Лукашэнка: Мы гатовы быць добрымі вучнямі, але палітыка ўмоў з боку ЕС не знойдзе ў нас разумення
Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю «Фігаро».
Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю французскай газеце «Фігаро», паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На пытанне журналіста выдання, ці не расчаравана кіраўніцтва краіны стаўленнем да Беларусі Еўрапейскага Саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы больш чым расчараваны. Мы наогул часам не разумеем, чаго хоча Еўрапейскі Саюз». «Мы робім усё для таго, каб у нас былі нармальныя адносіны з нашым заходнім суседам. Усе нашы ініцыятывы не толькі апошняга часу, але і раней былі накіраваны на ўстанаўленне добрых адносін з Еўрапейскім Саюзам. Чаму Еўрапейскі Саюз такім чынам рэагуе на нашы ініцыятывы, гэта зноў жа пытанне да іх, а не да нас», - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў:
«Мы добрыя вучні, мы гатовы ў вас вучыцца ўсяму таму, што адпавядае інтарэсам беларускага народа, і таму, што не стварае праблем нашым суседзям, гэта значыць Еўрапейскаму Саюзу, Украіне, Расіі,іншым народам свету. Мы гатовы ў гэтым напрамку вучыцца ў вас».
«Але палітыка Еўрапейскага Саюза на тое, каб нас пастаянна трымаць у напружанні і ставіць перад намі ўмовы, а тое і падштурхваць нас да дзеянняў, да якіх мы, мякка кажучы, не гатовы з-за аб’ектыўных прычын, гэта палітыка ў нас ніколі не знойдзе разумення,— падкрэсліў ён. — Еўрапейскі саюз павінен гэта ўлічваць».
«Я думаю, што калі б французскаму прэзідэнту Нікаля Сарказі задалі такое пытанне і Францыя была ў такім жа становішчы, як Беларусь, ён бы адказаў гэтак жа», — заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды будзе дзейнічаць у інтарэсах беларускай дзяржавы і народа. «У нас ёсць краіна, у нас ёсць народ, мы аб’явілі, што гэтай беларускай дзяржаве быць суверэннай і незалежнай. Гэта падтрымлівае Захад. Таму мы будзем забяспечваць наш суверэнітэт і незалежнасць і дзейнічаць перш за ўсё ў інтарэсах нашага беларускага народа, таму што мы як краіна і народ, які жыве ў гэтай краіне, маем свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, нас ніхто ў гэтым папракнуць не можа, ніяк не супярэчаць Еўрапейскаму Саюзу».
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь гатова наладжваць адносіны з ЕС у любым фармаце: «Давайце наладжваць адносіны. Хочаце — у рамках «Усходняга партнёрства», хочаце — непасрэдна Еўрапейскі Саюз — Беларусь, хочаце — Францыя — Беларусь, як вам зручна».
Каментары