«Вырашыў пераехаць у двухузроўневы «катэдж з камінам» у вёсцы», — жартуе Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале.
Палітык і былы палітвязень расказаў, што ў сувязі са зносам дамоў у Лошыцы, ім з жонкай давялося пераехаць у вёску. І згадаў, як улады распаўсюджвалі чуткі пра яго маёмасць, хоць ён жыў сціпла.
«Найбольш распаўсюджаныя плёткі пра тое, што апазіцыянеры атрымоўваюць і прысвойваюць велізарныя грошы ад замежных краін. З-за ўласцівай большасці людзей зайздрасці і адсутнасці ў іх уяўленні іншых матываў для небяспечнай і няроўнай барацьбы з рэжымам, акрамя грошай і ўлады, яны часта ўспрымаюць гэтыя плёткі, як праўдзівыя, — піша Статкевіч. —
Асабліва, калі ў пэўнага апазіцыянера сапраўды ёсць нейкая маёмасць (напрыклад, катэдж альбо аўтамабіль), якія можна паказаць па дзяржаўнаму тэлебачаньню.
Складаней, калі такой маёмасці няма. Тут застаюцца толькі вусныя плёткі. Але не трэба недаацэньваць іх эфектыўнасць. Тым болей, што ў рэжыма ёсць магутная схаваная сетка для іх распаўсюджвання. Я маю на ўвазе сексотаў ды інфарматараў спецслужбаў (калі карацей — стукачоў). Быць стукачом — маральна няўтульная функцыя.
Матывы, па якім робяцца стукачамі, звычайна самыя нізкія. У грамадстве стукачы выклікаюць агіду. Таму яны з радасцю ўспрымаюць інфармацыю ад куратара пра, нібыта, нізкія матывы апазіцыянераў, адразу ёй вераць і ахвотна распаўсюджваюць нават без загаду. Ім так псіхалагічна камфортней — лічыць тых, на каго іх прымусілі «стукаць», такімі ж мярзотнікамі, якімі людзі лічаць саміх стукачоў.
Яшчэ больш ахвотна стукачы разносяць плёткі пра нібыта «стукацтва» іншых, асабліва, вядомых людзей, якімі «даверліва» з імі дзеліцца куратар, каб не толькі запусціць плётку, але і псіхалагічна падтрымаць свайго стукача. Маўляў, не ты адзін такі.
Глядзі, хто яшчэ на на нас працуе. Праўда, тут у аб'екта дыскрэдытацыі можа з'явіцца і пэўны бонус. Стукачы настолькі некрытычна і з поўным даверам успрымаюць такую плётку, што могуць пры сустрэчы нават пачаць намякаць яе аб'екту, што яны ведаюць пра яго «супрацоўніцтва» і што яны, так бы мовіць, «калегі» ў справе стукацтва. Чым самі сябе выяўляюць. Але бонус гэты мае і зваротны бок. Бо, як сказана ў Бібліі: « У вялікім веданні вялікі сум». Іншым разам робіцца цяжкім не згубіць веру ў людзей.
Мне даводзілася ледзь не дзесяцігоддзямі быць аб'ектам самых розных плётак. Спачатку я па наіўнасці лічыў, што ні па аднай пазіцыі не магу быць аб'ектам для іх. Але дарэмна — яшчэ ў канцы 90‑х з'явіліся плёткі пра «мой катэдж», чамусьці, ў Калодзішчах.
Які мне так і не атрымалася пабачыць, бо яго ніколі не паказвалі па БТ, але самыя розныя людзі, ад міліцыянтаў да артыстаў былі цвёрда ўпэўнены ў яго наяўнасці ў мяне. Прайшлі дзесяцігоддзі, за якія я правёў у нетрах пенітэнцыярнай сістэмы рэжыму (на Акрэсьціна, «хіміі», калоніях і турмах) агулам каля 14 гадоў. Да таго ж, з пастаяннымі судовымі іскамі (апошні, які «вісіць» і цяпер, як і ў маіх «падзельнікаў»— 26 мільёнаў рублёў). Але, як хутка высветлілася, уяўны «мой катэдж» ацалеў дагэтуль. Нават з'явіліся нейкія яго дэталі.
Як распавяла былая карэспандэнтка вядомага замежнага дэмакратычнага медыя сяброўцы маёй жонкі, я, нібыта, маю «трохузроўневы катэдж». Сяброўка адказала, што бывала ў нас з Марынай дома і што гэта звычайны стары дом у Лошыцы, які, дарэчы, часта наведвалі калегі той журналісткі.
Тая ж упэўнена і безапеляцыйна заявіла: «Вы нічога не ведаеце».
Не магу не аддаць належнае прафесіяналізму былой журналісткі, бо ў нечым яна мела рацыю — той «катэдж» у Лошыцы быў сапраўды «трохузроўневы», калі палічыць паддашак і склеп.
Ну, паддашак усім бачны. Але як яна здагадалася пра той склеп? Вось што значыць прафесіяналка.
Зараз з-за зносу Лошыцы мы пераехалі адтуль. Але, ужо зразумеўшы, што далейшае змаганне з «маім катэджам» бессэнсоўнае, я вырашыў, мабыць, першы раз у жыцці, капітуляваць перад непазбежным.
Таму прызнаюся тут у наяўнасці «катэджа», у які я нядаўна пераехаў замест выдзеленай у сувязі са зносам дома ў Лошыцы гарадской кватэры.
Бо жыццё гадамі ў бетоннай турэмнай «шафе» памерамі 1×3 метры без магчымасці ўбачыць неба нават скрозь сетку, стварае асаблівае стаўленне да звычайных для іншых людзей рэчаў — дрэў, травы, неба за вокнамі ці над галавой.
Да таго ж, не хочацца цягнуць за сабой ў тую новую кватэру сваю звычайную «світу» з судовых выканаўцаў і «праваахоўнікаў» розных тыпаў. Марыне і без таго хапіла стасункаў з імі.
Ды й сабак трэба некуды падзець. Зараз у гарадскіх кватэрах забаранілі трымаць болей за двух гадаванцаў. Не выкідваць жа сабак з катамі на вуліцу. Вось так усё супала.
Таму вырашыў пераехаць у пакуль двухузроўневы «катэдж з камінам» у вёсцы. Праўда, там 20 гадоў ніхто не жыў. Прыйшлося доўга яго высушваць. На фотах ніжэй той катэдж, якім я пабачыў яго ў сёлетнім сакавіку.

Цяпер працягваем даводзіць яго да ладу. Дровы на зіму ўжо набылі. І сабакі тут не лішнія. Не дарэмна ж напярэдадні перасялення доблесныя «службы» ледзь не цэлую спецаперацыю праводзілі, каб іх выкрасці. А меньшы руды — прыроджаны фартыфікатар, норы, у якіх можа схавацца цалкам, выкопвае на вачах. Так што колькасць узроўняў у «катэджы» можа вырасці да невядомай нікому велічыні. Які прастор для фантазій тутэйшых пінкертонаў!
Не трэба думаць, што гэта я «залёг на дно» ў вёсцы. Зрэшты, да Мінска тут недалёка і транспарт ходзіць рэгулярна. Калі ж у некаторых з'явіцца ідэя паўтарыць тут гісторыю, як у 2010 годзе з Алегам Бябеніным [журналіста знайшлі павешаным на свамм лецішчы за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў — НН],
то на такі выпадак публічна паведамляю, што я, па-ранейшаму вельмі люблю жыццё, прыроду і сваіх блізкіх і не магу нават уявіць ніякай нагоды, каб памяняць сваё стаўленне да ўсяго гэтага. Да таго ж прывык даводзіць свае справы да канца.

P. S. Судовым выканаўцам прапаную не ўзбуджацца — «катэдж», як і ўся маёмасць у ім, мне не належаць», — напісаў Мікалай Статкевіч.
Цяпер чытаюць
Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Каментары
Альбо пра тое што не гаманцы Лукі не афіляваныя з рэжымам. Праўда гэта ці не, невядома зусім. Але плётка ёсць :)