СССР і Захад

Якія адрозненні паміж савецкай і заходняй мадэлямі? Першай была ўласцівая шматэтапная сістэма, якая нагадвала піраміду. У самым нізе знаходзіліся раённыя, гарадскія і абласныя газеты, у літаратурных рубрыках якіх маглі друкавацца пачаткоўцы (пры выданнях часта існавалі літаратурныя аб’яднанні).

Вышэй знаходзіліся рэспубліканскія галіновыя выданні: газета і некалькі часопісаў. Толькі пасля апрабацыі твораў на іх старонках яны маглі быць надрукаваныя ў дзяржаўным выдавецтве. Прычым план зацвярджаўся пры непасрэдным удзеле Саюза пісьменнікаў.

Паколькі літаратурны рынак адсутнічаў, наклады кніг вызначаліся не рэальным попытам, а катэгорыяй, да якіх адносіліся (напрыклад, выбранае аўтараў абсалютна рознага ўзроўню магло выйсці накладам 60 ці 100 тысяч асобнікаў). Зразумела, частка тыражу кожнага выдання разыходзілася па бібліятэках.

Станоўчым бокам такой сістэмы была магчымасць для літаратараў (сяброў Саюза пісьменнікаў) займацца ўласна творчасцю. Адмоўным – кантроль з боку дзяржавы. Адпаведна, творы, ухваленыя апошняй, былі даступныя ўсім чытачам. А вось непрызнаныя траплялі пад забарону.

Заходняй літаратурнай мадэлі, якая па форме нагадвала айсберг, былі ўласцівыя рыначныя рысы. Таму газеты амаль не друкавалі літаратурныя творы, а часопісы былі пляцоўкай для вузкай інтэлектуальнай эліты.

Пісьменніцкія арганізацыі або мелі сімвалічнае значэнне, або аб’ядноўвалі пэўную, невялікую групу пісьменнікаў-аднадумцаў, а не ўсіх творчых асоб краіны ці рэгіёна.

Асноўным і вызначальным элементам заходняй літаратурнай мадэлі было выдавецтва, якое кіравалася ўласнымі суб’ектыўным крытэрамі.

Ва ўяўленні многіх айчынных чытачоў, а таксама саміх пісьменнікаў словазлучэнне «літаратурны рынак» мае негатыўнае адценне. У памяці адразу ўзнікаюць шматлікія дэтэктывы Дар’і Данцовай, шматтысячныя наклады яе кніг, у той час як сапраўдная літаратура недаступная шырокаму колу чытачоў. Насамрэч усё не так адназначна.

Што такое літаратурны рынак?

Існаванне якой заўгодна рынкавай сістэмы (у тым ліку і літаратурнай) тлумачыцца праз попыт і прапанову. Чым большую цікавасць выклікае кніга (дзякуючы таленту пісьменніка, цікавасці чытачоў да пэўнага жанру ці праблемы, паспяховай рэкламе, экранізацыі кнігі), тым большы наклад яна мае.

Яшчэ адна рыса літаратурнага рынку – існаванне ўнутры яго розных сегментаў. Напрыклад, жаночага рамана, дэтэктыва, фантастыкі, элітарнай літаратуры. Змаганне за чытача часцей ідзе не паміж гэтымі сегментамі, а ўнутры іх.

Калі прывесці прыклад з сучаснай рускай літаратуры, супрацьстаянне за чытачоў адбываецца не паміж Дар’яй Данцовай і Людмілай Уліцкай, а паміж такімі элітарнымі пісьменнікамі, як Уліцкая і Міхаіл Шышкін, або паміж Данцовай і яе пасрэднымі калегамі.

Зразумела, час ад часу назіраюцца формы «экспансіі». Часцей пасля паспяховай экранізацыі твора. Напрыклад, з’яўленне на экранах ТБ серыяла «Ідыёт» пашырыла кола чытачоў рамана Дастаеўскага за кошт масавай аўдыторыі.

Безумоўных мінусаў у такой мадэлі два. Паколькі ўсё вырашае чытач, перавага, безумоўна, знаходзіцца на баку аўтараў лёгкага чытва. Акрамя таго, паэзія апрыёры не адпавядае рынкавым адносінам.

Што да плюсаў, дык попыт на тыя ці іншыя літаратурныя творы рэгулюе само жыццё.

Існуе яшчэ адно адрозненне паміж мадэлямі, якое закранае фінансавы аспект. У савецкай літаратурнай сістэме існавала пэўная «ўраўнілаўка» (фіксаваныя сумы аўтарскіх ганарараў).

На Захадзе памер ганарару вызначаўся накладам, дамоўленасцямі аўтара з дырэктарамі выдавецтваў, працай агента і г.д.

Сустрэў у друку цікавую лічбу: у Германіі толькі каля 10% пісьменнікаў могуць жыць за кошт літаратурнай працы. Зразумела, не ўсе з іх належаць да літаратурнай «папсы». Матэрыяльна забяспечаныя найлепшыя творцы сярод элітарнага кірунку, дэтэктываў, фантастыкі.

Куды рухацца беларускай літаратуры?

У пачатку 1990-х у Беларусі, дзе раней панавала савецкая мадэль, пачалося паступовае адмаўленне ад ранейшых прынцыпаў узаемаадносінаў «пісьменнік – дзяржава».

У сітуацыі, калі на першы план выйшлі паняцці фінансавага прыбытку і страт, попыту і прапановы, значная частка сферы культуры (літаратура ў прыватнасці) перастала быць дзяржаўным прыярытэтам і была адддзеная самой сабе. Наклады літаратурных выданняў, пазбаўленых ранейшай фінансавай падтрымкі і чытацкай аўдыторыі, пачалі змяншацца. Тое ж назіралася і з кнігамі.

Ва ўмовах рынку беларускамоўны кніжны сегмент не змог канкураваць з расійскамоўным.

Існуе некалькі варыянтаў вырашэння сітуацыі. Першы – вяртанне да савецкага мінулага. Але будзем шчырымі: калі рынкавая сістэма народжаная жыццём, то савецкая ёсць у нечым ідэальнай і штучнай. Павышаная ўвага да літаратуры (і адначасова выкарыстанне яе ў ідэалагічных мэтах) магла мець месца толькі ў індустрыяльным, але ніяк не ў постіндустрыяльным грамадстве. Таму паўнавартаснае вяртанне савецкай мадэлі немагчымае.

Другі варыянт – пераход да рынку. Парадокс у тым, што беларуская літаратура амаль ніколі (калі не лічыць канца ХІХ – пачатку ХХ ст.) не існавала ў рынкавых умовах.

Але нават калі закрыць вочы на адсутнасць вопыту, такі пераход у сучасных умовах выглядае немагчымым. У савецкі перыяд беларусаў паслядоўна і метадычна адвучвалі ад роднай мовы (пры гэтым выдаючы вялікімі накладамі беларускамоўных аўтараў). У выніку колькасць спажыўцоў твораў, напісаных на ёй, у краіне нязначная.

У сённяшніх умовах толькі камікадзэ можа прапанаваць айчыннай літаратуры свабодны рынак. Без дзяржаўнай падтрымкі яна не зможа вытрымаць канкурэнцыю з моцнай расійскамоўнай суседкай.

Існуе і трэці, прамежкавы варыянт – сумясціць абодва падыходы. Рэалізацыю гэтай ідэі мы назіраем у сучаснай Беларусі: дзяржава падтрымлівае не пісьменнікаў, а іх кнігі. Інакш кажучы, дае бібліятэкам грошы, каб тыя набывалі кніжную прадукцыю, што выйшла ў дзяржаўных выдавецтвах. Але ў матэрыяльным сэнсе мінімальна падтрымлівае аўтараў.

Праблема прамежкавага варыянту ў тым, што паўнавартаснае сумяшчэнне абедзвюх канцэпцый немагчымае. Таму аб’яднанне можа мець толькі кароткачасовы эфект: распаўсюдзіць беларускія кнігі ў канкрэтных умовах. Але калі мець на ўвазе будучыню, такі варыянт малаперспектыўны. Бо нават цяпер айчынная літаратура ўжо на старце прайграе рускай, якая існуе ва ўмовах рынку.

Каб падсумаваць разважанні, прыгадаю знакамітае выказванне Уінстана Чэрчыля: «Дэмакратыя – найгоршая форма кіравання, за выключэннем усіх астатніх, якія спрабаваліся час ад часу». Калі замяніць слова слова «дэмакратыя» на «рынак», карціна атрымаецца падобнай. Альтэрнатывы апошняму ў свеце не існуе. Але ў сучасных беларускіх умовах толькі паслядоўная дзяржаўная падтрымка можа забяспечыць літаратуры максімальнае спрыянне.

У перспектыве сітуацыю можа змяніць толькі паслядоўнае развіццё беларускамоўнага сегмента ў грамадстве. Толькі яно здолее вызваліць прыгожае пісьменства ад «абдымкаў» і ўплываў савецкага мінулага. І забяспечыць літаратуры «дарослае», рынкавае жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?