Усяго патроху

Сланы ўмеюць, як і людзі, гатаваць лекавыя сумесі для сваіх сланянят

Навукоўцы высветлілі, што афрыканскія сланы могуць не толькі самастойна выкарыстоўваць лекавыя расліны, але і гатаваць з іх своеасаблівыя лекі для сваіх дзіцянят. Такія паводзіны ўпершыню ўдалося дакументальна зафіксаваць падчас назіранняў за сланамі ў раёне гары Элган на захадзе Кеніі, піша The Telegraph.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Даследчыкі з Інстытута трапічнай медыцыны Бернгарда Нохта ў Гамбургу лічаць, што сланы, якія жывуць каля Элгану, выкарыстоўваюць у мэтах лекавання не менш за 35 відаў раслін. У некаторых выпадках самкі перажоўвалі пэўныя карані і лісце, а затым змешвалі іх з грудным малаком, каб даць дзіцянятам.

Самалячэнне раней назіралі і ў іншых жывёл, у тым ліку ў чалавекападобных малпаў. Аднак да гэтага часу не было дакументальна пацверджаных выпадкаў, калі жывёла самастойна гатавала лекавы сродак і давала яго іншаму прадстаўніку свайго віду.

Сланы гары Элган і раней былі вядомыя незвычайнымі паводзінамі. Яны здабываюць біўнямі мінералы з глыбокіх пячор, дапаўняючы імі свой рацыён. Цяпер даследчыкі высветлілі, што жывёлы таксама мэтанакіравана выкарыстоўваюць лекавыя расліны, якія растуць на схілах Элгану — аднаго з найстарэйшых патухлых вулканаў Афрыкі, размешчанага на мяжы Кеніі і Уганды.

Навукоўцы на чале з доктарам Фаб'енам Шульцам заўважылі, што некаторыя расліны сланы спецыяльна шукалі ў той час, калі хварэлі. Пры гэтым яны выбіралі пэўныя віды раслін у залежнасці ад свайго стану. Тыя ж расліны самкі давалі дзіцянятам. Многія з выяўленых раслін выкарыстоўваюцца і ў традыцыйнай медыцыне мясцовых народаў, а навуковыя даследаванні пацвердзілі наяўнасць у іх антыбактэрыйных, супрацьзапаленчых або супрацьпаразітарных уласцівасцяў.

Акрамя раслін, сланы ўжывалі чатыры віды глебы, мінералаў або гліны. Даследчыкі мяркуюць, што яны таксама могуць быць часткай натуральнай сістэмы падтрымання здароўя гэтых жывёл.

Назіранні паказваюць, што сланы не выпадкова ядуць пэўныя расліны, а могуць мэтанакіравана шукаць іх, калі маюць патрэбу ў лячэнні. У выніку навукоўцы лічаць, што афрыканскія сланы могуць валодаць значна больш разнастайным і складаным наборам прыродных лекавых сродкаў, чым меркавалася раней.

Раней у Кеніі таксама назіралі, як цяжарныя сланіхі елі лісце некаторых дрэў. Мяркуецца, што так яны стымулявалі роды і палягчалі пасляродавы стан. Жанчыны ў Кеніі таксама гатуюць з гэтых раслін чай з падобнай мэтай.

Іншае даследаванне, праведзенае ў 2025 годзе ў Габоне, паказала, што афрыканскія лясныя сланы, заражаныя вялікай колькасцю паразітаў, часцей елі сцёблы бананаў і расліны папаі, чым больш пажыўную ежу. Абедзве расліны ўтрымліваюць рэчывы, здольныя ўздзейнічаць на кішэчных паразітаў.

Навукоўцы адзначаюць, што вывучэнне самалячэння сланоў можа дапамагчы лепш зразумець іх кагнітыўныя здольнасці і здольнасць прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя. Адначасова гэта падкрэслівае важнасць захавання месцаў іх пражывання, бо знішчэнне прыродных экасістэм можа пазбавіць сланоў доступу да раслін і іншых рэсурсаў, неабходных для падтрымання здароўя.

Цяпер даследчыкі вывучаюць сабраныя расліны ў лабараторыях, каб дакладна вызначыць іх фармакалагічныя ўласцівасці. Паводле Крыстафера Паўлза з дабрачыннага фонду Mount Elgon Foundation, вынікі даследавання таксама могуць сведчыць пра тое, што веды сланоў пра лекавыя ўласцівасці раслін перадаюцца ад аднаго пакалення да другога.

Падобныя паводзіны назіралі і ў іншых жывёл. Напрыклад, макакі на Гібралтары пасля ўжывання салодкай і салёнай ежы, якую яны атрымліваюць або крадуць у турыстаў, могуць есці глебу. Навукоўцы мяркуюць, што яна дапамагае змякчыць негатыўны ўплыў такой ежы на стрававальную сістэму.

Каментары

Цяпер чытаюць

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі26

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Усе навіны →
Усе навіны

На месцы некалі планаванага ГЗЦ «Трайпла» будуюць тры шматпавярховікі

Збой Google Cloud праз праблему ў дата-цэнтры ў Лондане парушыў працу сэрвісаў па ўсёй Еўропе1

«Да Магілёва 20 хвілін, а да Дрыбіна — больш за гадзіну». Вясковыя пенсіянеры выступілі супраць змены межаў раёнаў3

Бяда ў беларускага Z-гурта Skynet: саліст скардзіцца, што ўлады не пускаюць іх на сцэну30

Spotify будзе правяраць праз QR-код, ці жывуць сумесна ўладальнікі сямейных падпісак7

Кая Калас: Амерыканскія перамоўшчыкі ўжо амаль два гады спрабуюць схіліць Украіну да капітуляцыі5

У Бярозаўскім раёне мужчына прайграваў у казіно нават дапамогі на выхаванне дзіцяці

У 46 год памёр віцэ-прэзідэнт EPAM, адзін з кіраўнікоў бізнэсу ў Паўночнай Амерыцы Алег Вільчынскі6

Японія паспяхова запусціла місію да спадарожнікаў Марса1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі26

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць