Свет99

Улады Кубы пачынаюць перабудову: 176 зменаў у эканамічнай сістэме

План прадугледжвае пашырэнне прыватнай уласнасці на нерухомасць, стварэнне прыватных банкаў, пераўтварэнне часткі дзяржаўных прадпрыемстваў у камерцыйныя кампаніі з долевым удзелам і змякчэнне абмежаванняў для прыватнага бізнэсу. Па словах уладаў, яны хочуць выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці сацыялістычнай сістэмы.

Нацыянальная асамблея народнай улады Кубы. Фота: Presidencia Cuba / facebook

Усё гэта вельмі нагадвае пачатак гарбачоўскай «перабудовы» ў СССР. У чацвер, 18 чэрвеня, падчас трэцяй пазачарговай сесіі Нацыянальнай асамблеі народнай улады, якая прайшла ў Палацы канвенцый у Гаване, дэпутаты аднагалосна ўхвалілі план эканамічных рэформ. Перад гэтым дакумент быў падтрыманы пазачарговым пленумам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы.

План уключае 176 мер, аб'яднаных у 23 асноўныя кірункі. Як паведамляе CubaHeadlines, прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель падкрэсліў, што ўлады не выракаюцца сацыялізму. Паводле яго слоў, прапанаваныя меры павінны дапамагчы краіне адолець тое, што сам урад называе самым складаным выпрабаваннем з часоў «Асаблівага перыяду» 1990‑х гадоў.

Мігель Дыяс-Канель. Фота: Presidencia Cuba / facebook

У сваю чаргу, прэм'ер-міністр краіны Мануэль Марэра Крус адзначыў, што будучыя змены адпавядаюць логіцы далейшага развіцця сацыялізму. Пры гэтым рынак ён назваў «інструментам эфектыўнага размеркавання рэсурсаў».

«Абнаўленне эканамічнай і сацыяльнай мадэлі мае галоўную мэту — паляпшэнне якасці жыцця нашых суайчыннікаў», — заявіў прэм'ер-міністр.

Абгрунтоўваючы неабходнасць пераўтварэнняў, Марэра прывёў словы Фідэля Кастра, сказаныя падчас эканамічнага крызісу 1990‑х гадоў: «Жыццё, рэальнасць, драматычная сітуацыя, якую перажывае свет, прымушаюць нас рабіць тое, чаго ў іншых умовах мы ні за што не рабілі б».

Паводле слоў прэм'ер-міністра, кубінскі ўрад разгледзеў 390 прапаноў адносна эканамічных і сацыяльных рэформаў. У выніку ў канчатковы дакумент і дадатковыя рэкамендацыі Палітбюро было ўключана 66,7% прапаноў.

Змест новых рэформаў на Кубе

Як паведамляюць СМІ, пакет рэформ прадугледжвае пераўтварэнне часткі дзяржаўных прадпрыемстваў у камерцыйныя кампаніі з акцыямі і долямі ўдзелу, допуск прыватнага і замежнага капіталу ў новыя сферы эканомікі, стварэнне прыватных банкаў пад дзяржаўным кантролем, а таксама пашырэнне магчымасцяў для прыватнага прадпрымальніцтва.

Адно з найбольш прыкметных новаўвядзенняў датычыцца рынку нерухомасці. Улады маюць намер дазволіць продаж дзяржаўных аб'ектаў як кубінскім, так і замежным фізічным і юрыдычным асобам, у тым ліку грамадзянам Кубы, якія жывуць за мяжой. Гэта сур'ёзны паварот для краіны, дзе дзяржава дзесяцігоддзямі захоўвала кантроль над зямлёй і значнай часткай эканомікі.

Гавана. Фота: Zed Jameson / Anadolu via Getty Images

Кубінскім прадпрымальнікам упершыню дазволяць наймаць больш за сто супрацоўнікаў і валодаць некалькімі прыватнымі кампаніямі адначасова. Прыватны сектар зможа працаваць у большай колькасці галін, а прамыя замежныя інвестыцыі ў прыватны бізнэс будуць рэгулявацца асобнымі нормамі, якія вызначаць пытанні ўласнасці, вырашэння спрэчак і вываду прыбытку.

У сельскай гаспадарцы фермеры атрымаюць доступ да замежнай валюты і права наўпрост імпартаваць сыравіну без удзелу дзяржаўных пасярэднікаў. Змены закрануць і замежны гандаль: скасуюць патрабаванне ажыццяўляць імпартна-экспартныя аперацыі выключна праз дзяржаўныя кампаніі.

Для стымулявання ўнутранай вытворчасці ўводзяцца тарыфныя льготы на імпарт сыравіны, а лагістычныя ланцужкі будуць перабудоўвацца з разлікам на павелічэнне экспарту.

У фінансавай сферы ўлады абвясцілі пра стварэнне прыватных валютных біржаў, рынку лічбавых валют у рэжыме рэальнага часу і сістэмы валютных аўкцыёнаў, прызначаных для барацьбы са скажэннямі абменных курсаў, якія негатыўна ўплываюць на эканоміку краіны. Кампаніі ўсіх сектараў эканомікі атрымаюць права адкрываць паўнавартасныя валютныя рахункі ў банках.

Больш самастойнасці атрымаюць і муніцыпалітэты. Мясцовыя ўлады змогуць распараджацца ўласнымі валютнымі даходамі, распрацоўваць сумесныя праекты з кубінцамі, якія жывуць за мяжой, а таксама ажыццяўляць замежнагандлёвыя аперацыі без пасярэдніцтва цэнтральных органаў улады.

У Гаване мужчына гатуе ежу на цяпельцы падчас адключэння электраэнергіі, 13 мая 2026 года. Фота: AFP via Getty Image

Урад таксама плануе паступова адмовіцца ад шырокай сістэмы субсідавання тавараў і перайсці да адраснай падтрымкі насельніцтва. Сярод іншых мер — паэтапная дэвальвацыя афіцыйнага курса песа, перагляд механізмаў абмену дзяржаўнага доўгу на ўнутраныя актывы, а таксама скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту праз павышэнне падаткаў і адмова ад неэфектыўных выдаткаў. Сярод планаваных мер — паступовае ўвядзенне падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ), якога раней на Кубе не было.

Асобны блок рэформ датычыць энергетыкі. Куба плануе адмяніць падаткі і мытныя зборы на тэхналогіі сонечнай энергетыкі, а замежным кампаніям будзе дазволена непасрэдна пастаўляць на мясцовы рынак сонечныя панэлі, акумулятары і інвертары.

Улады таксама збіраюцца скасаваць большую частку адміністрацыйнага кантролю над цэнамі. Ва ўрадзе прызналі, што папярэднія абмежаванні не змаглі стрымаць інфляцыю і толькі ўзмацнілі структурныя дысбалансы ў эканоміцы.

Нагадаем, што рэформы прымаюцца на фоне глыбокага эканамічнага крызісу, узмацнення санкцыйнага ціску ЗША і нафтавай блакады, якая пагоршыла становішча кубінскай эканомікі, нанесла ўдар па турызме, пастаўках паліва і працы дзяржаўных прадпрыемстваў.

У той жа час, як адзначае Geo.tv, прэзідэнт краіны Дыяс-Канель падкрэсліў, што рашэнне адкрыць эканоміку не звязана з перамовамі паміж Гаванай і Вашынгтонам, якія пачаліся на пачатку года.

Новыя меры фактычна адмяняюць значную частку эканамічных асноваў, якія былі скапіяваныя з савецкай сістэмы і ўведзеныя пасля рэвалюцыі 1959 года. Перамены падтрымаў і лідар Камуністычнай партыі Кубы Рауль Кастра. У пісьмовым пасланні, якое спачатку было зачытана сябрам Палітбюро, а пасля і дэпутатам, ён назваў рэформы «карыснымі» і заклікаў як мага хутчэй прыступіць да іх рэалізацыі.

Пакуль незразумела, наколькі хутка і праз якія механізмы будзе ўкараняцца гэты маштабны пакет пераўтварэнняў. Бо ў камуністычных краінах і рэпрэсіўных рэжымах на паперы і на тэлеэкранах часта адно, а ў рэальнасці — іншае.

Каментары9

  • Трумпапаня
    19.06.2026
    Кубінскія партакраты-феадалы зразумелі, што трэба зрабіць па-кітайскі, з захаваннем феадальнай ўлады камуністычных наменклатуршчыкаў.
    Няўжо і ім, як кітайцам дапаможуць амерыканцы ?
  • крах коммунизма
    19.06.2026
    " яны хочуць выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці сацыялістычнай сістэмы."

    Признали отказ от коммунизма в его Маркса-Энгельса понимании, практически взяли курс на построение социал-демократии на Кубе.
  • Рыгор
    19.06.2026
    Вось так, без адзінага стрэлу Трамп змяніў эканамічную сістэму Кубы, а вы кажаце... Будзе зменены і палітычны строй, асабліва калі наступным прэзідэнтам буде Марко Рубіа.

Цяпер чытаюць

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА54

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль упершыню з сакавіка атакаваў Сірыю, абвінаваціўшы Турцыю ў спробе размясціць войскі на авіябазе ў Ідлібе

У Рыме праз засуху сталі бачныя апоры старажытнарымскага моста1

Былы міністр абароны Фёдараў заклікаў правесці ва Украіне выбары21

У Варшаве знайшлі мёртвым расійскага апазіцыянера

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?8

Хмарачос «Газпрам Цэнтр» у Мінску амаль дарос да свайго найвышэйшага пункта ФОТЫ2

Рыжанкоў паляцеў адпачываць у КНДР10

«Крамнае ніколі не заменіць сваё». Жыхарка Мінскага раёна трымае на сваім падворку цэлую сотню птушак

Пад Мсціславам, магчыма, ужо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад радыеактыўны могільнік6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА54

Як асабістая доктарка Лукашэнкі вучыць беларусаў цаніць радзіму, а сама скупляе люкс і адпачывае на Блакітным Беразе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць