Туман над бухтай шлях хавае верны.
Маяк не свеціць. Чутна за сто лье,
Як шлюхі лямантуюць ля таверны,
Што шлюхам боцман сення не налье,
Бо сам не нашкрабе на келіх рому.
Прыкмета зноў, на жаль, не падвядзе:
Раз так тужліва хочацца дадому —
Дык зранку будзем месяц на вадзе.
А там… Што там? З Барэя і Астрэя
Манет прыкрыць вачніцы нестае.
У боцмана аклад на – ганарэю,
А у мяне — няма і на яе.
У рэшце — восень, сырасць, соль і чайкі.
Такая ноч, што час пісаць лісты:
Расклаў пасьянс. Не шчасціць у «Кландайку».
Згубіў туза. У астатнім, дзень пусты.
У чутках зноў губляюцца навіны.
Хто шмат маўчыць – таму маўчаць у адказ.
Дашлі мне ліст па пошце галубінай,
А я дашлю ў бутэльцы «Old Pascas».
Нам разам з ім лічы крыху за сорак, —
Не дзеці: расплывемся хто куды.
Жаўцее над вадой марскою корак
Жаўцее, набрынялы ад вады,
Нясе, нясе, нясе ў туманны морак
Гады мае, парты і гарады…

Так, ты не памыляўся, што ж, не ўтоіш,
У нас і без загадаў і дамоў
Выгнанне – ці не лепей (ці не тое ж),
Што і вяртанне першае дамоў.
Выгнанне – нібы сон пра дзень мінулы:
Ні сна ні дня. Уяві, як пакрысе
Сатлее цела дохлае акулы,
Што ўноч прыліў на бераг прынясе.
Ты ведаеш, што стане з ёй праз тыдзень
Пад спёкай на засоленым пяску?
З такіх метамарфозаў бы Авідзій
паціснуў Апулееву руку.
Час любіць мяса! Ёсць у гэтым нешта
Камічнае ды вартае слязы.
Ў яго меню трапляе ўсё дарэшты
І аніхто не трапіў два разы.
Ні той Сізіф, хто марна і упарта
На костках будаваў свой Трэці Рым.
Ні той, хто ў ім пад подых Банапарта
Паліў сваё і ўсё крычаў: «Гарым!!!»
Будуеш Рым — гадуй свайго Нерона.
Сенеку дай яму на супакой
Ці бабу. І жыві за спінкай трона,
Інакш заўсёды будзеш пад рукой.
Рука ж патрона (па Хрыстовай волі)
Ці лашчыць поўсць, ці цягне на забой,
І правая не ведае ніколі,
Што зараз зробіць левая з табой.

А ў нашых, у завужаных шыротах,
Мяняючы свабоду на мерсі,
Адкрыўшы рот — баішся слова з рота,
Таму, здаецца, нават не ясі
Сваю гнілую бульбу з буракамі
І ўсё чакаеш «цвёрдую руку»,
Аблапаны ўжо рознымі рукамі.
На ложку у парваным гамаку —
Па мне дык лепш прапіска з пацукамі…

Туман над бухтай шлях хавае, дружа,
Але і плямы на маім вяку
За гэты час паменшалі не дужа:
Хавацца карабельнаму цвіку
Не грэх. Для захавання капялюша.

Пішы, як вашы новыя дамы?
У іх, канечне, «новыя мінчане»,
І дзеці новыя, каторыя – не мы
З блакітнымі і новымі вачамі.
Пішы, мой друг, mein freund і mon ami
Глядзі на поўнач з сумам і дакорам.

Ты ведаеш: раскідаўшы над морам,
Сабраць не удаецца камяні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?