Вялікі хакей вярнуўся ў Мінск, але хакейнае «Дынама» прайграла.

 goals.by

goals.by

Паўтара месяца, ад 15 кастрычніка, у Мінску не было матчаў Кантынентальнай хакейнай лігі.

Былі перапынкі ў чэмпіянаце, даўгія выезды, таксама — у часе падрыхтоўкі «Мінск-арэны» да дзіцячага Еўрабачання — тры гульні «Дынама» прайшлі ў Бабруйску — родным горадзе Лідзіі Ярмошынай і Віталя Рымашэўскага.

Перад сённяшнім (лепей сказаць, што ўжо ўчорашнім) матчам з’явілася інфармацыя, што гульня можа сабраць аншлаг, як у матчы з «Ак Барсам» 21 верасня (15 530). Але сёння не дацягнулі амаль 900 чалавек (змяшчальнасць арэны - 15 000) - матч наведалі 14 128 гледачоў.

Вяртанне на «Мінск-Арэну» было зроблена з густам.

На разагрэў гледачоў запрасілі «Драм экстазі», якія літаральна запалілі заўзятараў. Дзяржаўны гімн выконваўся не а капэла, як звычайна, а балельшчыкамі, якія маглі чытаць тэкст з экранаў тэлевізараў.

Фанаты перад пачаткам гульні расцягнулі вялікі банер у падтрымку вялікай каманды, а з’яўленне на лёдзе варатара Роберта Эша і першай пяцёркі было сустрэта бурнымі авацыямі.

Дыктар паведаміў, што 30 лістапада дзень народзінаў святкуе галоўны трэнер «Дынама» Марэк Сікора — і заўзятары мо з хвіліну-паўтары скандавалі «З днём на-ро-дзі-наў!».

Вось толькі як у тым барадатым анекдоце,

каманда падарыла трэнеру не перамогу, а гальштук, праграйшы па булітах 2:3.

Мінчукі, між іншым, першымі закінулі шайбу: на 15-й хвіліне вызначыўся Сяргей Варламаў. Аднак новасібірскі клуб не толькі здолеў зраўняць лік, але і выйсці наперад у пачатку 3-га перыяда.

Гэтая шайба нібы абудзіла «Дынама», яно нібы прачуналася ад летаргічнага сну, у якім яна, нібы заснулая прыгажуня, перабывала два таймы.

У пачатку 55-й хвіліны сустрэчы Сяргей Дзямагін лік зраўняў. Здавалася, яшчэ крыху — і «зубры» даціснуць гасцей, але…овертайм, на апошняй хвіліне якога выдалілі Дзмітрыя Мялешку. У чатырох нашы выстаялі, Эш літаральна шнуркамі выцягваў варожыя шайбы:)

Выстаялі. І чамусьці была ўпэўненасць, што буліты будуць за намі.

Пагатоў Подградскі закінуў першы буліт, а буліт гасцей Эш адбіў (1:0). Але то быў не наш дзень. Джэф Плат і двойчы Пётр Сікора — які з дзясятак, калі не сотню, сабакаў з’еў на тых кідках — спудлавалі. Ключнікаў адбіў буліт зорнага чэха — і пераможна ўскінуў рукі ўгору, праўда, зрабіў гэта праз нейкую секунду, нібы сам не верыў, што прынёс камандзе перамогу.

Гэты дзень — дзень народзінаў Марэка Сікоры — не стаў нашым днём. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі ён выглядаў змрочным і здаецца ніводнага разу не пажартаваў.

Гэта быў дзень Андрэя. Як вядома, 30 лістапада каталікі адзначаюць дзень св. апостала Андрэя Першапакліканага — патрона Шатландыі, Расіі (а таксама асобы ў гонар якога названа хатняя арэна Аляксандра Глеб, стадыён Сэнт-Эндру ў Бірмнгеме).

А трэнера «Сібіры» завуць Андрэй Тарасенка. Такое вось, можа і прыцягнутае за вушы, супадзенне.

Наступны матч «Дынама» правядзе дома ў чацвер, 2 снежня, супраць хабараўскага «Амура» (пачатак, а 19-й).

Гледачы будуць мець няпросты выбар: або хакей у цяпле, або футбол БАТЭ — «Дынама» Кіеў на стадыёне ў люты мароз ці па тэлевізары. Нагадаем, што футбольны матч пачнецца ў 22:05. Тэарэтычна паспець пасля хакею на футбол можна, але ў аўторак хакей скончыўся недзе, а 21:30.

***

Статыстыка матча:

Дынама Мінск — Сібір (Новасібірск) — 2:3 (1:0, 0:1, 1:1, 0:0, 0:1).

1:0 — 14:51 — Варламаў (Подградскі, Пікарайнен) — у большасці.
1:1 — 28:35 Хейкінен (Ніемінен, Мірноў) -у большасці
1:2 — 42:28 Пятроў (Чэрнікаў)
2:2 — 54:03 Дзямагін (Мялешка, Шэлег)
2:3 — Пятроў (вырашальны буліт)

Склад «Дынама»: Эш; Подградскі — Пікарайнен, Спірыдонаў — С.Варламаў — Глазачаў; Петрашак -Корабаў, Кулакоў — Плат — Сікора; Хенры — Шэлег, Дзямагін — А.Стась — Мялешка; Міхалёў (к) — Дрозд — Чупрыс.

Мінск, Мінск-арэна, 30 лістапада. 14 128 гледачоў.

Штраф: 12–10.

Пасля 30 гульняў "Дынама" займае 6-ты радок у Заходняй канферэнцыі з 46 пунктамі. Столькі ж пунктаў у рыжскага "Дынама", якое ідзе 5-м і мае на гульню меней.

***

P. S. Рэмарка не па тэме. Аўтар гэтых радкоў пайшоў на матч без наўтбука — былі на тое прычыны. Здавалася, вярнуся дахаты і хуценька напішу маленькі артыкул. І што бы вы думалі? Залез у Інтэрнэт — і адарвацца не мог ад перагляду выступу Міколы Статкевіча, якога не змог пабачыць у жывым эфіры.

Сапраўдным героем вечара быў менавіта ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?