Экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі працягвае катастрафічна скарачацца. За паўгода ён упаў на 40,6% — да 4 млн. 611,8 тыс. тон.
Прычым — закон подласці: менавіта цяпер, калі Расія прыціснула ўмовамі паставак нафты, на знешніх рынках расце попыт на нашы нафтапрадукты. Больш за тое, краіны-імпарцёры спецыяльна ствараюць больш прывабныя ўмовы!

Днямі Кабінет міністраў Малдовы з ініцыятывы Мінсельгаса краіны ўнёс папраўкі ў палажэнне аб парадку транспарціроўкі нафтапрадуктаў, што імпартуюцца. У адпаведнасці з імі Беларусь атрымала магчымасць пастаўляць бензін у Малдову аўтамабільным транспартам цераз мытны пункт Отач — Магілёў-Падольскі, паведамляе РБК.

Дагэтуль транспарціроўка нафтапрадуктаў з Беларусі ў Малдову ажыццяўлялася толькі чыгуначным транспартам, што значна павялічвала і час, і кошт перавозак. Зараз час дастаўкі нафтапрадуктаў скароціцца з трох тыдняў да двух-трох дзён, а кошт тоны паліва зменшыцца на 100–150 долараў. Паводле ацэнак Мінсельгаса Малдовы, гэта дазволіць знізіць цану дызпаліва для сельгасвытворцаў як мінімум на адзін лей за літр (адзін долар роўны 11,95 малдаўскага лея).

Мяркуецца, што гэтае рашэнне стане для Беларусі дадатковым стымулам павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў у Малдову. На долю Беларусі прыпадае 15% закупленага Малдовай бензіну і 28% — дызельнага паліва.

Разам з тым, за шэсць месяцаў гэтага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Малдову скараціўся на 37,5% у аб’ёмным выражэнні (да 52,6 тысячы тон) і на 2,2% — у грашовым (да 35,1 млн. долараў).

На экспарце нафтапрадуктаў не толькі ў Малдову, але і іншыя краіны адбіваюцца нявыгадныя ўмовы куплі нафты ў Расіі. Яны ўжо прывялі да зніжэння імпарту сыравіны (за шэсць месяцаў Беларусь скараціла імпарт нафты на 38,7%), а ў выніку — і да падзення аб’ёмаў вытворчасці нафтапрадуктаў: бензіну — на 20%, дызпаліва — на 26,1%.

Таму складана сказаць, ці знойдуцца ў беларускіх НПЗ рэзервы для нарошчвання экспарту нафтапрадуктаў у Малдову.

А тым часам попыт на беларускія нафтапрадукты расце і ў іншых краінах. Скажам, у Латвіі беларускія бензін і дызпаліва за кошт большага росту продажу пацяснілі на рынку прадукцыю Orlen Lietuva — адзінага ў балтыйскіх краінах нафтаперапрацоўчага завода (знаходзіцца ў Літве). Паводле звестак профільных экспертаў, у першым квартале гэтага года на рынку Латвіі беларускае дызпаліва склала 38,6%, літоўскае — 24,9%.

У Літве аб’ёмы продажу беларускіх нафтапрадуктаў таксама растуць. Паводле слоў Лукаса Васілюса, кіраўніка Літоўскай асацыяцыі прадпрыемстваў, якія гандлююць нафтапрадуктамі, прыкладна 25% вадзіцеляў Літвы выкарыстоўваюць дызельнае паліва ці бензін з Беларусі. Усё проста: яно таннейшае.

Але, паводле слоў Васілюса, імпарт бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў Літву мае свае асаблівасці. Гаручае набываецца ў Беларусі і затым увозіцца ў Літву або для асабістага карыстання, або для нелегальнага продажу па аб’явах.

«У нас няма абмежаванняў на ўвоз бензіну і дызпаліва. Калі я не памыляюся, у Польшчу, скажам, можна завезці не больш як 200 літраў. Літоўскія вадзіцелі, напрыклад, грузавых аўтамабіляў могуць увозіць у сярэднім па тысячы літраў бензіну штодня. Часцей за ўсё — для далейшага продажу. Але калі нелегальныя продажы забаронены законам, то ўвоз не лічыцца кантрабандай. Мы прапанавалі ўладам устанавіць побач з мяжой бензакалонкі, дзе цэны былі б некалькі ніжэйшыя, але каб вадзіцелі набывалі літоўскае гаручае», — адзначыў суразмоўца.

Беларускае дызельнае паліва ў Літве прадаецца па 2,50–2,60 літа (0,72 еўра) за літр, афіцыйная цана літоўскага дызельнага паліва — 3,56 літа (1,03 еўра). Беларускі бензін у Літве прадаецца ў сярэднім па 3,1–3,2 літа (0,89 еўра) за літр, літоўскі — 4,11 літа (1,19 еўра).

Больш высокія цэны звязаны з высокімі стаўкамі акцызу на нафтапрадукты.

«Напрыклад, стаўка акцызу на бензін у нас на 21% вышэй за мінімальную планку, — тлумачыць спецыяліст. — Для еўрапейскіх краін мінімальная стаўка акцызу — 1.240 літаў (360 еўра) за 1.000 літраў, у нас яна складае 1.500 літаў (434 еўра).

У наступным годзе чакаецца павелічэнне стаўкі акцызу на дызельнае паліва, што таксама прывядзе да яго падаражання.
Нават калі ў Беларусі будуць павялічвацца цэны на бензін і дызельнае паліва, літоўскія нафтапрадукты з прычыны велічыні ставак акцызу ўсё адно будуць даражэйшыя за беларускія ў сярэднім прыкладна на адзін літ за літр».

Паводле звестак профільных экспертаў, доля акцызу ў цане бензінаў у Літве складае 43% (у Беларусі — 25%). Для літоўскага ўрада рост ставак акцызаў — магчымасць для папаўнення бюджэту. «Але ў вадзіцеляў свая цікавасць, — падкрэслівае Васілюс. — Ёсць суседнія краіны, дзе цэны на бензін і дызельнае паліва адрозніваюцца і ў перспектыве, па ўсёй бачнасці, будуць адрознівацца ў меншы бок, таму можна ездзіць туды».

Пралічыць аб’ёмы ўвозу бензіну і дызпаліва і іх нелегальнага продажу, а таксама аб’ём недапаступлення сродкаў у літоўскі бюджэт складана, лічыць кіраўнік асацыяцыі. Але гэтае пытанне неабходна неяк вырашаць. «Аднак пакуль урад пасіўны і не спрабуе нічога рабіць», — адзначае Васілюс.

Такім чынам, мы бачым, што беларускі бензін і дызпаліва запатрабаваны і ў Малдове, і ў Латвіі, і ў Літве. Аднак патрэбы краін-імпарцёраў Беларусь не можа забяспечыць у поўным аб’ёме. Экспарт нафтапрадуктаў за студзень-чэрвень гэтага года ў краіны СНД упаў на 2%, а ў краіны па-за СНД — на 46,1%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?