Скарыстайце гасцявыя сеткі.

Гасцявыя сеткі — гэта супольнасці людзей, аб’яднаных на пэўным сайце. Ідэя ў тым, што кожны зарэгістраваны сябар прапануе ў сябе пагасцяваць іншаму чалавеку задарма. І гэта не толькі магчымасць танна павандраваць бедным студэнтам. Сярод сяброў гасцявых сетак хапае забяспечаных людзей. Для чаго яны гэтым займаюцца? Адным падабаецца вандраваць. Іншыя любяць прымаць у сябе замежных гасцей. Трэцім падабаецца бачыць лад жыцця людзей у розных краях. У любым выпадку гэта пастаянныя кантакты з новымі людзьмі. А для тых, хто вывучае замежныя мовы, яшчэ і магчымасць папрактыкавацца.

Безумоўна, пры такім прыёме ёсць пэўныя абмежаванні, якія залежаць непасрэдна ад кожнага чалавека. Адны забараняюць паліць у кватэры, іншыя не дазваляюць позна вяртацца. А калі гаспадар працуе з раніцы да вечара, то вам трэба падладжвацца пад яго графік. Здараецца, што даводзіцца пакідаць кватэру на цэлы дзень і вяртацца толькі ночыць. Але гэта не страшна. Варта тады кантактаваць з іншымі сябрамі сеткі. Заўжды знойдуцца тыя, хто пакажа вам горад, сходзіць разам у кавярню.

Як правіла, спыняюцца на некалькі дзён (тэрмін абгаворваецца папярэдне).

Грошы за пражыванне не бяруцца.

Але гаспадар не абавязаны карміць госця ці прыбіраць за ім. Усё па жаданні.

Пасля наведвання госць звычайна на старонцы гаспадара пакідае водгукі. Ад іх колькасці і зместу залежыць давер да гэтага чалавека.

Пры рэгістрацыі ў гасцявых сетках трэба запоўніць анкету, у якой, акрамя біяграфічных дадзеных, указваюцца хобі, зацікаўленасці. Можна загрузіць фота. Чым больш пазначана інфармацыі пра сябе, тым большая верагоднасць, што да вас звернуцца па дапамогу.

Найбуйнейшыя гасцявыя сеткі — CouchSurfing і The Hospitality Club.

Couchsurfing.org — гэта больш за 2 мільёны карыстальнікаў з 230 краін. Hospitalityclub.org аб’яднала больш за 300 тысяч зарэгістраваных сяброў з двухсот краін.

Існуюць і іншыя сеткі, але яны саступаюць па колькасці людзей: Bewelcome.org, place2stay.net, flatjump.com, globalfreeloaders.com.

Ёсць спецыялізаваныя рэсурсы. Pasportaservo.org, напрыклад, аб’ядноўвае эсперантыстаў (хто валодае мовай эсперанта) па ўсім свеце. Warmshowers.org

арыентаваны на тых, хто вандруе на роварах.

Рэгістрацыя амаль усюды бясплатная.

Беларусы таксама актыўна карыстаюцца гасцявымі сеткамі. Яны не толькі выязджаюць за межы краіны, але і самі прымаюць гасцей.

«Да мяне прыязджала шмат замежнікаў, бывала і па тры чалавекі, — расказвае Антон з Мінска, які ўдзельнічае ў гасцявых сетках ужо тры гады. — Ніякіх праблем з імі не было. Адзінае, што не мог іх зарэгістраваць у Мінску, бо сваёй кватэры не маю. Здзіўляе, што адмыслова ў Беларусь едуць заходнееўрапейцы: галандцы, датчане, славакі, чэхі. Ім тут цікава паглядзець на савецкі лад жыцця, «апошнюю дыктатуру Еўропы», якая хутка можа знікнуць. А вось з Расіі прыязджаюць, каб наведаць еўрапейскую краіну, у якую не патрэбная віза. Адна амчанка ехала з уяўленнем, што ў нас адны лясы, разбітая краіна. І калі ўбачыла тое, што ёсць насамрэч, радавалася. Фоткалася побач з кожным кустом. Яе ўразілі каштаны, якія ў Омску не растуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?