Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў вызваліць беларускіх палітвязняў
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванетхем Пілэй заклікае беларускія ўлады неадкладна і без усякіх умоў вызваліць палітычных апанентаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў, якія не бралі ўдзелу ні ў якіх гвалтоўных акцыях.Гэта адна з рэкамендацый, што ўтрымліваюцца ў дакладзе камісара, які быў прадстаўлены 20 верасня падчас дэбатаў па Беларусі ў Жэневе падчас
Апрача таго, вярхоўны камісар рэкамендуе правесці ўсебаковае і аб’ектыўнае расследаванне акалічнасцяў, пры якіх гэтыя людзі былі затрыманыя, а таксама ўсіх выпадкаў катаванняў, пра якія заяўлялі зняволеныя.
У дакладзе таксама ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў неадкладна спыніць палітычны і адміністрацыйны ціск на праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанентаў уладаў і іх пераслед. Рэкамендуецца прывесці заканадаўства Беларусі, у тым ліку Крымінальны кодэкс, у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны ў праваабарончай сферы.
Беларусь таксама заклікаюць да паўнацэннага супрацоўніцтва з усімі праваабарончымі структурамі ААН і з такімі рэгіянальнымі арганізацыямі, як АБСЕ і Савет Еўропы.
У дакладзе вярхоўнага камісара зазначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пачала рэзка пагаршацца пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, калі была разагнаная мірная акцыя пратэсту ў Мінску.
«Інфармацыя, сабраная офісам вярхоўнага камісара адносна дзеянняў урада (Беларусі. — БелаПАН.) у дзень прэзідэнцкіх выбараў і пасля, сведчыць пра сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека. У прыватнасці, выклікаюць заклапочанасць парушэнні правоў на свабоду асацыяцый, сходаў, сумлення, свабоду слова і права на сумленны суд», — гаворыцца ў дакладзе. Сур’ёзную занепакоенасць ААН выклікае інфармацыя аб катаваннях і неналежным абыходжанні са зняволенымі, парушэнні падчас расследавання і суда, адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і ціск на адвакатаў.
У дакладзе зазначаецца, што ў сувязі з адсутнасцю ў Беларусі прадстаўніцтва офіса камісара па правах чалавека збор інфармацыі пры падрыхтоўцы гэтага даклада цяжкі. 19 ліпеня офіс камісара звярнуўся ў пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе з просьбай аб арганізацыі візіту прадстаўнікоў офіса ў Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Візіт павінен быў адбыцца не пазней за пачатак верасня, аднак адказу на запыт так і не было.
Каментары