толькі пра два экзэмпляры такой выявы. Больш яна на аўкцыёнах не траплялася.
«Пакуль я жыў у Беларусі, амаль усё, што купляў, аддаваў глыбоцкаму музею», — кажа Ягор.
Фота жаўнераў і паштоўкі з фронту
Старыя фота і паштоўкі Ягор шукае ў асноўным на дзвюх заходніх пляцоўках. Першая — нямецкі Ebay. Там можна знайсці шмат здымкаў, якія рабілі нямецкія жаўнеры ў Другую сусветную вайну. А таксама паштоўкі з выявамі мясцовасцяў, якія выдаваліся ў Першую сусветную вайну — жаўнеры іх дасылалі сваякам з фронту.
«У Другую сусветную ўжо было шмат фотаапаратаў у людзей. Многія нямецкія жаўнеры, ідучы на ўсход у 1941 годзе, фоткалі тое, што па дарозе трапляецца», — расказвае краязнаўца.
Другая пляцоўка, дзе ён шукае выявы, — польскі аўкцыён Allegro. Там можна знайсці шмат рэчаў, звязаных з міжваенным перыядам, а таксама парою да Першай сусветнай вайны.
«Паштоўкі пастаянна вісяць у продажы. Час ад часу нейкія фоткі людзі з сямейных альбомаў распрадаюць», — кажа суразмоўца.
У Польшчы, дзе цяпер жыве Ягор, ладзяць і афлайнавыя кірмашы старых паштовак. Там таксама можна знайсьці цікавыя артэфакты. Паляванне на здымкі выглядае так, што краязнаўца раз на тыдзень заходзіць на гэтыя два сайты.
«Такой ужо руцінай стала. Кожны панядзелак заходзіш на Ebay, праглядаеш, звычайна нічога няма», — кажа суразмоўца.
Ключавыя словы — Russland і Ostfront
На Allegro ён звычайна шукае выявы па ключавых словах Russland (Расія) альбо Ostfront (Усходні фронт). Подпіс Belarus сустракаецца рэдка. Беларускія мясціны на такіх сайтах звычайна акрэсліваюць як расійскія.
«Вельмі часта прадаўцы падпісваюць памылкова альбо ўвогуле не падпісваюць. Я так аднойчы ўбачыў фотку: Ostfront, штаб роты. А гэта была гімназія імя Люблінскай уніі ў Глыбокім. Калі б я шукаў па запыце «Глыбокае», я б яе дакладна не знайшоў», — кажа калекцыянер.
На Ebay Ягор праглядае ўсе фота часоў Другой сусветнай вайны.
Калі чалавек займаецца адным горадам ці невялікім рэгіёнам, ён ужо ведае, як даўней выглядалі на гэтай тэрыторыі цэрквы, касцёлы, галоўныя вуліцы, — тлумачыць краязнаўца, як ідэнтыфікуюць выявы. — Да таго ж у сацыяльных сетках ёсць суполкі краязнаўцаў, дзе можна параіцца.
«Ну што я, глыбоцкі касцёл не пазнаю? Пазнаю. Аднойчы на расійскім аўкцыёне я бачыў фотку, дзе сквер, некалькі драўляных дамоў, подпіс «Западная Белоруссия, 1941 год». Дык я гляджу, нешта знаёмае. Параўнаў з іншымі фоткамі таго ж месца — супадае. Гэта кавалак вулічнай забудовы ў Глыбокім. Думаю, я адзіны чалавек у свеце, які гэтае месца мог апазнаць», — дзеліцца ён.
Таксама калегі-калекцыянеры падказваюць адно аднаму, дзе бачылі фота з пэўнага рэгіёна, якія ім самім не цікавыя.
«Нават раней, чым я манітору сайт і ўбачу, хто-небудзь убачыць і скіне», — каментуе калекцыянер.
Альбом за 650 еўра
Анлайн-аўкцыён выглядае так, што прадавец ставіць апошнюю дату і час, калі можна набыць артэфакт. Кожны робіць свае стаўкі. Той, хто прапанаваў найбольш, мае права выкупіць фота. Звычайна аўкцыён цягнецца тыдзень.
«Некаторыя робяць стаўку ў апошнія секунды, каб выйграць за кошт эфекту раптоўнасці», — дзеліцца лайфхакам Ягор.
Ён так не робіць, бо звычайна набывае фотаздымкі за невялікія сумы. Апошнім часам набываў фота за 3,90, 6,50, 9,50, 10 еўра.
На Ebay фотаздымкі з Другой сусветнай вайны каштуюць у сярэднім 10-15 еўра. Бывае і значна даражэй. Залежыць ад таго, як шмат прэтэндэнтаў на фота.
«За фоткі Горадні змагаюцца шмат калекцыянераў. І яны часам прадаюцца за касмічныя сумы. У той жа час за фоткі Глыбокага асабліва няма каму змагацца», — адзначае суразмоўца.
Аднойчы паштоўка Горадні часоў Першай сусветнай вайны пайшла за 320 еўра. Там быў від на Фару Вітаўта.
Можна набыць старыя фота і за 1 еўра. Гэта, прыкладам, паштоўкі, якія выходзілі накладам у тысячы або дзясяткі тысяч экзэмпляраў.
Самае дарагое, што Ягор набываў у складчыну, — альбом нямецкага лётчыка, які ваяваў на Першай сусветнай вайне і рабіў фота на ўчастку фронту паўночна-заходняй Беларусі.
Там быў адзіны аэрафатаздымак Глыбокага часоў Першай сусветнай вайны, які да сённяшняга дня вядомы. І суседнія мясцовасці: Крулеўшчына, Параф’янава, Варапаева, Лынтупы. Альбом каштаваў 650 еўра.
Таксама Ягор купіў альбом часоў Другой сусветнай вайны за 380 еўра. Там было 6 фотаў Глыбокага з нябачанага раней ракурсу. Калекцыянер плануе забраць сабе толькі глыбоцкія выявы, а рэшту альбома зноў выставіць на аўкцыён.
«На самым пачатку нямецкай акупацыі на лузе на ўскраіне Глыбокага прызямліліся нямецкія выведныя самалёты. Людзі збегліся на іх глядзець», — расказвае ён пра каштоўныя выявы.
Калі прадаюць цэлы альбом, то на сайце могуць паказаць усе выявы, а могуць — толькі некалькі штук. Залежыць ад прадаўца.
«Калі на фотцы ёсць самалёт ці танк, адразу цана ляціць у разы»
Лягчэй знайсці выявы вялікіх гарадоў, дзе шмат людзей жыло або бывала. Таксама — з мясцін, дзе праходзіў фронт. Фота беларускага горада часоў вайны ў сярэднім будуць каштаваць 100 злотых на Allegro, а з Варшавы ці іншага польскага горада таго ж перыяду — могуць прадаваць за 5—10 злотых, тлумачыць суразмоўца. Паштоўка 1918 года з Паставаў з выявай касцёла, пашкоджанага артылерыяй, пайшла за 320 злотых.
«У Першую сусветную вайну вельмі добра задакументаваныя мясціны з нямецкага боку фронту. Практычна з кожнай вёскі, дзе стаяў фронт, можна знайсці паштоўкі», — тлумачыць Ягор.
У Другую сусветную вайну шмат здымалі вялікія гарады, якія былі транспартнымі вузламі і праз якія праходзілі нямецкія войскі. Немцы часта фатаграфавалі браму каля памежнай заставы Коласава каля Стоўбцаў на былой польска-савецкай мяжы.
Фота Мінска можна купіць амаль заўсёды на eBay. Папулярныя віды — Дом урада, Оперны тэатр. Іх прадаюць па 5—10 еўра. Часта трапляюцца здымкі абласных гарадоў.
Фатаграфіі, якія чалавек рабіў прыватна, звычайна ёсць толькі ў адным экзэмпляры. Калі гэта фота з рэдкім відам, то яно мае вялікую каштоўнасць, не толькі грашовую, але і гістарычную.
Чым радзейшае фота, тым больш яно каштуе. Рэдкія фота — тыя, якія па 5—10 гадоў нідзе не з’яўляюцца. Шмат калекцыянераў збіраюць фота з вайсковай тэхнікай.
«Калі на фотцы ёсць самалёт ці танк, адразу цана ляціць у разы», — тлумачыць Ягор.
У калекцыі каля 200 паштовак і фота.
У калекцыі Ягора ўжо каля 200 фотаздымкаў і паштовак. Каштоўнымі ён лічыць многія з іх. Яны адкрывалі тыя мясціны Глыбокага, якія рэдка траплялі ў аб’ектыў фатографаў.
«Калі я яшчэ быў вучнем школы, то чуў ад старых людзей, што паміж Параф’янавам і Сітцамі насупраць могілак стаяў каменны крыж. У 1960-я гады Саветы пашыралі дарогу, гэты крыж закапалі пад яе. Я ніколі не марыў, каб фотку гэтага крыжа знайсці. І раптам у адным з варшаўскіх антыкварыятаў мне гэтая фотка трапілася. Там быў вядомы фатограф Ежы Дулевіч, які гэты крыж сфатаграфаваў», — расказвае калекцыянер.
Нядаўна ён купіў фота, дзе немцы з коньмі ідуць па мосце, а коні цягнуць гарматы. Выява была непадпісаная. Але краязнаўца пазнаў на ёй Дзісну і купіў. Яшчэ — прыгожае фота з Будслава 1930-х гадоў.
«Нядаўна на eBay была фотка з Бачэйкава пад Віцебскам. Палац, які быў спалены ў вайну, бачныя разбуранасці. Я падумаў, хто яе ў Бачэйкаве заўважыць? Дык я набыў недзе за 20 еўра, адсканаваў, заліў на Вікіпедыю», — расказвае калекцыянер.
Таксама ён нядаўна купіў выяву з вёскі Сітцы за 30 кіламетраў ад Глыбокага. Там відаць самалёт на фоне царквы і яшчэ тры савецкія разбітыя самалёты на аэрадроме. Яго пабудавалі ў савецкую акупацыю, потым немцы яго разбамбілі. Фота было падпісана памылкова — Russland, горад Вяліж Смаленскай вобласці.
«Гісторыя на сённяшні дзень не канчаецца».
Калекцыянеры фотаздымкаў ёсць у многіх мясцовасцях Беларусі. У Горадні іх больш за дзесяць, а ў малых паселішчах можа быць па адным. У вялікіх гарадах паміж калекцыянерамі ёсць канкурэнцыя. Часам чалавек выкупляе на аўкцыёне непадпісаныя танныя фота, потым іх ідэнтыфікуе і прадае за большую цану. Многія купляюць паштоўкі толькі для сябе.
Ягор робіць гэта дзеля грамадскага набыцця. Скануе выявы і выкладае іх у сацыяльных сетках, загружае на Вікіпедыю, дзеліцца з краязнаўцамі. Каб набываць старыя фота, ён збірае ахвяраванні. На ягоны Patreon падпісаныя каля 30 донараў.
Самае вялікае ахвяраванне склала $500. Яго зрабіў непублічна вядомы чалавек. Тыя грошы Ягор хутка патраціў. Набыў падшыўку польскага часопіса 1901 года, у якой былі чатыры фота сялян у традыцыйных строях з-пад Глыбокага. А яшчэ — некалькі фотаздымкаў з варшаўскага антыкварыяту, які распрадаваў альбом з якаснымі фотамі вялікага фармату, зробленымі фотамастаком з Глыбокага. Кожнае па 300 злотых.
Ягор купляе фота, каб рабіць нешта карыснае для грамадства, а таксама каб мець адчуванне сэнсу свайго жыцця.
«Для мяне гэты занятак мае сэнс не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду, а каб яна была ўведзеная ў грамадскі, навуковы дабытак. Гісторыя на сённяшнім дні не канчаецца. Можа, хтосьці захоча праз 5—10 гадоў аформіць стэнд свайго рэгіёна, і гэтыя фоткі спатрэбяцца. А можа ў кнізе нейкай, ці яшчэ недзе», — кажа суразмоўца.
Раней ён набыў панараму Глыбокага 1920-х гадоў. Потым мясцовыя ўлады рабілі на плошчы серыю банэраў са старымі выявамі горада. Трапіла туды і тая панарамная паштоўка.
На аўкцыёне ў Польшчы прадалі ўнікальныя ігральныя карты з Гродна. Ім амаль сто гадоў
Аўтар знішчанай фрэскі ў Солах — беларускі класік Пётра Сергіевіч. Краязнавец знайшоў доказ гэтага
«Ніколі такога не здарыцца, што можна будзе сказаць: мы ўсё знайшлі». Краязнавец, вымушаны выехаць за мяжу, робіць шыкоўныя знаходкі і там
Каментары
некалі спрабаваў знацсці старыя паштоўкі ці фоты сваіх мясцін (не Лімасола))
але не атрымалася(