21 сакавіка ў Магілёве адкрыўся Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@рт. Кантакт». За шэсьць дзён будуць паказаны 12 спэктакляў.

Іх пакажуць тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшы і Германіі.

Канцэпцыя форума: для моладзі, пра яе і ад яе. Бяруць удзел маладзёжныя тэатральныя трупы і дэманструюцца адпаведныя спектаклі. Фэст праводзіцца ў Магілёве другім разам, яго фінансуе абласны бюджэт.

Тэатральныя дзеячы скардзяцца, што новых аўтараў з Беларусі адзначаюць на конкурсах у Расіі і ў замежжы, а ў айчынных тэатрах, акрамя п’есаў Аляксея Дударава, ставіць няма чаго. Таму новыя драматургі запрошаны ў Магілёў: у майстэрні маладой рэжысуры выпускнікі тэатральных навучальных устаноў чытаюць і стаявць іх п’есы.

Адкрыўся форум містэрыяй «Сымон‑музыка» Нацыянальнага драматычнага тэатра. Гэта зроблена на знак 125‑годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Праграма форума разнастайная: тут ёсць тэатр абсурда, спектакль у стылі кабарэ 1960‑х гадоў, кухонная драма, класічныя п’есы, пластычны спектакль і нават спектакль‑балет. Адразу два тэатры прадстаўляюць спектаклі пра войска: трупа з Чалябінска прывезла ў Магілёў армейскі трагіфарс «Чморик», а Магілёўскі драматычны пакажа замежную армейскую гісторыю. Найлепш разабралі квіткі магілёўцы на музычную меладраму «Адзінокі факстрот» па А.Платонаву тэатра з Санкт‑Пецярбурга «Прыют камедыянта».

— Гэтыя спектаклі – як свежае паветра для нашага горада, – гаворыць магілёўскі заўзяты тэатрал Вадзім Пятроў. – Але хочацца бачыць і п’есы беларускіх драматургаў пра наша жыццё і сучасныя праблемы.

На форуме працуе журы, якое ўзначальвае беларускі драматург Сяргей Кавалёў. Прызы за самыя яркія і відовішчыныя работы будуць раздадзеныя 27 сакавіка, на закрыцці тэатральнага форума «М.@рт. Кантакт».

Сяргей Гутарэвіч, «Прыдняпроўе», bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0