«МЗС будзе працягваць падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі да таго часу, пакуль беларусы не змогуць свабодна і дэмакратычна вырашаць будучыню сваёй краіны».

Міністэрства замежных спраў Літвы пісьмова адказала на 16 пытанняў, дасланых пад подпісам члена літоўскага сейма Рымаса Ёнаса Янкунаса. Адказы апублікаваў у сваім тэлеграм-канале палітык Дзмітрый Балкунец.
1. На якой прававой падставе і рашэннем якой службовай асобы было акрэдытавана Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі? Падайце копіі дакументаў, звязаных з гэтай акрэдытацыяй (заяву і акт пра наданне акрэдытацыі). Які афіцыйны прававы статус гэтага прадстаўніцтва ў Літве? Якія правы і абавязкі гэта прадстаўніцтва набыло, атрымаўшы акрэдытацыю?
Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі 16 чэрвеня 2021 года акрэдытавана пры Міністэрстве замежных спраў Літоўскай Рэспублікі як «іншае прадстаўніцтва» ў адпаведнасці з Палажэннем пра акрэдытацыю ў Літоўскай Рэспубліцы членаў дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, консульскіх устаноў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, устаноў Еўрапейскага саюза і іншых прадстаўніцтваў, зацверджаным пастановай Урада Літоўскай Рэспублікі № 4 ад 6 студзеня 1998 года «Аб зацвярджэнні Палажэння пра акрэдытацыю ў Літоўскай Рэспубліцы членаў дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, консульскіх устаноў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, устаноў Еўрапейскага саюза і іншых прадстаўніцтваў» (далей — Палажэнне).
Пункт 2 Палажэння вызначае: «Іншае прадстаўніцтва — прадстаўніцтва суб'екта, які валодае асаблівым статусам па міжнародным праве, або іншага суб'екта, міжнароднае супрацоўніцтва Літоўскай Рэспублікі з якім адпавядае мэтам знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі, устаноўленым у прававых актах, прынятых Сеймам Літоўскай Рэспублікі, акрэдытаванае пры Міністэрстве замежных спраў Літоўскай Рэспублікі рашэннем міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі». Прадстаўляем падпісаную Святланай Ціханоўскай 1 чэрвеня 2021 года заяву ад імя беларускай грамадзянскай супольнасці і адказ Міністэрства замежных спраў ад 18 чэрвеня 2021 года (дадаюцца). Святлана Ціханоўская і іншыя члены прадстаўніцтва не акрэдытаваныя.
2. Які дыпламатычны статус Святланы Ціханоўскай і яе мужа ў Літве? Якія ў іх ёсць дазволы і імунітэты?
Святлана Ціханоўская і яе муж не маюць дыпламатычнага статусу ў Літве, адпаведна, на іх не распаўсюджваюцца дыпламатычныя імунітэты і прывілеі. У адпаведнасці з Парадкам падрыхтоўкі візітаў афіцыйных гасцей у Літоўскую Рэспубліку, зацверджаным пастановай Урада Літоўскай Рэспублікі № 1485 ад 27 лістапада 2003 года «Аб зацвярджэнні Парадку падрыхтоўкі візітаў афіцыйных гасцей у Літоўскую Рэспубліку» (далей — Парадак), рашэннем Міністэрства замежных спраў ад 29 студзеня 2021 года Святлане Ціханоўскай быў нададзены статус афіцыйнага госця катэгорыі C.
3. Які ўплыў рашэнне акрэдытаваць Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі аказала на дыпламатычныя адносіны Літвы і Беларусі?
На дыпламатычныя адносіны Літвы і Беларусі ў апошнія гады ўплывала мноства выклікаў: дапамога Беларусі Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны, штучна створаныя міграцыйныя крызісы на літоўска-беларускай мяжы, розныя гібрыдныя пагрозы, уключаючы інфармацыйныя атакі, правакацыі супраць грамадзян Літоўскай Рэспублікі, правакацыі на мяжы, выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў і кантрабандныя патокі і інш. Дзейнасць Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі адпавядае доўгатэрміновым нацыянальным інтарэсам Літвы, замацаваным у дакументах, прынятых Сеймам Літоўскай Рэспублікі, і ў праграме Урада Літоўскай Рэспублікі.
4. Як вы ацэньваеце тое, што Прадстаўніцтва дэмакратыі ўсёй Беларусі дзейнічае ў Літве як публічная ўстанова, якая знаходзіцца ва ўласнасці адной асобы, афіцыйнымі кірункамі дзейнасці якой з'яўляюцца друкарская і выдавецкая дзейнасць?
Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі акрэдытаванае пры Міністэрстве замежных спраў Літоўскай Рэспублікі як «іншае прадстаўніцтва», і на гэтай падставе з ім падтрымліваюцца адносіны.
5. Як вы ацэньваеце тое, што афіцыйны сайт Прадстаўніцтва дэмакратыі Беларусі па сутнасці супадае з сайтам яе асабістай публічнай установы Office of Sviatlana Tsichanouskaya, а адрас гэтага сайта https://tsikhanouskaya.org/ па сутнасці супадае з прозвішчам кіраўніка Прадстаўніцтва дэмакратыі Беларусі? Ці не выклікае гэта ў вас асацыяцый з культам правадыра, які прапагандуецца цяперашнім беларускім рэжымам?
Выбар адраса сайта Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі з'яўляецца рашэннем адміністрацыі самога прадстаўніцтва. Варта звярнуць увагу на тое, што Святлана Ціханоўская пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года набыла статус міжнародна прызнанага лідара беларускіх дэмакратычных сіл, з яе іменем звязаныя дзейнасць беларускіх дэмакратычных сіл і іх арганізацыя.
6. Як вы ацэньваеце размешчаную на гэтым сайце прэамбулу праекта новай Канстытуцыі Беларусі і выразна бачныя ў ёй прыкметы легітымізацыі саветызму і літвінізму? Ці адпавядае пазіцыя Прадстаўніцтва дэмакратыі Беларусі, якая падтрымлівае такі праект, інтарэсам Літоўскай дзяржавы?
Святлана Ціханоўская неаднаразова публічна асуджала літвінізм, а дзейныя ў Літве грамадскія беларускія арганізацыі ў 2024 годзе падпісалі дэкларацыю, у якой выразна адмяжоўваюцца ад гэтых ідэй. Наяўныя ў дакументах Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі спасылкі на Вялікае Княства Літоўскае і яго гістарычную спадчыну адлюстроўваюць факт агульнага гістарычнага мінулага Літвы і Беларусі. Публічна апублікаваная Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі інфармацыя пацвярджае, што спецслужбы Расіі і Беларусі выкарыстоўваюць тэму літвінізму як адзін з інструментаў распальвання варожасці ў Літве паміж літоўцамі і беларусамі і дэстабілізацыі іх узаемаадносін. Таму, вылучаючы розныя здагадкі, важна аддзяляць гістарычныя факты ад заснаваных на маніпуляцыях наратываў, якія распаўсюджваюцца варожымі дзяржавамі.
7. Ці вядомая вам аналагічная практыка ў іншых дзяржавах, калі дыпламатычная акрэдытацыя надаецца публічнай установе, якая знаходзіцца ва ўласнасці адной фізічнай асобы?
Міністэрства замежных спраў такую інфармацыю не збірае.
8. Ці разглядала б МЗС акрэдытацыю публічных устаноў (апазіцыйных прадстаўніцтваў) іншых грамадзян Беларусі або іншых дзяржаў, якія выступаюць супраць рэжымаў гэтых краін? Якім патрабаванням яны павінны былі б адпавядаць, каб атрымаць такую акрэдытацыю? Калі не, то чым абгрунтоўваецца выключнасць акрэдытаванай арганізацыі?
У адпаведнасці з Палажэннем, рашэннем міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі можа быць акрэдытаванае прадстаўніцтва суб'екта, які валодае асаблівым статусам па міжнародным праве, або іншага суб'екта, міжнароднае супрацоўніцтва Літоўскай Рэспублікі з якім адпавядае мэтам знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі, вызначаным у прававых актах, прынятых Сеймам Літоўскай Рэспублікі.
9. Ці лічыць МЗС Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі адзіным легітымным выразнікам палітычнай волі беларускага народа? Ці падтрымлівае МЗС сувязі з іншымі беларускімі апазіцыйнымі арганізацыямі і іх лідарамі? З якімі? Якую падтрымку (фінансавую і нефінансавую) яно ім аказвае?
Літва застаецца бяспечнай і адкрытай прасторай для ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл, якія імкнуцца да свабоды і вяршэнства права ў сваёй краіне. Міністэрства замежных спраў падтрымлівае нефармальныя сувязі з рознымі беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ініцыятывамі грамадзянскай супольнасці, якія кіруюцца дэмакратычнымі прынцыпамі, падтрымлівае іх намаганні і праекты, накіраваныя на барацьбу з нелегітымным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, яго саўдзелам у агрэсіі Расіі супраць Украіны, на спыненне парушэнняў правоў чалавека, доўгатэрміновую дэмакратызацыю Беларусі і захаванне яе суверэнітэту. Усё гэта ўзмацняе голас беларусаў на міжнароднай арэне, а Літва, у сваю чаргу, аказвае палітычную, экспертную і іншую практычную падтрымку.
10. Якія канкрэтныя сродкі дзяржаўнага бюджэту (сумы ў еўра, крыніцы, бюджэтныя артыкулы) былі выдзеленыя на прамое фінансаванне прадстаўніцтва беларускай апазіцыі ў Літве і яе лідараў (уключаючы Святлану Ціханоўскую) з 1 студзеня 2020 года па 1 жніўня 2025 года? Прашу даць разбіўку па гадах, уключаючы дату кожнага плацяжу, атрымальніка і мэту.
Міністэрства замежных спраў не валодае інфармацыяй пра прамое фінансаванне Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі з дзяржаўнага бюджэту.
11. Якія формы ўскоснай фінансавай падтрымкі (напрыклад, праз фонды ЕС, міжнародныя праграмы або іншыя ўстановы, якія курыруе або адмініструе МЗС) аказваліся прадстаўніцтву беларускай апазіцыі і яе лідарам з 1 студзеня 2020 года па 1 жніўня 2025 года? Прашу падаць суму кожнай падтрымкі, крыніцу, атрымальніка, праект або праграму (напрыклад, Праграмы садзейнічання дэмакратыі) і справаздачы пра іх выкарыстанне.
Сродкі праграмы Міністэрства замежных спраў па супрацоўніцтве ў мэтах развіцця і падтрымцы дэмакратыі (далей — Праграма) размеркаваны на падставе рашэнняў Камісіі па супрацоўніцтве ў мэтах развіцця і наданні гуманітарнай дапамогі (далей — Камісія). З 1 студзеня 2020 года Камісія не прымала рашэнняў пра выдзяленне сродкаў Праграмы Прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі. Камісія таксама не прымала рашэнняў пра выдзяленне мэтавых унёскаў, прызначаных Прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі, іншым фондам і міжнародным арганізацыям, якія ажыццяўляюць дзейнасць па супрацоўніцтве ў мэтах развіцця.
12. Якія формы нефінансавай падтрымкі (напрыклад, наданне памяшканняў, лагістычная дапамога, меры бяспекі, выдача дыпламатычных віз, арганізацыя мерапрыемстваў або іншыя паслугі) надаваліся прадстаўніцтву беларускай апазіцыі і яе лідарам з 1 студзеня 2020 года па 1 жніўня 2025 года? Прашу даць падрабязны ўлік, уключаючы кошт кожнага віду падтрымкі ў еўра (калі магчыма ацаніць), працягласць, атрымальнікаў і звязаныя дакументы (напрыклад, дамовы або пратаколы).
У адпаведнасці з Парадкам Святлане Ціханоўскай як афіцыйнаму госцю Літоўскай Рэспублікі належыць паслуга залы вылету (прылёту) асабліва важных персон. Яе аплачвае Міністэрства замежных спраў. У 2021 годзе на гэта было выдзелена 13 тысяч еўра, у 2022 годзе — 74 тысячы еўра, у 2023 годзе — 92 тысячы еўра, у 2024 годзе — 129 тысяч еўра, у першым паўгоддзі бягучага года на гэту мэту выкарыстана 44 тысячы еўра. Пытанні гарантавання бяспекі Святланы Ціханоўскай не ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства замежных спраў.
13. Якія аўдыты або праверкі былі праведзеныя ў дачыненні да выкарыстання вышэйзгаданай фінансавай і нефінансавай падтрымкі з 1 студзеня 2020 года па 1 жніўня 2025 года? Прашу даць справаздачы пра аўдыты, высновы і любыя выяўленыя парушэнні, уключаючы ацэнкі Дзяржаўнага кантролю або іншых устаноў. Калі аўдыты не праводзіліся, прашу назваць прычыны.
Аддзел унутранага аўдыту Міністэрства замежных спраў дзейнічае згодна з працэдурамі, устаноўленымі ў методыцы ўнутранага аўдыту Міністэрства замежных спраў. З улікам мэтаў дзейнасці Міністэрства замежных спраў, дакументаў стратэгічнага планавання і на падставе ацэнкі рызык гэты аўдыт у планы на 2021—2025 гады не ўключаўся.
14. Якія прававыя акты або міжнародныя пагадненні рэгламентуюць наданне гэтай падтрымкі? Прашу даць спасылкі на канкрэтныя артыкулы або пункты і растлумачыць, як яны забяспечваюць празрыстасць і справаздачнасць літоўскім падаткаплатнікам. Калі падтрымка аказваецца без прамога бюджэтнага асігнавання, прашу ўказаць альтэрнатыўныя механізмы фінансавання і абгрунтаванне іх законнасці.
Паслуга залы вылету (прылёту) асабліва важных персон належыць Святлане Ціханоўскай як афіцыйнаму госцю Літоўскай Рэспублікі, што прадугледжана Парадкам. Кампетэнтныя службы арганізуюць ахову афіцыйнага госця, кіруючыся дзейнымі прававымі актамі і праведзенай ацэнкай пагроз і рызык бяспекі.
15. Ці плануе МЗС працягваць гэтую падтрымку ў будучыні? Як доўга? Па якіх крытэрыях ацэньваецца і ці ацэньваецца наогул мэтазгоднасць гэтай падтрымкі і акрэдытацыі самога прадстаўніцтва? Прашу падаць прагназаваныя сумы і формы на бюджэтны перыяд 2026 года, уключаючы любыя змены, звязаныя з палітычнай сітуацыяй у Беларусі або Літве.
Міністэрства замежных спраў будзе працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл да таго часу, пакуль беларусы не змогуць свабодна і дэмакратычна вырашаць будучыню сваёй краіны, а прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, якія прадстаўляюць іх інтарэсы, — бяспечна вярнуцца і жыць у сваёй краіне. Даўшы Прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі і Святлане Ціханоўскай афіцыйны статус, Літва прыняла на сябе палітычную адказнасць, разгойдванне якой пацягнула б за сабой канкрэтныя практычныя і рэпутацыйныя наступствы.
Працяг падтрымкі Літвой беларускіх дэмакратычных сіл узмацняе рэпутацыю Літвы як актыўнай краіны, якая падтрымлівае дэмакратычныя рухі ва Усходняй Еўропе і абараняе правы чалавека на міжнароднай арэне, павышае прыкметнасць Літвы ў рэгіёне і ў міжнароднай супольнасці, прыносіць эканамічную выгаду дзякуючы дзейнасці міжнародных няўрадавых арганізацый, СМІ і донараў, а таксама дапамагае захаваць статус Вільні як цэнтра, які аб'ядноўвае беларускія дэмакратычныя сілы.
16. Ці цікавіцца МЗС і ці валодае данымі пра іншыя крыніцы, за кошт якіх забяспечваецца функцыянаванне гэтых арганізацый? Ці пераканалася МЗС, што яны не фінансуюцца за кошт сродкаў Беларусі або Расіі?
Пытанні празрыстасці фінансавання дзейных у Літве няўрадавых, грамадскіх і іншых арганізацый не ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства замежных спраў.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
[Зрэдагавана]
[Зрэдагавана]