Павал Батуеў (справа) і Зьміцер Гаўрусік.

Фота Андрэя Лянкевіча

Зьмітра Касьпяровіча, Паўла Батуева і Зьмітра Гаўрусіка затрымалі каля Менгарвыканкаму, зьвінаваціўшы ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга. Доказам стаў штандар, сарваны Зьмітром Касьпяровічам з даху гарвыканкаму. Хлопцу пагражае год абмежаваньня волі ("хімія") - яго вінавацяць у "зьнявазе дзяржаўных сымбаляў" (арт. 339, ч.1 КК). Батуева з Гаўрусікам выпусьцілі ўначы з 20 на 21 студзеня, цяпер яны праходзіць па справе як сьведкі.

24 студзеня Павал Батуеў пераслаў Касьпяровічу перадачу: кілбасу, сала, печыва, гарбату, цыгарэты. "Гарбата й цыгаркі аж пахнуць, калі ты ў турме".

"Пацярпелымі" апрача затрыманых хлопцаў апынуліся й сваякі Гаўрусіка: у яго дома правялі ператрус. Жонка Тацяна кажа, што міліцыянты напалохалі іх дзьвюхмесячную дачку ды Зьмітровага 78-гадовага бацьку. Канфіскавалі паперы з асабістага архіву ды стары самвыдат.

Хлопцаў першыя двое сутак трымалі ў КПЗ Маскоўскага РУУС. У пастарунку іх сфатаграфавалі, зрабілі адбіткі пальцаў, запісалі голас, прымусіўшы чытаць тэкст пра Нацыянальную бібліятэку.

Камэры ў КПЗ не прызначаныя для доўгага ўтрыманьня, таму за двое сутак хлопцы пасьпелі ўбачыць безьліч народу. "Сядзелі мы ўсе ў розных камэрах, хаця нас з Гаўрусікам, як пазьней высьветлілася, трымалі ў суседніх. Але перагаворвацца ўсё адно не было магчымасьці", - для Батуева затрыманьне сталася шокам, ён - студэнт-завочнік БАТУ - прыехаў з Салігорску здаваць сэсію.

Самым цяжкім было адчуваньне бясконца доўгага часу. Прасіліся выйсьці ў прыбіральню, каб толькі не сядзець бессэнсоўна ў камэры гадзінамі. Якая пара дня - невядома: вулічнага сьвятла ў камэры няма, увесь час гарыць бляклая лямпачка. Міліцыянты, праўда, ставіліся карэктна й добразычліва - адчувалі істотную розьніцу ў параўнаньні з сваім традыцыйным "кантынгентам". Некаторыя ахоўнікі нават "стралялі" для іх цыгарэты. "Думаю, ёсьць сэнс павышаць кваліфікацыю й пачаць вывучаць нейкі курс турэмнага этыкету", - разважае Батуеў. Для яго затрыманьне было ня першым: нават у мінулую восень яго затрымлівалі двойчы, але - па адміністрацыйных справах, за несанкцыяваныя акцыі. А вось крымінальнае абвінавачаньне было ўпершыню. Цяпер Павал мяркуе павысіць сваю адукацыю ў гэтай галіне...

Цяжка ў КПЗ было ўначы: зь неахайна (ці адмыслова?) пакладзеных цагляных сьценак страшэнна сыфоніла. Пагатоў, што ўзялі хлопцаў сама перад тым, як ударылі маразы. "Кладзесься спаць, ухутаўшыся ў паліто, а праз паўгадзіны падымаесься - ад калатуна. Зробіш кругоў 40 па камэры - і зноў на паўгадзіны ўкладаесься".

Ізалятар часовага ўтрыманьня, куды іх перавялі 20 студзеня, падаўся ледзь ня раем у параўнаньні з гэтым: там было цёпла. Цёпла і ў СІЗА, дзе цяпер трымаюць Касьпяровіча…

Батуеў кажа, што першыя гадзіны на волі адчуваў незвычайную эўфарыю: "Адчуваў, што магу рабіць, што хачу". Праўда, многія рэчы (мабільнікі, грошы, шапкі, нават матузкі на абутак) пры вызваленьні хлопцам аддалі не адразу, а толькі празь некалькі дзён. Маўляў, калі не падабаецца, можаце пасядзець тут да панядзелка.

Па вызваленьні хлопцы вярнуліся да актыўнае працы. "Цяпер трэба здаваць сэсію: прапусьціў некалькі лябараторных. Думаю, ці пераздаваць іх платна, ці ўсё ж узяць даведку зь міліцыі, што я прапусьціў іх з паважнай прычыны", - Батуеў не губляе аптымізму. Вучыцца ён на электрыка, але хіба што толькі паводле сямейнай традыцыі: па бацькавай лініі ўсе былі ці электрыкамі ці працавалі на шахтах. А Павал, кажа, крыху расчараваўся ўжо ў гэтай сфэры й хацеў бы заняцца вывучэньнем славянскіх моваў.

Ён "захварэў на беларушчыну" ў 1999 г., калі пачуў энэрэмаўскую "Песьню пра каханьне". Потым пабачыў улётку "Краю" - і стаў "краёўцам". У 2001 г. у рамках мабілізацыйнай кампаніі прайшоў пешшу ўсю Берасьцейшчыну, займеў шмат сяброў - у тым ліку й Зьмітра Гаўрусіка. З 2003 г. - намесьнік старшыні менскай абласной філіі ПБНФ.

25 гадовы Зьміцер Гаўрусік - таксама "тэхнар": пасьля заканчэньня ліцэю БДУ вывучыўся на радыёфізыка. "Сярод нацыянальных актывістаў многа людзей з тэхнічнай адукацыяй", - кажа ён.

Для Паўла Батуева выхад на волю стаў самым жаданым падарункам: 21 студзеня ён акурат адзначаў свой 24-ты дзень нараджэньня. "Падарункі ўсе сябры падбіралі адмысловыя: адзін прынёс сьцяжок лукашэнкаўскі на падстаўцы, сяброўка падаравала грабеньчык з надпісам "Зь Сібіры зь любоўю", - сьмяецца ён.

Зьміцер Касьпяровіч

22-гадовы Зьміцер Касьпяровіч летась скончыў Унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці "музэйная праца". Захапляўся гісторыяй, ладзіў моладзевыя вандроўкі па Беларусі. Сябра Партыі БНФ, актыўны ўдзельнік палітычнага жыцьця.

Фота з архіву «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0