На літоўска-беларускай мяжы пагранічнікі затрымалі першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Станіслаў Станіслававіч вяртаўся на цягніку з Вільні, дзе браў удзел у Форуме Супольнасці дэмакратый. Ягоны пашпарт забралі для «вывучэння на прадмет даставернасці», паведаміў ён. Па стане на 0.30 пашпарт усё яшчэ не вярнулі.

Як паведамляюць відавочцы (інфармацыя ў Твітары), з цягніка пасля памежнага й мытнага кантролю таксама знялі прынамсі 15 студэнтаў ЕГУ.

Шушкевіч папрасіў студэнтаў зрабіць групавое фота на фоне кас.

Адна са студэнтак паведамляла, што найхутчэй што да Мінска ўсе даедуць найбліжэйшым цягніком (у 22:37 з Вільні адправіўся калінінградскі цягнік). Шушкевіч і студэнты нават пакуплялі білеты. Памежнікі прасілі іх не хвалявацца, паведамляе цытаваная вышэй студэнтка.

Аднак пасля аказалася, што

пашпартоў студэнтам і Шушкевічу да адыходу гэтага цягніка так і не вярнулі. Зараз яны вымушаны будуць чакаць да ранку — раней цягнікоў не будзе.

Варта адзначыць, што ў Літве поўным юрыдычным імунітэтам карыстаюцца ўсе дэпутаты аднаўленчага Сойма, які прыняў рашэнне пра выхад з СССР. Так дзяржава аддзячыла ім за іх смеласць і гістарычную ролю. Як бачым, у Беларусі ў кіраўніка першага парламента, Шушкевіча не толькі забралі пенсію, але нават робяць аб’ектам палітычна матываваных працэдур на мяжы.

Па словах Шушкевіча, галоўная версія таго, што адбылося — не пусціць у Мінск патэнцыйных удзельнікаў пратэстаў 3 Ліпеня.
У сацыяльных сетках утварыўся народны рух за эканамічныя і палітычныя перамены ў краіне. Яго ўдзельнікі збіраюцца апладзіраваць у часе выступу Аляксандра Лукашэнкі і выказваць свой пратэст супраць сітуацыі ў краіне іншымі спосабамі, а 19-й гадзіне, а пасля ў часе салюту.
Вядома, што перад выбарамі на мяжу ў «дапамогу» памежнікам і мытнікам выпраўлялі супрацоўнікаў спецслужбаў, якія і пільнуюць, каб памежныя службы ўзмацнялі кантроль патэнцыйна «небяспечных» пасажыраў.

Магчыма, той самы метад працы ўжываецца і перад падзеямі 3 Ліпеня.

У Мінску 2 ліпеня на вуліцах таксама назіраецца павышаная прысутнасць міліцыі і ДАІ.

Як паведамляюць у Твітары студэнты, пратаколаў на іх не складалі, а таксама ім не змаглі патлумачыць, на падставе чаго іх затрымалі. Вось забралі пашпарты, і ўсё.

* * *

Пашпарты Шушкевічу й студэнтам вярнулі праз 4 гадзіны без тлумачэнняў. Шушкевічу білет да Мінска набылі памежнікі, бо ягоныя рэчы і грошы былі засталіся ў памочніцы палітыка, якую з цягніка не ссадзілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?