Ажыццявіўшы пастаноўку «Пана Тадэвуша», Купалаўскі тэатр рыхтуецца да наступнай прэм’еры. Днямі ў калектыве пачаліся рэпетыцыі спектакля «Дон Жуан».

Андрэй Хадановіч пераклаў камедыю Жан-Баціста Мальера з французскай мовы на беларускую.

Для пастаноўкі спектакля з Санкт-Пецярбурга запрошаны рэжысёр Анатоль Праўдзін.

З Беларуссю яго сям’ю звязваюць даўнія сувязі. Праўдзін — сын вядомага рыжскага рэжысёра Аркадзя Каца, які неаднаразова бываў у Мінску. У Рускім тэатры дагэтуль ідуць чатыры спектаклі Каца («Ідэальны муж», «Сунічная паляна», «Праўда – добра, а шчасце – лепш» і «Пігмаліён»).

Праўдзін вядомы сваімі пастаноўкамі ў лепшых тэатрах Санкт-Пецярбурга. А ў маладосці ён займаўся спортам. У 1976 годзе нават стаў чэмпіёнам Латвійскай ССР па самба.

Ролю Дона Жуана выканае Павел Харланчук. Слугой Сганарэлем, які ўвесь час яго павучае, стане Віктар Манаеў.

У спектаклі таксама задзейнічаныя народныя артысты Беларусі Мікалай Кірычэнка і Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Падабед і Сяргей Краўчанка, а таксама Святлана Анікей, Раман Падаляка, Аляксандр Малчанаў, Ганна Хітрык і іншыя купалаўцы.

Прэм’ера «Дон Жуана» запланавана на 22 сакавіка 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?