Скончылася несапраўдная зіма, падобная да восені, якая ў гэтым годзе таксама была несапраўдная. Прыйшла зіма сапраўдная і нанесла надзей на тое, што жыцьцё наша напаўштучнае таксама «пасапраўднее». Мы перажылі чужыя аранжавыя перамогі і чужыя трагедыі, учыненыя разьюшанай маткай-прыродай. «Мірныя людзі», як заўсёды, бязьдзейсныя і задаволеныя сваёй абароненасьцю, расейскамоўныя, тутэйшыя і «празныя-празныя».

У нас няма слова «празнасьць», у нас не павінна быць і «празьнікаў», у якіх не засталося нічога па-сьвяточнаму сьвятога. «Празнасьць» — гэта чужая лексычная адзінка і чужая мэнтальная якасьць. «Празнасьць» — гэта самы пачатак, але ўжо пачатак цемнаты і жывёльнасьці. «Празнасьць» да непазнавальнасьці перакошвае твары тваіх менскіх аднагодкаў, калі пачынаеш сьпяваць песьні на тваёй мове (якую яны абзываюць проста «мовай») у іх бадзёрай кампаніі. «Празнасьць» палохае, прымушае выпускаць кіпцюры і насупліваць бровы, прымушае сварыцца з «празнымі» і паказваць сваю нікому не патрэбную неабыякавасьць. «Празнасьць» — гэта калі няма за каго і за што змагацца, няма каго берагчы і што цаніць, гэта калі няма нічога, апроч жаданьня працаваць «на офісе», неістотна чыім, няважна для чаго і на каго. «Празнасьць» — гэта значыць, што нічога вышэйшага за быт і адзінае сёньняшняе вымярэньне не засталося. «Празнасьць» — гэта сыгнал SOS, гэта значыць, што ў дзень, калі сьпяюць нам званы пра народнае абуджэньне, абуджацца ня будзе каму.

«Празнасьць» — гэта новы стыль жыцьця беларускае моладзі.

Паляваньне на празных людзей

Аднойчы ўвечары, апрануўшы чорны плашч змагара за нацыянальнае вызваленьне і бел-чырвона-белую шапку Санта-Клаўса-патрыёта, я пайшла адлоўліваць гэты новы тып моладзі дзеля бліжэйшага знаёмства. Вызначыўшыся зь месцам і часам лову (усялякія палілкі, падваконьні і цёмныя куты ўнівэрсытэтаў ды папросту месцы «кучкаваньня»), я вырашыла ў іх пытацца пра Адама Міцкевіча (таму што ён здаваўся добра вядомым, дый тут магчыма польска-беларуская блытанка), пра самае чаканае сьвята, пра ўсё моднае і пра іх саміх, «празных» людзей.

Неабцяжаранасьць

«Адам Міцкевіч — беларускі нейкі дзеяч, здаецца, паэт, усімі праўдамі і няпраўдамі змагаўся за нацыяналізацыю», — кажа мне белавалосы хлопец і ня можа ўспомніць ніводнага твору гэтага «змагара». Неаспрэчная большасьць астатніх апытаных таксама перакананыя ў тым, што Міцкевіч — беларускі пісьменьнік, зрэдку кажуць — польска-беларускі. «Пачакайце, Якуб Колас? А гэта ня тое ж, што й Адам Міцкевіч?» Нарадзіўся і жыў у Польшчы, а вось пісаў па-беларуску. (Відавочна, тады гэта было вельмі выгадна…) Але бывала, што і па-расейску пісаў. Вельмі добрыя, аднак, яго творы, пераважна пра сялян: «Сон на кургане», «Тадэвуш Касьцюшка», «Песьня пра зубра» і фіг яго ведае, што яшчэ… «Satisfaction» — таксама ягоны?

Напружвацца мы ня любім. А любім «празнаваць, канешна». І найлепшы празьнік — Новы год. Таму што народ вывальвае на вуліцы, і паўсюль музыка гучыць, і пэтарды можна за каўнер закідваць, і так смачна-смачна ў горадзе пахне порахам, а дома сталы ломяцца, і можна жэрці і жэрці, каб думаць ня трэба было… Новы год «празныя» людзі не плянуюць. А нашто, калі і так прапаноў заўсёды шмат, часам ужо «ёсьць добрая кватэрка — прыходзьце да нас», а часам ёсьць даўно знаёмая мадэль: «пайсьці ў горад зь сябрамі — надрацца — не вярнуцца дадому». Пры апошнім раскладзе плянаваць проста няма сэнсу. Зрэшты, гэтыя варыянты найчасьцей выкарыстоўваюцца і дзеля ўсіх астатніх нагод.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Тэда Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0