Грамадства44

Вядомае музычнае шоу «СамШазам» закрылася ў Беларусі. Мікіта Найдзёнаў расказаў, чаму перазапускае яго ў Варшаве

Стваральнік і вядоўца музычнага шоу «СамШазам» Мікіта Найдзёнаў распавёў, як яны працавалі ў апошнія гады, чаму больш не зможа праводзіць шоу ў Беларусі і якія планы цяпер.

«СамШазам» — гэта музычнае шоу з бэндам і вядоўцамі, дзе госці адгадваюць песні ў жывым выкананні. За сем гадоў працы ў Беларусі адбылося больш за 500 мерапрыемстваў.

А пачынаўся «СамШазам» у Мінску ў 2018 годзе са сторыс музыкі Мікіты Найдзёнава.

— У той момант я быў без гурта ці іншага музычнага праекта. Як кажуць, just for fun, узяў укулеле, пачаў граць на ім нейкія вядомыя песні і прапаноўваў падпісчыкам угадаць кампазіцыю. Нечакана нават для мяне людзям гэта вельмі спадабалася, яны актыўна адгукаліся.

Праз некалькі месяцаў Мікіта вырашыў зрабіць першую афлайн-імпрэзу. На гульню сабралі дзевяць каманд (каля 50 чалавек). Музычны квіз потым перарос у сапраўднае шоу.

Пасля першага выступу «СамШазам» паклікалі выступіць на музычным фестывалі і з’явіліся замовы на карпаратывы.

— Мы змянілі і фармат карпаратываў — раней на іх людзі елі ды слухалі кавер-бэнды. Мы ж паказалі, што можна бавіць час значна цікавей. Дзякуючы гэтаму «СамШазам» адносна лёгка перажыў кавідны 2020 год. Мы хутка прыдумалі анлайн-фармат гульні. І пакуль іншыя музыкі сядзелі без працы, мы рэгулярна рабілі стрымы ды нармальна на іх зараблялі.

Але 22 сакавіка 2023 года Мікіту затрымалі паводле палітычнага «народнага» артыкулу 342 КК — за ўдзел у пратэстах.

— Як цяпер памятаю, у мяне было шмат планаў на гэты дзень. Я павінен быў праводзіць сумоўе, потым паехаць запісваць новую песню… Мне было складана ўявіць, хто зможа замяніць мяне як вядоўцу на «СамШазаме». Дый не толькі як вядоўцу, я ж займаўся прадзюсаваннем шоу, праграмай… Але ў такой складанай сітуацыі каманда аператыўна зарыентавалася і здолела працягнуць працу без мяне.

Каманда «СамШазама» старалася не афішаваць тое, што Мікіта трапіў у бяду. Але інфармацыя ўсё ж з’явілася ў публічнай прасторы. Аўдыторыя праекта з паразуменнем ставілася да ўсяго гэтага.

— Я не магу сказаць, што навіна пра маё затрыманне неяк пашкодзіла ці наадварот неяк дапамагла. Але мне здавалася, што гэта ўсё ж інтымная справа і лепей бы ўсе думалі, што я ў нейкім творчым адпачынку.

Чатыры месяцы Мікіта правеў за кратамі — у выніку атрымаў 3 гады хатняй хіміі. Апынуўшыся на свабодзе, амаль адразу вярнуўся да працы.

— Мы зрабілі маё вяртанне проста шыкоўным. Запісалі беларускамоўны кавер на песню Mr. Brightside гурта The Killers. Дарэчы, менавіта над ім я працаваў у ноч перад сваім затрыманнем.

Пачынаецца гэта песня словамі: Coming out of my cage, and I've been doing just fine («Выходжу з клеткі, і ў мяне ўсё добра»), — атрымалася даволі сімвалічна.

— Тады я ўпершыню прыйшоў на «СамШазам» як госць — аўдыторыя вельмі цёпла мяне сустрэла, бо ўсе ўсё разумелі. Сапраўды ў нас былі цудоўныя адносіны ўнутры кам’юніці, якое мы выбудавалі. У нас людзі знаёміліся і стваралі сем’і, мы разам праходзілі ўсе гэтыя эмацыйныя цяжкасці — ад кавіду да наступстваў рэпрэсій. Калі пачалася вайна, мы разам усе рэфлексавалі.

Праз некалькі месяцаў Мікіта вырашыў з’ехаць у Польшчу, але пару разоў да гэтага паспеў правесці «СамШазам». Пасля пераезду яму прыйшлося публічна дыстанцыявацца ад праекту — але за кадрам працаваць над ім ён працягваў.

Мікіта жартуе, што адчуваў сябе ў той час быццам сурагатны бацька — бо нікому не мог расказаць, што займаецца праектам. Але прызнаецца, што на дыстанцыі з кожным месяцам было ўсё больш складана падтрымліваць «СамШазам».

— «СамШазам» ад пачатку быў свабодалюбівым, іранічным праектам. У 2018 годзе мы былі адбітыя і амбітныя, смелыя і вясёлыя. А ў 2023‑2024 гадах у краіне ўжо было больш забаронена, чым дазволена.

Ад былой каманды, з якой мы прайшлі агонь і ваду, заставалася ўсё менш удзельнікаў, трапілі выпадковыя людзі… У Мінску «СамШазам» ужо не мог быць тым, што раней. Трэба было пяць разоў думаць, ці можна ўзяць тую ці іншую песню, двухсэнсоўныя жарты вырашылі прыбраць…

Мікіта распавядае, што з 2024 года значна ўзмацнілася цэнзура — пачалі патрабаваць узгадняць папярэдне ўсе песні, якія будуць гучаць.

— Увогуле, пасля 2022 года музычны свет падзяляўся на два полюсы. У Беларусі пад забарону трапілі артысты, якія выступілі супраць вайны. Таму многія любімыя песні беларусаў — напрыклад, хіты таго ж Меладзе, Земфіры ці Пугачовай аказаліся ў чорным спісе. Мы круціліся як той вуж, каб і праграму зрабіць цікавай, і каб трэк-ліст прайшоў узгадненне і «СамШазам» атрымаў гастрольку. Нас прымусілі праходзіць тую працэдуру, якую цяпер у Беларусі праходзяць усе артысты.

У нейкі момант каманда стала перад выбарам: ці канчаткова прымаць правілы гульні, ці перавозіць «СамШазам» у іншую краіну.

Рашылі перазапускацца ў Польшчы. Першыя імпрэзы запланаваныя ў Варшаве на 26 і 27 лістапада.

— Тут ужо жыве шмат людзей, якія хадзілі на «СамШазам» у Мінску. Я ведаю, што сабраліся ўжо прыехаць людзі з Уроцлава, Гданьска і Вільні. Гэта будзе «той самы «СамШазам», але крыху адаптаваны для эмігранцкай аўдыторыі. Напрыклад, зробім «Эмігранцкі», «Настальгічны» раўнды ды «Беларускія зашквары».

У будучыні Мікіта таксама думае пра правядзенне «СамШазам» на англійскай і, імаверна, на польскай мовах. А таксама спадзяецца, што атрымаецца прывезці шоу ў іншыя гарады Еўропы, дзе цяпер жыве шмат беларусаў.

— Пачынаецца еўрапейская старонка ў жыцці «СамШазам». Мне самому хочацца пабачыцца з тымі беларусамі, з якімі мы сустракаліся ў Мінску. Спадзяюся, праект прыжывецца і атрымае працяг. Можа, канешне, атрымацца і так, што ён і закрыецца хутка. Але цяпер мы поўныя энтузіязму і імпэту. 

Каментары4

  • Крутое шоў
    19.11.2025
    Поспехаў СамШазаму на новым месцы!!!
  • Хіты таго ж Меладзе, Земфіры ці Пугачовай
    19.11.2025
    То бок мэта шоу - папулізацыя расійскай музыкі сярод беларусаў?
  • О!
    19.11.2025
    Дзякуй за інфармацыю, абавязкова пайду

Цяпер чытаюць

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Усе навіны →
Усе навіны

Калеснікава адказала, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг у калоніі12

Маразы адступяць у чацвер

Севярынец звярнуўся да Калеснікавай: Маша, ты наша!22

Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі7

Міліцыя знайшла нечаканую нагоду аштрафаваць мінчука за ролік у сацсетках8

Ініцыятыва «Будзьма беларусамі!» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»6

Найхаладней гэтай ноччу было на Палессі, але мінімум не пабіты

У Мінсувязі патлумачылі, чаму так і не адмянілі роўмінг з Расіяй3

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць