Цяперашняя сітуацыя ў краіне нагадвае баявыя дзеянні.

Прайшло ўжо дзесяць месяцаў з моманту арышту нашых лідараў, і, нягледзячы на ўсе намаганні, скіраваныя на іх вызваленне, яны да гэтага часу ў турме. Мала таго, падвяргаюцца пастаянным катаванням і ціску з боку адміністрацыі і спецслужбаў. Зразумела, што рэжым, бачачы, што зламаць Саннікава, Бандарэнку, Дашкевіча і іншых палітвязняў не атрымоўваецца, вырашыў проста скалечыць іх, прычым, магчыма, рукамі іншых зняволеных. Час нешта з гэтым рабіць, час ламаць такі ход падзей.

Турма — гэта страшна. Гэта трагедыя для цябе самога, тваіх сваякоў і блізкіх людзей. І нішто так не дапамагае ўсё гэта пераадолець і перажыць, як салідарнасць.

Лісты, паштоўкі, акцыі, проста словы падтрымкі, у любой форме. І ўсё гэта адчуваецца нават у турме. Атрымліваючы лісты ад незнаёмых мне людзей або чытаючы ў прэсе пра чарговую акцыю ў падтрымку палітвязняў, я разумеў, што ўсё, што я раблю, не дарма, што гэта яшчэ камусьці трэба, і нехта падзяляе маю пазіцыю і гатовы ісці са мной да канца. З’яўляліся сілы, з’яўлялася ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Паверце, гэта вельмі патрэбна палітвязню.

Калі рэжым не рэагуе на словы, значыць, трэба дзейнічаць, дзейнічаць так, каб улады не змаглі заплюшчыць на гэта вочы. Трэба ісці на плошчу, без варыянтаў і кампрамісаў.

Не варта баяцца, тым больш што баяцца няма чаго.
Наўрад ці цяпер дыктатар пойдзе на разгон акцыі, не для таго ён, пераступіўшы праз сябе, вызваліў шматлікіх удзельнікаў падзей 19 снежня. Але нават калі такое здарыцца, адміністрацыйны арышт — нішто ў параўнанні з тым, што церпяць палітвязні. Мы ў сваёй краіне і маем права быць пачутымі. Страх точыць нас ужо сямнаццаць гадоў, і калі гэта не спыніць, само гэта не пройдзе. Улады ў адзін момант не зробяцца больш лаяльнымі і дэмакратычнымі, цудаў не бывае. Сёння сядзіць Саннікаў, заўтра сядзеце вы, а паслязаўтра — вашыя дзеці. Усё сваё свядомае жыццё я пражыў у асяроддзі людзей, якія нават седзячы на кухні імкнуцца сачыць за тым, што кажуць, каб не сказаць чаго-небудзь лішняга. А кожны народ заслугоўвае таго ўрада, які ім кіруе. Дык ці заслужылі мы, беларусы, такіх лідараў, як Андрэй Саннікаў, як Мікалай Статкевіч, як Зміцер Бандарэнка? Ці гатовыя мы змагацца за іх гэтак жа, як яны змагаюцца за нас? Ці гатовыя мы пераступіць праз свой страх, як пераступілі яны? Ці гатовыя мы прымусіць самога дыктатара баяцца нас, як гэта кожны дзень робяць яны?
Я стаміўся баяцца, таму я іду на плошчу.
Калі і вы хочаце спыніць рэпрэсіі і анархію ўладаў — вы будзеце стаяць побач са мной і з маімі таварышамі.

Сяргей Казакоў, былы палітвязень, актывіст «Еўрапейскай Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?