Тры гады таму ў ЗША стартаваў Good Judgment Project (праект «Здаровы сэнс»), у межах якога 3 тысячы чалавек спрабуюць прадказаць будучыню. У некаторых гэта атрымліваецца лепей, чым у спецыялістаў з ЦРУ. 

Ініцыятарам праекту стала IARPA (Агенцтва перадавых разведвальных даследчых праектаў). Яго мэта — выявіць альтэрнатыўныя метады прагназавання, у прыватнасці, у сферы палітыкі. IARPA вырашыла спраўдзіць вядомы ўжо больш за сто год т.зв. «феномен мудрасці натоўпу», згодна з якім, калі сабраць мераванні вялікай групы людзей і зрабіць з іх сярэдняе, то меркаванне гэтае будзе надзвычай трапным. 

Кіруе праектам Філіп Тэтлак — псіхолаг, палітолаг, прафесар Пенсільванскага ўніверсітэта. Добраахвотнікі (сярод якіх студэнты і дактары, інжынеры і хатнія гаспадыні) аналізуюць прапанаваную інфармацыю і намагаюцца на яе аснове прадказаць важныя падзеі, запаўняючы адмысловыя анкеты на камп'ютэры. Кожны ўдзельнік атрымлівае спецыяльны рапарт, які дазваляе яму ацаніць свой прагрэс — што, на думку Тэтлака, істотна павышае якасць прагнозаў. За правільныя адказы агенцтва плоціць грошы. 

З трох тысяч удзельнікаў прыкладна 1% вылучаецца надзвычай добрымі вынікамі. Іх прагнозы на 30% лепшыя, чым у афіцэраў выведкі, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі. Сярод такіх «суперпрагназістаў», напрыклад, 60-гадовая Элейн Рыч, фармацэўтка з Мэрыленда. 

Яна з неймавернай дакладнасцю адказвае на пытанні кшталту «хто пераможа на парламенцкіх выбарах у Егіпце» і «ці ўвойдзе расійская армія на тэрыторыю Украіны». Рыч прызнаецца, што, перш чым даць адказ, вывучае тэму з дапамогай Гугла. 

Good Judgment Project — эксперымент, які паўстаў у выніку няўдач дзяржаўных агенцтваў ЗША. Штатныя аналітыкі з добрым заробкам аказаліся не ў стане прадбачыць, напрыклад, атаку на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку. Можа, таму, што ўрадавыя эксперты не могуць у дастатковай ступени дыстанцыявацца ад дадзеных, схільныя да ціску зацікаўленых у тым ці іншым прыярытэце калег і пануючых у іх колах меркаванняў. 

Відавочна, што амерыканскай выведкі праект не заменіць. Але стаць да яе добрым дадаткам мае ўсе шанцы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?