Захоплены паблізу Нігерыі піратамі заложнік сапраўды з’яўляецца выхадцам з Беларусі, але пакуль дакладна не вядома, ці мае ён беларускае грамадзянства.
Аб гэтым сёння заявіў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

«Ён яўна з’яўляецца выхадцам з Беларусі. У той жа час няма ўпэўненасці, што ён грамадзянін Беларусі», — сказаў Андрэй Савіных.

Прэс-сакратар МЗС адзначыў, што захоплены піратамі чалавек можа быць і грамадзянінам Расіі:

«Але, нягледзячы на гэта, пасольству Беларусі ў Нігерыі дадзены ўказанні аказваць усялякае садзейнічанне ва ўрэгуляванні гэтага здарэння». Андрэй Савіных растлумачыў, што консульскае ўпраўленне і пасольства Беларусі ў Нігерыі прадаўжаюць узаемадзейнічаць перш за ўсё з расійскімі калегамі і іншымі зацікаўленымі, а таксама з нігерыйскімі ўладамі: «Робіцца ўсё неабходнае, каб забяспечыць вяртанне заложніка».

Консульская служба праводзіць адпаведнае расследаванне ў сувязі з інфармацыяй аб захопе піратамі грамадзяніна Беларусі.

Паводле даных інфармагенцтваў, у тэрытарыяльных водах Нігерыі ў раёне горада Брас было ўчынена пірацкае нападзенне на буксір «Бурбон Ліберці 249», які належыць французскай кампаніі «Бурбон». Судна займалася абслугоўваннем марскіх платформ па здабычы вуглевадародаў на шэльфе каля паўднёвага ўзбярэжжа Нігерыі. Паведамлялася, што сярод захопленых — грамадзяне Расіі, Эстоніі і грамадзянін Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?