Тэлеграм-канал, створаны лукашэнкаўцамі, пералічвае прыкметы таго, што Расія рыхтуецца згарнуць вайну.

«Ужо пэўны час узмацняецца тэндэнцыя да заканчэння СВА, — піша тэлеграм-канал «Белорусскій сіловік», эўфемізм «СВА» яны на ўзор расіян выкарыстоўваюць для называння вайны супраць Украіны. — Шмат хто з маіх падпісчыкаў [з Расіі] з розных сфер ужо працяглы час дасылае інфармацыю пра тое, што паўсюдна ідзе «выкрэсліванне» згадак пра СВА са штодзённага жыцця. Вы можаце проста паназіраць за гэтым найбліжэйшым часам пасля прачытання допісу.
Недаўна я добра-такі пасмяяўся, калі адзін сяброўскі адмін, які размяшчае рэкламныя інтэграцыі вялікіх расійскіх карпарацый, даслаў вялікі спіс слоў, якія не мусяць публікавацца ў канале, каб гэта рэкламная інтэграцыя выйшла. Сярод гэтых слоў было ўсё, што звязана з вайной, і, на маё здзіўленне, нават згадка расійскага лідара.
Бізнес заўсёды задае трэнды раней, чым яны становяцца відавочнымі», — падсумоўвае канал.
Расследаванне «Нашай Нівы» выявіла, што за каналам «Белорусскій сіловік» стаіць афіцэр Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Артур Гайко. Рыторыка канала заўсёды была агрэсіўнай, з праслаўленнем вайны і рэпрэсій і распальваннем нянавісці да Украіны і дэмакратыі.
«Усе вакол, вядома ж, хочуць міру. Я ў тым ліку. Ужо і не палічыць, колькі людзей, якім я дапамагаў праз свой канал, больш мне ніколі не адкажуць. Пытанне толькі ў тым, якім коштам будзе дасягнуты гэты мір», — двухсэнсоўна піша аўтар канала.
Гэта прачытваецца дваіста: або як шкадаванне пра тыя сотні тысяч расійскіх сілавікоў, якія сталі ахвярамі імперскіх амбіцый, або як крытыка гатоўнасці Масквы скончыць вайну, так і не дасягнуўшы яе мэтаў. Або і тое, і тое.
Рост страт расійскай арміі прывёў да спынення расійскага наступу. У 2025 годзе Расія акупавала менш за 1% тэрыторыі Украіны коштам страты прыкладна 150 тысяч вайскоўцаў забітымі. За 10 месяцаў 2026 года Расія заняла каля 0,1% тэрыторыі, пры тым што страты перавышаюць мінулагоднія. Такі кошт прасоўвання можа быць непрымальны нават для абясчалавечанага расійскага грамадства.
Дваістая рыторыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спараджала ў Крамля надзеі, што яму ўдасца спакусіць Вашынгтон на падзел Еўропы на сферы ўплыву ўзамен за допуск амерыканскіх карпарацый да распрацоўкі расійскіх прыродных рэсурсаў. Напад ЗША і Ізраіля на Іран прывёў да скачка цэнаў на энерганосьбіты, які не толькі прынёс звышпрыбыткі амерыканскім нафтагазавым кампаніям, але і напоўніў расійскі ваенны бюджэт. Аднак дапамога краін Еўропы кампенсавала Украіны страту амерыканскай падтрымкі, украінская армія выстаяла. А правал трампістаў на выбарах у Кангрэс канчаткова паставіў пад сумнеў спадзяванні Крамля.
Паказальна, што новы раўнд перамоваў па Украіне Масква і Вашынгтон адкладалі на пасля выбараў у Кангрэс.
За тыдзень перад перамовамі Украіна нанесла ўдары па сямі нафтаперапрацоўчых комплексаў Расіі, вывеўшы з ладу да 30 працэнтаў магутнасцей. У выніку з панядзелка, 9 лістапада «Раснафта» ўвяла абмежаванні на продаж паліва на ўсіх запраўках Расіі.
На перамовах у Абу-Дабі ўпершыню прысутнічаў камандуючы сіламі NATO ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч — прыкмета таго, што Масква пайшла на больш прадметныя размовы. На перамовы ўпершыню прыбыла і еўрапейская дэлегацыя, з якой каардынуе свае дзеянні ўкраінскі бок.
Каментары