Свой ДОМаш

Сямен Домаш адказвае на пытаньні нашаніўцаў

— Беларусы — людзі працавітыя і гаспадарлівыя. Што, на Вашую думку, зрабіць, каб ад гэтага была рэальная карысьць? Каб людзі маглі добра жыць і не баяцца, што ня хопіць грошай да наступнага заробку?

— Каб працавітасьць і гаспадарлівасьць беларусаў дала плён, трэба, каб дзяржава стварыла ўсім грамадзянам умовы для праяўленьня ініцыятывы. У першую чаргу — кіраўнікам прадпрыемстваў і спэцыялістам. Сёньня яны працуюць па загадах зьверху і служаць толькі выканаўцамі гэтых загадаў, нярэдка нават бязглуздых. А калі хто праяўляе ініцыятыву, дык рызыкуе яшчэ і быць пакараным за яе. А самае галоўнае, што людзі ня ведаюць, за што яны працуюць, яны ня знаюць нават кошту сваёй працы. Трэба зрабіць так, каб кожны чалавек ведаў, што чым больш і лепш ён зробіць, тым большы заробак атрымае.

— Вёска корміць краіну. Але вяскоўцы гібеюць. Нават на Гарадзеншчыне, дзе добрыя ўраджаі, заробкі калгасьнікаў — маленькія. Што можна зрабіць для таго, каб вяскоўцы за добрую працу добра атрымлівалі?

— Так, людзі гібеюць, а сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ня маюць пэрспэктывы. Па-першае, каб палепшыць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы, трэба пачаць з таго, каб даць кіраўнікам калгасаў свабоду дзеяньняў, дазволіць самім вырашаць, што, калі, як сеяць і калі зьбіраць ураджай. Самая вялікая памылка цяперашняй улады — у яе дыктаце. Лічу, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны мець абавязак перад дзяржавай на падставе кантракту. У ім трэба вызначыць аб’ёмы прадукцыі, якія яны павінны паставіць дзяржаве. Дзяржзаказ існуе і цяпер, але ж і на ўсю астатнюю прадукцыю «накладаецца лапа», усё трымаецца пад кантролем — каму, куды і колькі прадаць мяса ці другой прадукцыі. І па якім кошце. Апроч дзяржзаказу, усім астатнім гаспадаркі павінны распараджацца самі. Трэба, каб вяскоўцы свабодна рэалізоўвалі тое, што вырасьцілі, інакш яны ніколі ня будуць мець зацікаўленасьці ў сваёй працы.

Акрамя таго, цэны дзяржава трымае такія, што за кіляграм мяса гаспадарка атрымлівае менш, чым было выдаткавана, каб атрымаць гэтае мяса. Сытуацыя даволі абсурдная. Адсюль — рэнтабэльнасьць адмоўная, прыбыткі маюць толькі некаторыя гаспадаркі. У гэтым прычына нізкіх заробкаў на вёсцы і іх нясвоечасовай выплаты. Кожны калгасьнік павінен дакладна ведаць: колькі яму належыцца грошай за вырашчаны ўраджай ці вырабленую прадукцыю.

Па-другое, трэба неадкладна прыступаць да рэфармаваньня сельскай гаспадаркі. Ствараць новыя формы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе кожны працаўнік будзе асабіста зацікаўлены ў выніках сваёй дзейнасьці.

Беларусам пры іхняй цягавітасьці не хапае сьмеласьці. Прыклад — апошняя Алімпіяда. Шмат здольных спартсмэнаў, прызавыя месцы, мэдалі. Але да золата не дацягваюць. Чаму так?

— Сапраўды, беларусы на постсавецкай прасторы, мабыць, маюць найменш сьмеласьці ў будаўніцтве сваёй будучыні. Нашыя людзі ня могуць адчуваць сябе свабоднымі, бо дзяржава цісьне на псыхіку людзей, стараецца падпарадкаваць іх, паставіць у залежнасьць ад сябе, кантраляваць іх. Праяўленьне ініцыятывы прыгнятаецца. Людзі робяцца пасыўнымі выканаўцамі патрабаваньняў улады, і іх дзейнасьць далей гэтага ня йдзе. Выканаў загад — добра, ня выканаў — буду шукаць апраўданьня.

Гэта вельмі яскрава праяўляецца і ў спорце. Нашыя спартсмэны паказваюць добрыя вынікі, але на канчатковым этапе ім чагосьці не стае. А не хапае самага галоўнага — веры ў свае дзеяньні. Веры ў тых, хто іх накіроўвае, ставіць задачы. З боку ўладаў усё робіцца не каб па-сапраўднаму зацікавіць людзей, а зноў жа — каб дамагчыся вынікаў ціскам, дыктатам. Адкуль тут будзе сьмеласьць, адкуль — высокія вынікі?

— А як пераадолець страх? На пачатку 90-х казалі: людзі яшчэ па-ранейшаму баяцца. Цяпер кажуць: яны ўжо зноў баяцца. Адкуль бярэцца страх?

— Людзі сёньня настолькі запалоханы ўладай, што баяцца нават адзін аднаго. У іх псыхалягічны стрэс. Усе чыноўнікі баяцца, што іх праслухоўваюць, што хтосьці данясе аб тым, пра што яны гавораць. Страх прыгнятае, стрымлівае чалавека, гэта адназначна.

Будучая дэмакратычная дзяржава павінна стварыць такія адносіны паміж людзьмі і ўладай, каб гэты страх выкараніць, каб людзі не баяліся адзін аднаго. А галоўнае — каб не баяліся ўлады, нават не баяліся яе кантраляваць. А калі яны будуць давяраць уладзе, а ўлада — ім, яны змогуць лепей працаваць, будуць рабіцца заможнымі самі, і краіна адначасова будзе мацнець.

Улады сьцьвярджаюць, што ў грамадзтве пасьля 1996 году дасягнута стабільнасьць. Але грамадзтва расколата. Адбылося разьмежаваньне па прынцыпе: ты за Лукашэнку ці супраць? За — значыцца, супраць усяго беларускага, супраць сувэрэнітэту, за далучэньне да Расеі. Як пераадолець раскол у грамадзтве?

— Заявы аб сёньняшняй стабільнасьці ў грамадзтве — гэта прапагандысцкі трук. Насамрэч стабільнасьці ў нас няма. Грамадзтва падзелена. У людзей няма супольнай мэты, супольнай веры ў штосьці — у сваю дзяржаву, ува ўладу. Ёсьць падзел на нашых і нянашых, на чэсных і нячэсных. Лукашэнка робіць усё магчымае, каб павялічыць гэты падзел. Калі нешта не атрымліваецца, шукаюцца ворагі. То апазыцыя вінавата, то NАТО, то журналісты. То нават міністры. Лукашэнка ніколі не бярэ на сябе адказнасьці, перакладае яе заўжды на чужыя плечы — на ўрадавых чыноўнікаў, на мясцовыя ўлады. Альбо вінаваты банкіры, прадпрымальнікі. Гэта адпрацаваны прыём: на фоне зьбядненьня насельніцтва паказваць на тых, хто зарабляе больш. Маўляў, банкіры, прадпрымальнікі — гэта тыя, хто смокча з насельніцтва кроў, выцягвае грошы. Гэта таксама робіцца, каб раскалоць народ. Ажыцьцяўляецца прынцып: лягчэй кіраваць людзьмі, калі яны падзелены. Людзі нават ня хочуць ведаць, што багацьце краіны якраз і ствараюць прадпрымальнікі і банкіры. Карацей, раскол у грамадзтве інсьпіруецца ўладамі мэтанакіравана, ім гэта патрэбна.

Каб пераадолець гэты раскол, трэба проста зьмяніць стаўленьне да апанэнтаў, да апазыцыі. Ніводная ўлада, ніводная дзяржава ня могуць эфэктыўна існаваць, калі ў іх няма тых, хто крытыкуе, паказвае на недахопы. Людзі зь іншымі думкамі і падыходамі заўжды патрэбны, яны падштурхоўваюць да пошукаў у розных крытычных сытуацыях.

Яшчэ адзін прыклад — супрацьпастаўленьне людзей, якія змагаюцца за сувэрэнітэт і за незалежнасьць, тым, якія хочуць далучыцца да Расеі. Гэта таксама робіцца для таго, каб стварыць раскол.

— Якой, на Ваш погляд, павінна быць замежная арыентацыя Беларусі? На якія каштоўнасьці варта зважаць?

— Трэба ўлічваць як геаграфічнае, так і гістарычнае становішча Беларусі. Мы жывем паміж Расеяй і заходнімі краінамі, якія пайшлі па шляху сацыяльнага і тэхнічнага прагрэсу. Мы — на лініі падзелу, і нам трэба як супрацоўнічаць і сябраваць з Расеяй, так і старацца жыць разам з эўрапейскай супольнасьцю, быць у яе складзе.

На Захадзе сёньня значна вышэйшы тэхнічны і сацыяльны ўзровень. Расея можа дапамагчы нам энэргарэсурсамі, але для разьвіцьця вытворчасьці, для стварэньня новай тэхнікі і тэхналёгіі ў Расеі, на жаль, няма чаму павучыцца. Ім самім не хапае гэтага, яны самі на такім прыблізна ўзроўні, як мы, калі толькі не лічыць ваеннае прамысловасьці.

Усё нам патрэбнае ёсьць, аднак, на Захадзе, у Эўропе, зь імі і трэба шчыльней супрацоўнічаць. Для гэтага, перш за ўсё, мы павінны стаць адкрытымі, каб яны пажадалі і змаглі прыйсьці да нас са сваімі інвэстыцыямі. Каб можна было атрымаць ад іх новыя тэхналёгіі. Інакш мы ня зможам разьвівацца.

А з Расеяй, як я ўжо казаў, трэба сябраваць. Нашы народы даўно і цесна зьвязаны паміж сабою. Там, як вядома, жыве паўтара ці два мільёны беларусаў. Нідзе больш — у іншых краінах — такога няма. Гэта ўсё нашы людзі, нашы землякі. І не сябраваць з краінай, дзе столькі беларусаў, — проста нелягічна. Тым больш што і ў Беларусі жыве шмат расейцаў.

Галоўнае, што мы павінны быць нэўтральнай краінай. Не ўступаць, перадусім, у ніякія вайсковыя блёкі. Ня ўдзельнічаць у ваенным супрацьстаяньні. Патрэбны роўныя адносіны да ўсіх — і да Расеі, і да заходніх краін, і да ўсіх іншых нашых суседзяў.

— Як Вы думаеце, што рабіць зь дзяржаўнай сымболікай, зь якой Беларусь стала незалежнай?

— Наша дзяржава павінна мець сапраўдныя нацыянальныя сымбалі. На жаль, вялікая частка грамадзтва не разумее гістарычнай сымболікі, бо ня ведае гісторыі. Каб аднавіць гістарычную справядлівасьць нават у дзяржаўных сымбалях, мы павінны правесьці вялікую тлумачальную працу сярод насельніцтва. Адкрыць спачатку людзям вочы на гісторыю нашай дзяржавы і народу. Прыкласьці ўсе намаганьні, каб у кароткі тэрмін растлумачыць гістарычную праўду.

Калі людзі будуць у гэтым сэнсе дасьведчаныя, я перакананы, што сам народ запатрабуе вяртаньня гістарычнай беларускай сымболікі і ўжо ніколі не дазволіць яе зьмяняць. Самае разумнае — стварыць такую атмасфэру ў грамадзтве, каб людзі самі захацелі зьмяненьня сымболікі. Гэта няцяжка зрабіць, калі па-сапраўднаму паставіць прапаганду гістарычнай праўды, эфэктыўна выкарыстаць увесь наш навуковы патэнцыял і сродкі масавай інфармацыі.

— Як пераканаць расейскія ўладныя эліты, што перамога праціўніка Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі не пашкодзіць інтарэсам Расеі?

— Гэта магчыма будзе тады, калі ўтворыцца як найшырэйшая кааліцыя апазыцыйных сілаў. У праграме адзінага кандыдата ад гэтай кааліцыі, які будзе вылучаны ёю на прэзыдэнцкіх выбарах, павінна быць пераканаўча падкрэсьлена, што яго прыход да ўлады ні ў якім разе не пагоршыць адносінаў з Расеяй. Калі гэта будзе зроблена, я думаю, што на нас ня будуць тады глядзець з падазрэньнем. У праграме павінна быць прадугледжана і шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва з расейскім бокам. Напрыклад, павінны быць прапанаваны супольныя праграмы разьвіцьця энэргетыкі ды іншыя.

Важнае значэньне мае стварэньне супольных свабодных эканамічных зонаў. Цяперашнія ўлады ўжо зьвярнулі на гэта ўвагу, але яны ня здатныя ажыцьцявіць падобнае. Бо ў нас іншая, чымсьці ў Расеі, эканоміка — камандна-адміністрацыйная. Таму эфэктыўнага супрацоўніцтва ў гэтых умовах дасягнуць немагчыма. Будучая дэмакратычная ўлада зможа рэальна нават паглыбіць, палепшыць эканамічныя сувязі з Расеяй, падвёўшы пад іх рынкавую аснову. У расейскіх уладаў, такім чынам, ня будзе падставаў, каб працівіцца дэмакратычнаму выбару беларусаў.

Каб пераканаць уладныя структуры Расеі, трэба папросту аддаць больш увагі добразычлівым адносінам з расейскім бокам. Лукашэнка ня мае манаполіі на сяброўства з Расеяй. Дэмакраты ставяцца аднолькава добра да ўсіх, апроч дыктатарскіх рэжымаў. У нас няма ніякіх падставаў псаваць з кімсьці адносіны, калі да нас будуць таксама ставіцца адпаведна: паважаць нашу краіну, наш сувэрэнітэт, нас — як народ.

Запісаў С.А.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0