Кіно99

«Субстанцыя»: новы хорар з Дэмі Мур не шкадуе нікога

У кінатэатрах ідзе нашумелы бодзі-хорар «Субстанцыя» (The Substance). Гэта гісторыя, якая не шкадуе ні гледача, ні галоўных зорак.

Элізабет (Дэмі Мур). Фота: кадр з трэйлера

Няпроста зняць больш брыдкае і пры гэтым дакладнае кіно. Яно аб праблеме стандартаў прыгажосці і таго, што рабіць, калі ты пад іх больш не падыходзіш. 

У «Субстанцыі» на вялікі экран вяртаецца 61-гадовая Дэмі Мур. Гэтая актрыса мела свае самыя зорныя ролі яшчэ ў 90-я (да прыкладу, у стужцы «Салдат Джэйн»), а ў апошнія гады часцей трапляла ў медыя праз любоў да пластычнай хірургіі, так што граць ёй давялося, па сутнасці, саму сябе. 

Дэмі дасталася роля Элізабет Спаркл, немаладой галівудскай актрысы, якая некалі нават атрымала сваю зорку на Алеі славы. Але час ідзе, і зорка пакрылася расколінамі, а ў жыцці самой Элізабет ад былой славы засталося толькі ранішняе фітнэс-шоу на тэлебачанні. 

Ды і гэтаму надыходзіць канец. Стэрэатыпна мізагінічны тэлебос Харві спачатку ў размове, якую падслухала Элізабет, а потым проста ёй у твар кажа пра тое, што ў шоу ёй больш няма месца, бо ў жанчын «пасля 50-ці гэта сканчваецца». Робіць ён гэта ў рэстаране, адначасова паядаючы буйным планам крэветкі, і на гэтым у сцэне вялікі акцэнт: маўляў, з такой жа сквапнасцю, з якой тэлебос і індустрыя ў яго асобе разрывае мяса крэветак, ён ставіцца і да жанчын, з якімі працуе, бо для яго гэта — толькі мяса. 

Элізабет (Дэмі Мур). Фота: кадр з трэйлера

Элізабет у роспачы, і тут яна атрымлівае ананімную прапанову прыняць прэпарат «Субстанцыя» — быццам бы ён дапаможа ёй атрымаць новую версію сябе, лепшую, больш маладую і прыгожую. Жанчына ідзе на гэты крок, і так на свет з’яўляецца яе амалоджаная копія з імем С’ю. 

Трэба, аднак, выконваць правілы. Сярод іх — абавязак кожны тыдзень пераключацца ад С’ю да Элізабет ці ў адваротны бок і неабходнасць ні ў якім разе не забываць, што Элізабет і С’ю — адно цэлае. Таямнічы прэпарат хаця і стварыў асобнае цела для С’ю, але перанёс у яго тую частку яе свядомасці, якая заўжды заставалася маладой, прагу да кахання, лёгкасці і забаваў. 

Калі ў фільме гучаць жорсткія правілы, значыць, яны будуць парушаныя, так адбываецца і ў гэтым выпадку. Хаця С’ю — гэта магчымасць для Элізабет жыць нанава, дзяўчына абірае той жа шлях, што і яе папярэдніца, і становіцца новай зоркай таго самага ранішняга фітнэс-шоу. Слава засцілае ёй вочы, і С’ю вырашае жыць на поўную, а заадно і выціскаць усе сокі з узроставай версіі сябе, але не разумее — яна трапіла ў тую ж пастку стандартаў прыгажосці, што і Элізабет.

С'ю (Маргарэт Куалі). Фота: кадр з трэйлера

У адным з інтэрв’ю Дэмі Мур казала, якую сцэну ў фільме яна лічыць самай жорсткай. І не, гэта не сцэна трансфармацыі, калі ў бялюткім, нібыта чысты ліст паперы, ванным пакоі праз страшныя пакуты з Элізабет з’яўляецца С’ю, і не шалёна неапісальная канцоўка стужкі. Гаворка пра эпізод з Харві ў рэстаране, дзеля якога бясстрашны акцёр Дэніс Куэйд з’еў два кілаграмы крэветак.

З такой жа адданасцю працавалі і іншыя зоркі фільма, у тым ліку новая зорка амерыканскага кіно Маргарэт Куалі, якую за роль С’ю яўна чакаюць буйныя кінаўзнагароды. Зрэшты, як і Дэмі Мур, для якой «Субстанцыя» — шанс перазапусціць кар’еру і выйсці са свету больш бюджэтнага незалежнага кіно на першы план. І наўрад ці вас здзівіць, што сцэнар праекта стварыла таксама жанчына, францужанка Каралі Фаржа, для якой гэта ўсяго толькі другі паўнаметражны фільм у яе рэжысёрскай кар’еры. Асобна адзначым працу грымёраў, якія выдатна паказалі розныя этапы трансфармацыі Элізабет.

Атрымаўся разумны і яркі хорар, які нельга прапусціць. Атрутна-зялёная вадкасць з надпісам «актыватар» на флаконе ўвасабляе ўсе тыя працэдуры, прэпараты і іншыя намаганні, на якія ідуць жанчыны, каб захаваць маладосць. Робяць яны гэта часцяком пад уплывам навязаных ім стандартаў, вось і дзівішся, чаму аўтарам гэтых стандартаў, па сюжэце фільму, чамусьці не спадабаўся канчатковы вынік.

С'ю (Маргарэт Куалі). Фота: кадр з трэйлера

А яшчэ гэта гісторыя пра тое, што ад сябе не збегчы, і справа датычыць не толькі старэння. У рэальным свеце мы сумяшчаем у сябе розныя ролі, розны досвед і часам супрацьлеглыя памкненні, у выпадку Элізабет частка з гэтых роляў і памкненняў увасобілася ў яе новым целе. Як пастаянна ёй казалі стваральнікі «Субстанцыі», яна і С’ю — адно цэлае, і ідэальным вынікам было б, каб існаваў мір паміж рознымі часцінкамі яе асобы. Але ж, як у розуме сапраўдных жанчын часам змагаюцца стандарты знешнасці і любоў да сябе, так псуюцца і адносіны паміж Элізабет і С’ю. Таму і канцоўка заканамерная, гэта фінал унутранай барацьбы з самой сабой, даведзены да абсурду.

Адзін з важных сімвалаў фільму — люстэрка ў ванным пакоі, у якое глядзяць абедзве гераіні. Як люстэрка, «Субстанцыя» бязлітасна падсвечвае ў кожным з нас тое, наколькі мы здольныя прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, а праз гэта і тое, ці здольныя мы прымаць саміх сябе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Гаўнітык
    12.10.2024
    [Рэд. выдалена]
  • циник
    12.10.2024
    Ну, что касается Деми Мур, то хуже для нее уже не будет:D:D:D
  • User131
    12.10.2024
    Фильм мог бы быть хорошим, затронули важную тему для женщин, важные страхи и попытались как то развернуть последствия....но увы.....к середине фильма всё испортилось....было ощущение что фильм снят школьниками....а хотелось бы, чтобы это не опростили до уровни банальшины....печально....могли бы дожать, чтобы прям совсем жутко было , а не вызвало просто смех из за тупой простоты и отсутствия фантазии....фильм не оправдал ожиданий, хотя так хотелось.....добротного хорорра , со "Смыслом" и профессионализм....

Што за «Сігма бой»? Гэтай віруснай песняй занепакоіліся ў Еўрапарламенце13

Што за «Сігма бой»? Гэтай віруснай песняй занепакоіліся ў Еўрапарламенце

Усе навіны →
Усе навіны

Вясна прыйшла. Заўтра ў Беларусі да +12°С13

Лукашэнка: Мы імкнуліся зрабіць усё вельмі дэмакратычна. Мы вельмі стараліся7

ЦВК расказаў, колькі намалявалі галасоў кожнаму з кандыдатаў8

Нізкападлогавыя трамваі ў Мінску ўжо працуюць на двух маршрутах5

Навошта Мінску кальцавая лінія метро, і колькі станцый яна будзе налічваць4

Названа прычына пажару ў турэцкім гатэлі, які забраў жыцці 78 чалавек2

Беларусы Канады выйшлі на акцыю супраць чарговага прызначэння Лукашэнкі ФОТА1

Кавід, хутчэй за ўсё, мае лабараторнае паходжанне, кажа новы кіраўнік ЦРУ5

У найбліжэйшыя дні можа чакацца рост захворванняў на грып і ВРВІ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за «Сігма бой»? Гэтай віруснай песняй занепакоіліся ў Еўрапарламенце13

Што за «Сігма бой»? Гэтай віруснай песняй занепакоіліся ў Еўрапарламенце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць