Сяргей Паўлоўскі

Беларусь вачыма тэрарыста

эсэ

 

Аднойчы ў падвале бацькоўскага дому я перажыў сапраўдную трансфармацыю ў часе. Прыйшоўшы па бульбу, пачаў разглядаць стосы старых кніг, вынесеных сюды з хатняе бібліятэкі. Раптам вока ўпала на карэньчык з прозьвішчам «Ваўпшасаў». Гэтая асоба зацікавіла мяне яшчэ на шыльдзе адной менскай вуліцы. Што за прозьвішча такое? Каўказец, ці што? Аказаўся літоўцам. Толькі да прозьвішча Ваўпшас дадаўся расейскі канчатак -ов. (Унікальны на маёй памяці выпадак.) Што за чалавек? Дывэрсант, чэкіст, опер, асабіст, чый лёс увабраў заградатрады, НКВД, спэцпадразьдзяленьні... Прафэсія — ліквідацыя людзей. 50 гадоў біяграфіі Ваўпшасава прыпадаюць на Беларусь.

Наша краіна вачыма тэрарыста...

Я прысеў, разгарнуў таўставаты, амаль на 500 старонак том.

Паглыбляючыся пры сьвятле тускнай лямпы ў зьмест Ваўпшасавых мэмуараў, я зразумеў, што паглыбляюся ў самое мінулае стагодзьдзе. Міжволі я параўнаў сваё падарожжа з колішняй кнігай Адама Мальдзіса «Падарожжа ў ХІХ ст.». Пэўне ж, не на карысьць свайго. Там Агінскі, Чачот, Бакшанскі — узьлёты духу з зразумелай адвеку і давеку думкаю пра Бацькаўшчыну, яе свабоду і посьпех. Мальдзіс кліча чытача ў нябёсы нязьменных ідэалаў, у сьветлыя рамантычныя вышыні, у палёт. А мне з маім падарожжам у стагодзьдзе ХХ-е выпала сядзець у пыльным сутарэньні, сярод сьпісаных састарэлых кніг, чые ідэалы ператварыліся ў скукожаныя ідэалягемы. Тым ня менш, я вырашыў прайсьці сваё падарожжа, каб ясьней разгледзець мінулае стагодзьдзе і ягоных герояў, ягоных заканадаўцаў і гаспадароў.

Узьлёты духу... Колькі ж жыцьцяў на сумленьні аднаго гэтага чалавека! А які матыў соцень, або і тысяч забойстваў? Усясьветная рэвалюцыя — далёкая песьня, усё больш далёкая, ужо амаль неразборлівая... Яе “інтэрнацыяналаўскі” матыў кануў некуды ў нябыт. А безь яго з чым будзе стаяць тая душа чалавечая перад вечнасьцю, чым растлумачыць свае ўчынкі? Гэй, хто ты?

Ужо першы абзац Ваўпшасавай кнігі мяне насьцярожыў і азадачыў:

«Канфліктаваць з жыцьцём я пачаў рана. Асаблівых падставаў для майго неўсьвядомленага пратэсту не было, бытавалася нібыта ў дабры, я не магу паскардзіцца на бязрадаснае або жабрацкае маленства. Тым ня менш нешта не задавальняла мяне ў звыклых парадках, а што менавіта, адразу цяжка было зразумець».

Пасьля высьветліцца, што гэта і ёсьць уся жыцьцёвая праграма, якая можа быць пададзеная ў боскую канцылярыю, бо астатнія вытлумачэньні — пра інтарэсы рэвалюцыі і савецкае ўлады — там ня прымуць.

Калі ж адкінуць бальшавіцкую ідэалёгію, якую сёньня больш дакладна назваць ідэалістыкай, дык жыцьцёвыя прыгоды Ваўпшасава ўспрымаюцца як успаміны якога-небудзь Бін Ладэна, ня йначай.

Як нараджаецца тэрарыст? У нашым выпадку ён сфармаваўся з вайскоўца.

«На другі дзень раніцою Нехвядовіч атрымаў цывільную вопратку, літаратуру, выбухоўку і, рассоўваючы ўсю гэтую гаспадарку па рэчавых мяшках, сказаў:

— Вось хутка пераапранемся, і нічога ў нас чырвонаармейскага не застанецца. Мужыкі і мужыкі. Былі франтавікі — сталі партызаны, і што нас чакае наперадзе, нікому няведама. Але мы далі слова партыі і павінны яго сьвята выконваць, а хто паверне...

— Няма ў нас такіх, камандзір! — адгукнуўся Жулега. — Мы ня зьвернем з абранай дарогі да самага сканчэньня ўсясьветнай рэвалюцыі, пакуль апошняга буржуя не прыкончым.

— Жулега ў нас такі, — умяшаўся Пеця Курзін. — Барацьбу прызнае толькі ва ўсясьветным маштабе. Польскі пан для яго ня пан, а дробная казурка. Як дасьць па фрызуры — так і вырасьце сьвежая магілка».

Ключавое слова тут — пераапранемся. За сваё жыцьцё Ваўпшасаў толькі паводле мэмуараў мяняў прозьвішча і дакумэнты разоў дзесяць. Гэта вельмі важная дэталь — закрыцца. З чужым імем ты быццам і недасягальны, і беспакараны. Гэтым разам дзея адбываецца яшчэ за першай польскай акупацыяй.

У чым зьмест дзейнасьці? Увайсьці на тэрыторыю праціўніка, сабраць там групу, напасьці на інкасатара, каб было за што піць-есьці, пасьля арганізаваць напад на абоз ці склад з боепрыпасамі, а з гэтым ужо прыступаць да дывэрсійнай дзейнасьці. Што-небудзь зьнішчыць, каго-небудзь забіць, разграміць невялікі гарнізон. І пры гэтым сьцягваць да сябе ўсё новых прыхільнікаў. Дзеля чаго ўсё гэта? Дзеля ўсясьветнай рэвалюцыі — гучыць выцьвіла і непераканаўча. Калі ж адкінуць ідэалістыку, дык маем справу з рамантыкай звычайнага бандытызму.

Зьвярніце ўвагу, як наіўна гучаць сёньня апраўданьні разбою на дарогах. Перайшоўшы мяжу, дывэрсанты сядзяць у лесе. Ад мясцовага агента даведваюцца, што па дарозе Бегам’е—Мсьціж будзе ехаць польскі вайсковы скарбнік. Нехта прапануе напасьці. Камуністычныя дывэрсанты ў сілу сваёй ідэалістыкі пачынаюць сумнявацца. Ваўпшасаў працягвае:

«— Экспрапрыяцыя? — спытаўся я. — Трэба падумаць. Мы ж камуністы, падпольшчыкі, і наўрад ці нам трэба даваць польскім уладам падставу называць нас разбойнікамі з бальшой дарогі.

Але Зыс стаяў на сваім, і мы пайшлі да нашага камандзіра, каб ён вырашыў нашу спрэчку. Нехвядовіч уважліва выслухаў нас і сказаў:

— Таварыш Зыс мае рацыю. Мы павінны жыць за кошт праціўніка, забіраючы ў яго зброю, харчы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці, у тым ліку і грошы. Такая лёгіка партызанскай вайны.

Камандзір прыняў рашэньне: арганізаваць засаду, ахову і скарбніка раззброіць, але не забіваць, а грошы падзяліць паміж найбольш беднымі сялянамі, і частку ўзяць сабе для патрэбаў падпольля».

Ну проста калыханка нейкая. Ідылія. Нібы і пісаў гэта ўсё Ваўпшасаў у тыя часы, калі ня меў яшчэ й дваццаці гадоў, а не ў сваім кабінэце зь відам на маскоўскі Ленінскі праспэкт.

...Уладкаваўшыся зручней у падвальным катуху, я прабягаў вачыма старонкі, запоўненыя вадзяністым расповедам. Сярод усіх гэтых робленых дыялёгаў раз-пораз натрапляў на назвы знаёмых мне вёсак, сустракаў і ведамых гістарычных пэрсанажаў. Але цікавіла мяне, мабыць, ня гэта.

Масьціты забойца нідзе не апісваў саміх экзэкуцыяў, быццам стараўся не пакідаць сьлядоў злачынства. Хіба што ў такіх знакавых выпадках, як расстрэл памешчыка Вішнеўскага з-пад Вялейкі на вачох ягоных батракоў. Далей імем гэтага памешчыка будуць палохаць іншых. Што да астатніх ліквідацыяў, дык яны папросту выпадаюць з тэксту. Гаворыцца, што правакатарам няма дараваньня, пасьля эпізод допыту і... усё. Ліквідацыя шпіёнаў — так ён сам гэта называе. Насамрэч тут лёгка вычытваецца правобраз будучых заградатрадаў. Бальшавісцкія дывэрсанты сядзелі ў лясах за польскай мяжою, адсочвалі і зьнішчалі перабежнікаў з савецкага боку. Ішоў 1923 год. Вось як гэта выглядала:

«Але хто ня мог чакаць ад нас літасьці, дык гэта шпіёны і правакатары.

Дзьмітры Балашка паведаміў мне, што ягоная група затрымала на шашы каля вёскі Бамбалі мужчыну, які назваўся Жылінскім. У яго адабралі зброю.

— Прывядзіце яго сюды, — папрасіў я.

Допыт працягваўся некалькі дзён. Жылінскі і жартамі аддзелываўся, і сварыўся з намі. Упарта цьвердзіў сваю легенду:

— Я служыў у Чырвонай арміі, быў на фронце і ваяваў супраць белапалякаў. Цяпер дапамагаю сумленным беларусам змагацца ў тыле ворага.

— Патрыёт, значыць? — спытаўся я ў яго, будучы выведзены зь цярпеньня нахабнай хлусьнёю.

— А што, скажаце не? — адказваў ён, не зьміргнуўшы вокам.

— Ва Ўсходняй Беларусі бывалі?

— Бываў.

— Выпадкова не знаёмы з камісарам ляснога наркамату ў горадзе Ігумене?

Такога пытаньня арыштаваны не чакаў. Бо гэтым камісарам да нядаўняга часу быў ён сам».

Канец эпізоду.

Самой экзэкуцыі аўтар не апісвае. Гэта як у эратычных фільмах — закаханыя кладуцца ў ложак і гасяць сьвятло. Далей мусіць запрацаваць уяўленьне гледача — наколькі яно разбэшчанае. Так і тут.

Ня могуць не запыняць увагі эпізоды, дзе адным сказам пазначаюцца некалькі гадоў працы ў НКВД ў самы разгар выкрываньня шпіёнаў і ворагаў народу. У Ваўпшасава гэты сказ гучыць так: «Некалькі гадоў праслужыў у рэспубліцы, зь якой даўно і моцна зьвязаў свой лёс. Затым зноў Масква». А там — Беламорканал. Можна толькі дзівіцца, як адзін чалавек накрывае сваім лёсам усе гарачыя кропкі стагодзьдзя. Прычым па ўсім сьвеце. Вось ён апынаецца ў Барсэлёне. Сцэнка сустрэчы двух сяброў настолькі беларуская савецкая, што не магу яе не прывесьці.

«Барсэлёну нездарма называюць пэрлінай Міжземнага мора. Горад проста цудоўны са сваімі велічнымі старажытнымі будынкамі, пышнымі пальмавымі бульварамі, шматкілямэтровымі праспэктамі і ўзьбярэжнымі, раскошнымі віламі ў ваколіцах. Калі я прыехаў, неба над морам і гарадзкімі кварталамі зьзяла яркім блакітам, і ўсё навокал было па-паўднёваму яркае, жыцьцярадаснае, прыгожае.

У Барсэлёне я сустрэўся з многімі савецкімі добраахвотнікамі, што прыехалі сюды раней за мяне. Вельмі радаснай была сустрэча з Кірылам Пракопавічам Арлоўскім, усё такім жа маладым, задорным, агнявым.

— Сьвет малы, Станіславе! — прамовіў ён, калі мы абняліся. — Колькі разоў мы з табой разлучаліся, але дарожкі нашыя сыходзяцца зноў і зноў. Ці ж ня дзіва!

— Калі разабрацца, Кірыле, ня дзіва. У такое стагодзьдзе так і павінна адбывацца. Заканамернасьці часу супадаюць з заканамернасьцямі асобы.

— Вось-вось, Станіславе! Гэтак мы з табою ўсё жыцьцё пройдзем разам».

Дзея адбываецца ў часе гішпанскай грамадзянскай вайны. Ваўпшасаў прыехаў сюды дарадцам, які кансультаваў дывэрсыйныя атрады, як правільна разбураць камунікацыі, падкладаць міны на дарогах, ствараць паніку сярод насельніцтва.

Наступны эпізод зноў ляканічны, хоць і ўбірае некалькі гадоў:

«Па вяртаньні ў Маскву я стаў працаваць у адной з управаў НКВД. Жыў у сям’і, хадзіў па родных маскоўскіх вуліцах, любаваўся сталічным бляскам і дзелавой мітусьнёй вялізнага гораду». І ўсё. Далей адразу — фінская вайна. Задача Ваўпшасава — здымаць з дрэваў «зязюляў» — фінскіх снайпэраў.

«Любіў я сваіх падначаленых, па-бацькоўску клапаціўся пра іх. І яны не аднойчы ратавалі мяне ад вернай пагібелі, а паміж сабою за ўзрост, гумар і вечную заіндзявеласьць празвалі Дзедам Марозам»...

Часам правалы здараюцца нават з геаграфіяй. «Паўтара году я правёў у капіталістычнай Эўропе, выконваючы спэцыяльныя заданьні». Увесь пэрыяд нямецкай акупацыі Беларусі Ваўпшасаў на акупаванай тэрыторыі нашай краіны займаецца звыклай работай — дывэрсіі, стварэньне ліквідацыйных групаў і ўласна сама ліквідацыя. У прыватнасьці, ён бярэ ўдзел у арганізацыі забойстваў «актыўнага буржуазнага нацыяналіста» Фабіяна Акінчыца, «ворага беларускага народу» Вацлава Іваноўскага і «злобнага буржуазнага нацыяналіста» Казлоўскага.

«У выніку ўдараў, нанесеных па беларускіх нацыяналістах, гэтыя празрэнныя адшчапенцы, ня маючы апоры ў народзе, не змаглі аказаць эфэктыўнай дапамогі фашысцкім акупантам. Чэкісцкімі групамі праводзілася вялікая праца дзеля разлажэньня нацыяналістычных арганізацыяў і фармаваньняў, якія ствараліся гітлераўцамі зь ліку мясцовага насельніцтва». Дэталі не ўдакладняюцца.

Пасьля вайны бальшавіцкі бандыт мяняецца месцамі з тымі, хто перасьледаваў яго ў лясах. Адбываецца новае важнае пераапрананьне. Цяпер ён ад імя ўлады ловіць бандытаў у Беларусі і Літве.

«Зноў замкнулася кола лёсу: тут у 20-я гады я працаваў у падпольлі, змагаўся ў партызанскіх атрадах, а цяпер ролі перамяніліся, я бараніў народную ўладу ад усялякага роду ўзброеных прайдзісьветаў, што хаваліся ў лясах».

Далей Ваўпшасаў пачынае распавядаць гісторыю, якая мае ўжо адкрыта казачны зьмест. Ён прыяжджае ў Жмудзь, дзе ў лесе сядзіць банда нейкага Клаюнаса. Наш герой вырашае ліквідаваць банду па-добраму. Ён піша Клаюнасу ліст, каб той перастаў змагацца, бо такое вакол цудоўнае жыцьцё, савецкае. Маўляў, за 24 гадзіны ўся банда на фурманках павінна выехаць зь лесу пад чырвонымі сьцягамі. Гадзіны бягуць хутка, чэкіст хвалюецца. Але хіба ж можа ён памыляцца? І вось сапраўды мноства фурманак зь ляснымі братамі пад чырвонымі сьцягамі прыяжджаюць у мястэчка. Малайцы, — кажа ім Ваўпшасаў. Чым хацелі б займацца ў мірным жыцьці? Тыя адказваюць, што ім за здраду можа дастацца ад іншых лясных братоў, таму яны хацелі б паехаць на Далёкі Ўсход.

Хто б мог падумаць, што пасьляваенныя масавыя дэпартацыі літоўцаў у ГУЛАГ адбываліся добраахвотна...

Верагодна, у сэнсе даставернасьці гэты эпізод адпавядае і ўсёй астатняй кнізе. І яшчэ — аніразу не ўзьнікае жаданьня параўнаць сябе з героем-апавядальнікам, маўляў, як бы зрабіў я. Наадварот, нязьменна ўяўляеш сябе на месцы ахвяраў безагляднага дывэрсанта. Ад гэтага ўвесь час кніжку хочацца адкласьці. Тым ня менш, я дачытваю да апошняга абзацу, які мае філязофскі характар:

«На дарогах жыцьця растуць не адныя посьпехі ды ўдачы. Вельмі важна пазьбегнуць паразы і дамагчыся перамогі. Але ня менш важна пры любых абставінах захоўваць паўсюль — і ва ўнутраным сваім сьвеце, і ў калектыве людзей, сярод якіх знаходзішся, — аптымальную маральную атмасфэру».

Дзесьці я нешта падобнае нядаўна чытаў. Ага, згадваю. Цяпер у Вільні судзяць нейкага Янушкевіча. За пяць гадоў ён учыніў трынаццаць забойстваў — пераважна інкасатараў і мянялаў валюты, учыніў мноства ўзброеных нападаў, рабункаў. Словам, чысты Ваўпшасаў нашых дзён. Гэта ён сказаў журналістам нешта пра «аптымальную маральную атмасфэру». Газэты не ўдакладняюць, ці кіраваўся Янушкевіч нейкімі ідэйнымі матывамі, напрыклад, ці ён камуніст. Але калі да ягонае дзейнасьці прыставіць нейкія матывацыі — скажам, дэстабілізаваць сытуацыю ў цяперашняй капіталістычнай Літве, дык мы атрымалі б яшчэ аднаго савецкага героя.

Але ж як у выпадку зь Янушкевічам, так і ў выпадку з Ваўпшасавым усе ўчыненыя імі забойствы, рабункі і дывэрсіі засталіся толькі забойствамі, рабункамі і дывэрсіямі, бо ўсё, дзеля чаго гэта нібыта рабілася, было асуджана, адкінута, забыта. Інтэрнэтаўскія шукалкі на імя Ваўпшасаў адгукаюцца сёньня толькі адрасамі ўстановаў, разьмешчаных на адной зь менскіх вуліц...

На вуліцы Ваўпшасава ў Менску ёсьць Маторны завод, дзьве аўтазапраўкі і першы ў Беларусі прытулак для бяздомных людзей.

Паўстагодзьдзя наш герой займаўся дывэрсійнай і тэрарыстычнай дзейнасьцю. У сваёй кнізе ён апісаў нашу краіну не як краязнаўца або падарожнік, не як навукоўца, а менавіта як бандыт.

У савецкай Літве, як тады было прынята, на радзіме героя Савецкага Саюзу ўсталявалі ягоны бюст. Сам Ваўпшас жыў у сваёй кватэры ў Маскве на Ленінскім праспэкце і пісаў на машынцы мэмуары. Сёньня ягоны бюст — у парку скульптуры таталітарнага пэрыяду, у глыбокай правінцыі, недалёка ад беларускай мяжы, сярод іншых пэрсанажаў таго часу — Ленінаў, Сталінаў, Дзяржынскіх...

Першую спробу даць пераацэнку дзейнасьці вэтэрана савецкага палітычнага тэрарызму зрабіў расейскі пісьменьнік Віктар Сувораў у сваёй кнізе «Ледакол. Хто пачаў другую сусьветную вайну?» Менавіта Ваўпшасаў спатрэбіўся Сувораву для даказваньня таго, што Сталін рыхтаваўся не да абарончай, а да нападніцкай вайны.

«Да 1926 году ваяваў у польскіх лясах. Афіцыйна вайна з Польшчай даўно завяршылася, а савецкія «партызанскія атрады», укамплектаваныя галаварэзамі з ЧК і ГПУ, забіваюць людзей у імя ўсясьветнай рэвалюцыі. Пасьля вяртаньня Ваўпшас — буйны начальнік на вялікіх будоўлях ГУЛАГу — тысячы галодных зэкаў капаюць сталінскія каналы, а кіруюць будаўніцтвам чэкісты. Ваўпшас — сярод кіраўнікоў. А пасьля наш герой кантраляваў ня зэкаў ГУЛАГу, а палітбюро гішпанскай кампартыі, накіроўваў працу рэспубліканскай контравыведкі і дывэрсійных фармаваньняў. А потым Беларусь і падрыхтоўка савецкіх партызанаў на выпадак уварваньня праціўніка на савецкую зямлю. Але вось падпісаны пакт — і партызаны больш непатрэбныя. Ваўпшас трапляе ў фармаваньні Асназ НКВД і займаецца высакароднай справай «ачысткі тэрыторыяў ад варожых элемэнтаў» у часе «вызваленчых паходаў». А вось 22 ліпеня 1941 году ён сустрэў не на мяжы, а за мяжой, на тэрыторыі «верагоднага праціўніка», маючы ў кішэні дыпляматычны пашпарт. Навошта гэтага карніка, тэрарыста, ГУЛАГаўскага дыплямата адправілі за мяжу? Можа, у інтарэсах умацаваньня бясьпекі краіны, «прадбачачы абарончую вайну»? Не, у абарончай вайне ён там зусім непатрэбны. Як толькі такая вайна пачалася, яго тэрмінова вярнулі ў Савецкі Саюз і адправілі ў Беларусь партызаніць, ствараць нядаўна зьнішчаны партызанскі рух, пачынаючы з нуля... Калі рыхтавалася абарончая вайна, дык навошта ўвесь гэты маскарад зь пераапрананьнем?»

...Забраўшыся па вушы ў ХХ ст., я злавіў сябе на адчуваньні, быццам надыхаўся бульбянога пылу. Болей сядзець у цёмным катусе было немагчыма. Адно зафіксаваў сабе ў памяці магію адпаведнасьці — гэтага пыльнага лёху, скрыняў зь леташняй бульбай, леташняга стагодзьдзя і гэтай кнігі, гэтай асобы, гэтага чалавечага лёсу, які і забыў бы хутчэй, дык жа неаднойчы нагадае пра яго ўсё яшчэ дзейная назва адной зь менскіх вуліц.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0