Пікеты супраць фінансавай дапамогі рэжыму Лукашэнкі прайшлі ў некалькіх гарадах Еўропы.

Акцыі пратэсту прайшлі 19 кастрычніка ў Лондане, Парыжы, Празе, Варшаве, Кіеве, Вільні, Берліне, Мюнхене, Ландсхуце і Антверпене. Арганізатарам акцый выступіла кампанія Free Belarus Now, брытанская праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры» і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь».

Пікетоўцы сабраліся каля аддзяленняў «Дойчэ банка» з плакатамі, што заклікалі не падтрымліваць рэжым Лукашэнкі і не фінансаваць апошнюю дыктатуру Еўропы.

Арганізатары акцыі выказваюць заклапочанасць дзейнасцю «Дойчэ банка», які выступае брокерам, размяшчаючы на сваіх гандлёвых пляцоўках беларускія еўрабонды, акцыі беларускіх прадпрыемстваў і ўдзельнічае ў інвестыцыйных праграмах і выдачы крэдытаў Беларусі. На думку арганізатараў акцыі, такая дзейнасць фактычна з’яўляецца аказаннем фінансавай дапамогі «дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі».

У петыцыі, якую арганізатары заклікаюць дасылаць у «Дойчэ банк», гаворыцца, што па выніках маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за мінулы год тысячы людзей былі арыштаваныя і зняволеныя за тое, што скарысталіся асноўнымі правамі чалавека — свабодай слова і свабодай выказвання.

«Большую частку фінансавання кіроўны рэжым траціць на ўтрыманне рэпрэсіўнага апарата —
асабістую ахову, МУС, КДБ, суды, пракуратуру, якія ажыццяўляюць прававую анархію. Прынятыя дапаўненні ў закон „Аб спецслужбах“, якія пашыраюць іх паўнамоцтвы ў плане здушэння любога іншадумства сярод грамадзян Беларусі і асабліва яго пратэстнай часткі. Цяпер ўзаконенае права па ўжыванні зброі, аж да забойства грамадзян, якія выказваюць незадаволенасць дзейнай уладай», — гаворыцца ў петыцыі.

Аўтары заявы адзначаюць, што цяперашні застаюцца за кратамі 11 палітычных вязняў, якія ўтрымліваюцца ў антыгуманных умовах у месцах зняволення, у тым ліку кандыдаты у прэзідэнты (Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч), падвяргаецца катаванням лідар арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, арыштаваны кіраўнік закрытай уладамі праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Утрымліваецца за кратамі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», цяжка хворы Зміцер Бандарэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?