Легендарны беларускі сэксолаг Дзмітрый Капусцін расказаў пра тое, як залежаць сацыяльныя і сэксуальныя паводзіны чалавека ад першых месяцаў яго ці яе жыцця: як робяцца імпатэнтамі і сцервамі, а таксама што такое «кастравальныя паводзіны» жонак у шлюбе.

— З досведам доктар-сэксолаг робіцца лепшым?

— Надыходзіць пэўны момант, калі пачынаеш падводзіць вынікі, і робіцца даволі сумна, таму што апошнім часам большасць пацыентаў пачала менш раскрывацца нават на прыёме. Няма шчырасці і даверу, да якога я прывык за 30 гадоў.

— Чым гэта можна растлумачыць? Гэта грамадская праблема?

— Я думаю, так. Доктар-сэксолаг працуе не толькі з сэксуальным расстройствам партнёра, даводзіцца працаваць з трыма: з адным партнёрам, другім і іх адносінамі. Складана аднавіць гармонію, калі адзін сачкуе. Нездарма маскоўскія сэксолагі казалі, што ўсё больш і больш другіх партнёраў не настроеныя на аднаўленне гармоніі, у тым ліку сэксуальнай. Да 30% жонак практыкуюць кастравальныя сэксуальныя паводзіны.

Тэма, якую мы паспрабуем сёння раскрыць, вельмі надзённая. Я працую ўжо 37 гадоў, і ў гэтым пытанні мала што змянілася: інфармацыі стала больш, але сэксуальная культура пакідае жадаць лепшага.

— Гэта вельмі дзіўна, таму што пра сэкс гавораць на тэлебачанні, з’явілася больш фільмаў пра яго, больш доступу да парнаграфіі. Інфармацыі стала больш, але людзі зрабіліся больш закрытымі. Чаму так? Гэта адзіная асаблівасць беларусаў або ёсць іншыя?

— Цяжка адказаць, у мяне няма адказу. Я працаваў з цяперашнімі пацыентамі і з іх татамі і мамамі. На жаль, іх таты і мамы былі адкрытымі, з даверам ставіліся да працы доктара. Цяперашняе пакаленне спрабуе за кароткі час атрымаць аптымальны вынік. У мяне быў адзін пацыент, які прыйшоў з сеткай з бутэлькамі. Ён кажа: «Давайце хутчэй. Наогул, я ішоў не да вас, а бутэлькі здаваць. Але пакуль падвозяць скрыні, вырашыў зайсці да вас і заадно вылечыць імпатэнцыю».

— У чым выяўляюцца кастравальныя паводзіны жанчын? Ці стала іх больш?

— Кастравальныя паводзіны — гэта вынік няякаснага шлюбу. Праблема недаўгавечнага шлюбу фармуецца яшчэ да яго. Дэфектныя адносіны потым рэалізуюцца ў рэальным шлюбе. Мужчыны — больш актыўныя сэксуальныя партнёры, у іх звычайна больш высокі ўзровень узбуджэння. Калі жонка не зацікаўленая ў лячэнні іх дысгарманічных адносін, яна можа паводзіць сябе так, што практычна любы мужчына стане нашым пацыентам. У яе проста няма матываў, каб лячыцца. Ні адзін мужчына не адчувае гонару ад таго, што ён быў няздольны ў ложку. Пачуццё віны мужчыну трэба неяк адпрацоўваць, а менавіта гэта і трэба некаторым жанчынам. Калі муж вылечыцца, яна не будзе атрымліваць дывідэнды, якія атрымлівала да гэтага часу.

— Як хутка можна зрабіць мужчыну імпатэнтам?

— За адну секунду. Ёсць такое паняцце — сэксуальнае фіяска. Яны ёсць і былі заўсёды ва ўсіх. Няма людзей, у якіх за ўсё жыццё не было ніводнага сэксуальнага фіяска. Але справа ў тым, як на гэта рэагаваць: для аднаго гэта трагедыя, іншы скажа, што гэта выпадковасць, што ён быў галодны, выпіў шмат, не спадабалася жанчына. У мяне быў адзін пацыент, у якога партнёрка пасля полавага акту спытала: «Гэта ўсё, на што ты здольны?» На другую спробу ён наважыўся праз 17 гадоў.

— А як жонка можа зрабіць мужа імпатэнтам, бо гэта ўжо сталыя адносіны?

— Справа ў структуры асобы пацыента. Калі ён зафіксаваны на задаволенасці жанчыны, то паказаўшы адзін-два разы, што яна не задаволеная, яна сее сумневы ў яго паўнавартаснасці, і з кожнай новай спробай ў мужчыны атрымліваецца ўсё горш і горш.

— Так адбываецца ў кожнай трэцяй беларускай сям’і?

— У нас ні разу не праводзілася асобнага даследавання сэксуальнага здароўя беларусаў.

— Які сярэдняй працягласці полавы акт у беларусаў і беларусак?

— Калісьці амерыканскія сэксолагі правялі даследаванні. У пакоі за шклом яны размясцілі фотакарэспандэнтаў, ложак, падключылі 4 відэамагнітафоны і запісалі 2,5 тысячы полавых актаў. Быў яшчэ спецыяльны апарат, які імітаваў полавы акт: замест фаласа быў апарат, які вызначаў рэакцыю жанчыны падчас коітусу. Галоўнай умовай было дасягненне жанчынай аргазму. Калі запісалі ўсе полавыя акты, паглядзелі, колькі часу трэба, каб жанчына адчула аргазм. Выявілася, што полавы акт чалавека ў сярэднім доўжыцца 1 хв. 37 с — 3 хв. 35 с. У сярэднім — 2 хв. 2 с, 62 фрыкцыйныя рухі.

— А факт назірання не мог паўплываць на вынікі?

— Калі ў мужчыны знікала эрэкцыя, гэты выпадак прыбіраўся з выбаркі. Наш настаўнік, вядомы савецкі сэксапатолаг Абрам Майсеевіч Святаў казаў, што калі на прыём прыходзіць мужчына і скардзіцца на тое, што полавы акт кароткі і жонка патрабуе хаця б 10 хвілін полавога акту, трэба адправіць мужчыну дадому, выклікаць жонку і распытаць яе, пра што яна думала першыя 8 хвілін.

— Мы збіраліся гаварыць пра сэксуальнае выхаванне беларусаў: ёсць яно ці не. І яшчэ часта задаюць пытанне, калі яно пачынаецца.

— А на вашую думку, калі яно пачынаецца?

— З нараджэння дзіцяці.

— Вы спазніліся. Вы выкінулі мінімум 9 месяцаў жыцця дзіцяці. Выхаванне пачынаецца яшчэ да зачацця. Мама павінная выпакутаваць дзіця, любое дзіця павіннае быць жаданым, мама чакае яго ўсе 9 месяцаў і радуецца любому штуршку ўнутры сябе. Жаданае дзіця — гэта аснова нармальнай асобы і сэксуальнасці. Калі кажуць аб полавым ці сэксуальным выхаванні, чамусьці часта маюць на ўвазе фізіялагічныя праявы, кантрацэпцыю, веды. Сэксуальнае выхаванне — гэта працэс, які доўжыцца мінімум 20 гадоў. Грамадства дапамагае сфармаваць гэтаму чалавеку асобу Мужчыны і Жанчыны. Спецыфічная інфармацыя займае 5%.

Таму дзіця павіннае быць вельмі чаканым мамай. На 6–7 месяцы дзіця чуе матчын голас. У гэты час мама спявае яму песні, расказвае казкі. Кажуць, што ў гэты час дзіця развіваецца нават інтэлектуальна. Мозг дзіцяці пасля родаў развіваецца толькі на руках у ласкавай мамы, якая любіць, а галоўнае гаворыць. А мама шмат гаворыць тады, калі дзіця жаданае.

Калі дзіця зачатае па плане, мама яго корміць, поіць і не разумее, што першыя 5–6 месяцаў жыцця дзіця псіхалагічна яшчэ не аддзяляе сябе ад мамы. Вялікая колькасць дзяцей нервуецца, хвалюецца, хварэе праз разуменне таго, што мама не цалкам яго прыняла. Таму 6–7 месяцаў дзіця павіннае знаходзіцца з мамай.

— У чым тут сэксуальнае выхаванне? Казкі не нясуць функцыю сэксуальнага выхавання.

— Вядома, нясуць. Фармаванне асобы мужчыны і жанчыны — гэта ўсведамленне сябе: вызначэнне свайго полу і роляў, якія мы граем. З якога моманту дзіця адрознівае мужчыну і жанчыну? Практычна з першага месяца жыцця. Нармальнае дзіця інстынктыўна заўсёды баіцца мужчын і нармальна ўспрымае жанчын. А як яно іх адрознівае? Вядома, па паху.

Былі даследаванні: ляжала дзіця, і справа і злева ад яго на падушках ляжалі бутэлечкі з малаком. Адна падушка была насычаная мамчыным потам, і дзіця смактала толькі гэтую бутэлечку. А калі ўключалі мамчын голас, яно смактала больш энергічна. А мужчына — гэта пагроза. У жывёльным свеце, каб дамагчыся самкі, трэба знішчыць патомства. Праўда, кажуць, што праз нейкі час дзеці інстынктыўна пачынаюць баяцца і жанчын. Гэта адбываецца тады, калі жанчына-медсястра робіць дзіцяці ўкол. Пасля гэтага дзіця кідаецца толькі да мамы, і 5–6 месяцаў яно павіннае знаходзіцца толькі з ёй, і чым больш, тым лепш.

Любое адлучэнне дзіцяці ад мамы ў гэтым узросце прыводзіць да стрэсу. Дзіця пачынае хвалявацца, нервавацца, можа пачаць хварэць, у яго можа з’явіцца нематываваная тэмпература. У 6–7 месяцаў дзіця можа даць зразумець, што яго можна адлучаць ад мамы: ён пачынае адкідаць ад сябе цацкі. Звычайна гэта адбываецца ад 6 да 15 месяцаў. Гэта час, калі дзіця можна адлучыць хаця б ад грудзей. Да гэтага моманту яно павіннае насыціць сябе мацярынскай любоўю, гэта дасць яму стан спакою, якое яно пранясе праз усё жыццё.

Без гэтага паўстануць праблемы: дзіця зразумее, што яго тут не чакалі, яно нікому не патрэбнае. Пасля стрэсавай рэакцыі дзіця робіцца нарцысам і разумее, што ў жыцці можна любіць толькі сябе.

— Ці можна гэта неяк выправіць у больш свядомым узросце? Бо бываюць дзеці-сіроты, бывае, маці памірае падчас родаў…

— Гэта трагедыя, таму чым хутчэй з’яўляецца больш значны сурагат, тым лепш. У мамы ёсць час даказаць сваю любоў і закласці яе ў дзіцяці на ўсё астатняе жыццё на працягу 9 месяцаў цяжарнасці і 1–1,5 года жыцця дзіцяці. Калі гэтага не адбудзецца, змяніць гэта будзе вельмі складана.

— Але ўсё-такі што можна зрабіць у такім выпадку?

— Як казала мая маскоўская калега, вярнуць дзіця з ясляў, дзіцячага садка і аддаць маме, каб яна перелашчыла дзіця.

Сэксолагі ў працэсе сэксуальнага выхавання вылучаюць тры этапы, і на кожным этапе ёсць свае задачы. Першы этап — усведамленне сябе: кім я ёсць. Гэты этап пачынаецца з моманту родаў і доўжыцца да 2–4 гадоў. За гэты час дзіця павіннае адрозніць людзей вакол сябе паводле полу, аднесці сябе да нейкага полу, прадэманстраваць сябе ў аголеным выглядзе і атрымаць пацверджанне, што ўсё добра. З усіх людзей, якія яго атачаюць, яно павіннае абраць галоўны аб’ект любові, пераправерыць і пераканацца, што гэтая любоў назаўсёды і што любяць менавіта яго. Часцей за ўсё гэта зыходзіць толькі ад мамы, таму мама, якая даведалася, што зацяжарала, павінная даць сабе клятву, што з гэтага моманту і да года яна не будзе належаць нікому іншаму, акрамя дзіцяці. Толькі дзіця на гэты час будзе кіраўніком рытму жыцця.

Потым дзіця пачынае пераправяраць матчына каханне, пачынае хавацца. Дзіця думае: «Мама кажа, што любіць, а як яна будзе паводзіцца, калі я знікну або памру?» Калі мама рэагуе спакойна, не звяртае ўвагі, уявіце жах дзіцяці. Дзіця не можа адно, яно ўвесь час ходзіць за мамай, вядома, ёсць сурагаты: бабулі, дзядулі, тата. Але тата асэнсавана з’яўляецца толькі пасля года жыцця дзіцяці.

— Гэта значыць, найбольш важныя ў сэксуальным выхаванні — першыя месяцы жыцця дзіцяці…

— І першы год, таму што ў гэты перыяд дзіця павіннае атрымаць максімальную колькасць ласкі, мама павінна быць даступная. Сфармаваць жорсткасць вельмі лёгка, яна фармуецца ў першы год жыцця. Не бярыце дзіця на рукі, і яно будзе жорсткім. Больш за тое, жаночы варыянт жорсткасці — садызм, дробны, але паскудны.

— Сцервы!

— Так.

— Давайце пяройдзем да выхавання ў свядомым узросце…

— Нельга пераскокваць. Першы этап (усведамлення сябе) заканчваецца, калі дзіця пачынае гуляць у гульні. Ён пачынае выдумляць сюжэты: дзяўчынкі — больш жорсткі сюжэт, а хлопчыкі імправізуюць. Хлопчыкі гуляюць у кубікі, а дзяўчынкі — у лялькі. Таму калі хлопчык не ўмее гуляць у кубікі, яго трэба навучыць. А дзяўчынку трэба навучыць гуляць у лялькі. Гэта можа зрабіць мама, у якой ёсць час. Без гэтага пачнуцца прабелы. Такім чынам закладваецца базіс полавых паводзінаў. Ці часта мы выхоўваем дзяўчынак для сям’і, як будучых жонак? Як правіла, мы выхоўваем савецкага чалавека.

— Ці ёсць адрозненне ў сэксуальным выхаванні дзяўчынак і хлопчыкаў?

— Вядома. Тры гады дзіця жыве на эмоцыях. Працуе правае паўшар’е, таму дзіця купаецца ў ласках, яму добра ў сям’і. Мама любіць і хлопчыкаў, і дзяўчынак аднолькава, але ва ўзросце года-двух у свядомасці дзіцяці з’яўляецца тата. Ён павінен быць значны. Цікавасць да таты і яго аўтарытэт у поўнай меры залежыць ад таго, наколькі мама падтрымлівае гэты аўтарытэт.

Дзіця — гэта маленькі Шцірліц, ён увесь час назірае. Тата і мама — гэта мужчына і жанчына, гэта ён ужо падзяліў, але яшчэ не адносіць сябе да полу. Гэта пачынаецца, калі дзеці пачынаюць гуляць у сэксуальныя гульні, дэманстраваць свае полавыя органы. Год-паўтара дзіця цалкам маміна, гэта нармальна: мы ўсе фемінізаваныя. Ніводнае дзіця нічога не надзене без пацверджання мамы. Так і павінна быць: мама — аўтарытэт, багіня. Цікавасць да таты ўзнікае тады, калі дзіця бачыць, што мама-багіня раптам пачынае падпарадкоўвацца нейкаму мужчыну, які ходзіць па кватэры цэлы год ці два. Для дзіцяці гэта шок: мама-багіня, якая ведае ўсё і ўсё вырашае — і раптам нехта ёю камандуе. Цікавасць узнікае праз павагу мамы да гэтага мужчыны, якога дзіця пакуль не называе татам.

Тут пачынаецца рознае ўсведамленне сваёй будучай полавай ролі. Каго лягчэй выхоўваць у гэтай сітуацыі: хлопчыка ці дзяўчынку? Вядома, дзяўчынку. Калі дзяўчынка залазіць на рукі да таты, абдымае яго за шыю і кажа, што ён яе каханы. Ад мамы яна адмахваецца: «Ідзі, ты нам перашкаджаеш». Як рэагуе на гэта мама? Нармальная мама радуецца: гэты жэст дазваляе ёй спакойна пайсці працаваць ці займацца чымсьці іншым. Цяпер у дзіцяці двое бацькоў: мама не проста аддае яго тату, і дзіця плача. Дзяўчынка сама залазіць на тату і робіць тое, што рабіла мама, акрамя сэксу. Яна спакушае не тату, а мужчыну. У ідэальных умовах яна вучыцца спакушаць мужчыну, які паддаецца гэтай спакусе. Мама павінная радавацца.

Рана ці позна ў дзяўчынкі з’яўляецца думка, што яна ўсё-такі слабая копія мамы. Яна разумее, што каб спакусіць і ўтрымаць мужчыну, трэба прыдумаць нешта сваё. Яна пачынае какетнічаць, працаваць на авалоданне мужчынам. Фактычна на руках у таты, з якім фліртуе дачка, развіваюцца ўсе падзеі, якія адбудуцца ў жыцці дзяўчынкі праз 15–20 гадоў. Яна вучыцца спакушаць мужчыну і адштурхоўваць суперніцу ў асобе мамы. Калі дзіця адыграла гэта, нармальная дзяўчынка вяртаецца да мамы, але ўжо не ў якасці дачкі, а ў якасці сяброўкі.

— Наколькі важныя сэксуальныя цацкі ў сэксуальным жыцці і ці патрэбныя яны?

— Гледзячы каму. Гэта як кнігі, якія мы купляем: камусьці падабаюцца адны, камусьці іншыя. Ёсць людзі, якія ў сілу прыроднай сарамлівасці наогул не жывуць полавым жыццём. Яны выкарыстоўваюць гэта як сурагат нармальнага полавага жыцця.

— У сэксе існуе норма? Ці можна яе нармаваць?

— Пра якую норму мы гаворым?

— Пра норму сэксуальных адносін для нармальных мужчыны і жанчыны.

— У якім узросце? Да таго ж у кожнага мужчыны і жанчыны ёсць полавая канстытуцыя. Гэта індывідуальная арганізацыя арганізму, наша сэксуальная спадчыннасць, якую заклалі тата, мама, бабуля і дзядуля. Яна выяўляецца ў нашым сэксуальным голадзе. Ёсць мужчыны са слабай полавай канстытуцыяй, якія будуць жыць полавым жыццём рэдка, яны не гурманы. У самыя ідэальныя гады, з 17 да 23 гадоў, у перыяд гіперсэксуальнасці, у іх ніколі не бывае больш за 2–3 полавыя акты за суткі. Сярэдняя канстытуцыя — 4–6. Сем і вышэй — моцная канстытуцыя. У мяне быў пацыент, які лёгка мог рабіць 26 актаў за суткі.

Гэта прадукцыя, якую трэба прыняць. Калі ёсць бок, які прымае, будзе сэксуальная гармонія. Калі ў бакоў будуць разыходжанні ў патрэбах, будуць праблемы. На шчасце, сэксуальны голад выяўляецца ў нашых паводзінах, яшчэ калі мы толькі сустракаемся, цалуемся, абдымаемся і яшчэ не жывем полавым жыццём. Мы разумеем, што калі трапіш пад гэты танк, будзеш раздушаны яшчэ ў мядовы месяц.

— Даючы інтэрв’ю, вы казалі, што калі ў мужчыны няма дастатковай сэксуальнай практыкі, ён пераходзіць з разраду спартоўцаў у разрад трэнераў.

— Гэта іншы варыянт. Калі таго, хто ўвесь час галодны, не карміць, ён будзе красці. Ён будзе займацца альбо палюцыяй, альбо мастурбацыяй, альбо яшчэ чымсьці. Той, хто еў два разы на дзень, спакойна пераносіць некалькі гадзін голаду. Усе мы старэем, нашы магчымасці падаюць. Але той, хто ўвесь час быў зараджаны на сэкс, будзе жыць полавым жыццём не 10 раз на дзень, а два разы на дзень у 55 гадоў. А той, які жыў два разы на тыдзень у 30 гадоў, у 60 гадоў будзе жыць полавым жыццём два разы на месяц. У іх нават няма патрэбы ў самастымуляцыі. Пачынаецца перыяд абстыненцыі. Яго сэксуальнасць і так трымалася на нітачках, а ўстрыманне прыводзіць да таго, што ён наогул сыходзіць з вялікага спорту.

— Пытаюць, што рабіць, калі дзіця выпадкова заспела тату і маму за заняткам сэксам.

— Не звяртаць увагі, трэба спакойна рэагаваць, таму што гэта шок для ўсіх. Значна горш, калі мама ці тата заспяваюць дзіця, калі яно займаецца сэксам з іншымі дзецьмі. Часцей за ўсё гэта бывае ва ўзросце дзіцячага садка. Пачуццё сораму ўзнікае ў дзіцяці да 6–7 гадоў. Але да гэтага часу дзіця павіннае паглядзець, што знаходзіцца паміж ног у свайго полу і супрацьлеглага. Хлопчыкі лічаць, што ў дзяўчынак таксама павінен быць полавы член. Таму калі яны даведаюцца праўду, то адчуваюць шок.

— З якім скаргамі да вас звяртаюцца пацыенты? Ці шмат людзей пакутуе ад імпатэнцыі?

— Лічыцца, што на эрэктыльную дысфункцыю пакутуе 10% насельніцтва.

— Вы неяк сказалі, што лечыцца ад яе значна больш, то бок віягру ўжывае значна больш людзей.

— Расстройстваў значна больш. Адзінкавыя зрывы ёсць ва ўсіх, гэта нармальна. Праблемы ўзнікаюць, калі з’яўляецца 20–50% няўдач. Яны адпавядаюць узросту папуляцыі: у 30 гадоў такіх мужчын 30%, у 50 гадоў — 50%, у 70 гадоў — 70%. У сярэднім гэта 10%.

— Ці праўда, што імпатэнцыя — гэта практычна заўсёды псіхалагічная праблема?

— Няпраўда. Эрэктыльная дысфункцыя часта бывае праз недастатковыя генітальныя рэакцыі. Ёсць дысфункцыя псіхагенная і арганічная, з прычыны нейкіх захворванняў. Часцей за ўсё гэта паражэнне сасудаў або гарманальныя збоі. Часта бывае і тое, і другое. Таму сэксолаг гутарыць з пацыентам, і каб вызначыць, у якім кірунку думаць, трэба задаць 63 пытанні. На абследаванне аднаго пацыента і выяўленне прычын расстройства ідзе практычна гадзіна.

— Беларусы любяць віягру? Чаму яны яе спажываюць?

— Брыдка сказаць, але прэпарат добры. Гэты прэпарат дзейнічае на сасуды, узмацняе эрэкцыю, яна робіцца больш працяглай. Галоўнае — яна дае псіхалагічную ўпэўненасць мужчыну, што вельмі важна, калі яго пастаянная псіхалагічная няўпэўненасць не ідзе ад партнёркі. Але да гэтага прэпарату прывыкаеш: чалавек прывыкае, што замест хвалявання і намаганняў можна прыняць таблетку. Таму на віягры «сядзяць».

— Як вы ставіцеся да такога паняцця, як шлюбны абавязак?

— Кепска.

— Ці можна патрабаваць выканання шлюбнага абавязку?

— Што маюць на ўвазе пад шлюбным абавязкам? Мужчына патрабуе ад жонкі прадстаўлення яе цела для зняцця сэксуальнага напружання? Калі ў іх шлюбнай дамове так і напісана, то, вядома, трэба выконваць. Яшчэ да таго, як шлюбныя дамовы ўвайшлі ў моду, адна шлюбная пара паказала мне напаўжартам дамову, якую яны склалі. Там былі распісаныя талеркі, відэльцы і іншае. Але мне спадабаўся 8-ы пункт: сэкс — аўторак, пятніца 22.00.

— Гэта не будзе формай згвалтавання?

— Гэта яно і ёсць. Сэкс — гэта ў першую чаргу радасць зносін. Важны не сам аргазм, а інтымныя зносіны з каханым чалавекам. Гэта павінна быць спантанна. Умоўна кажучы, калі мы з табой родныя людзі, то калі я радуюся, мая радасць перадаецца табе. Мы сілкуем эмоцыі адно аднаго, у тым ліку за сталом, у ванне ці ў ложку. Калі адзін адчувае радасць, а другі не, гэта называецца жыць удваіх, але на самоце.

— Ці павінныя муж з жонкай спаць у адным ложку?

— Калі няма сэксуальных расстройстваў і ёсць сэксуальная гармонія, спіце дзе хочаце. Але калі ёсць любыя сэксуальныя парушэнні, спаць трэба ў адным ложку і пад адной коўдрай.

— Гэта неяк умацоўвае?

— Несумнеўна.

— Чуць, як нехта храпе…

— Гэта храпе каханы чалавек, гэта шчасце, дзякуй, што храпе. У аднаго пацыента былі парушэнні, і жонка адправіла яго спаць у гасцёўню з тым, каб ён прыйшоў, калі будзе ўпэўнены, што ў яго ўсё атрымаецца. Ён кажа: «Ляжу ў гасцёўні, адчуваю, што ўпэўнены. Падымаюся, падыходжу да спальні, бяруся за ручку — не ўпэўнены. Іду назад. І так гуляю». Я спытаў, ці даўно ён так гуляе. Ён адказаў: «Два гады».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?