Беларуская чыгунка пачала доследную эксплуатацыю сістэмы аўтаматызаванага кантролю пасадкі пасажыраў, якія аформілі квіток з электроннай рэгістрацыяй. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

«Сістэма заснавана на выкарыстанні мабільных тэрміналаў кантролю дакументаў», — удакладнілі спецыялісты. Першая партыя такіх прылад у цяперашні час праходзіць тэставанне ў цягніку міжрэгіянальных ліній бізнес-класа № 703/704 Віцебск — Мінск. У бліжэйшы час на дарогу паступіць яшчэ 80 мабільных тэрміналаў. Імі ў першую чаргу будуць аснашчаныя склады рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.

Пасажырам, якія афармляюць квіткі праз інтэрнэт з электроннай рэгістрацыяй на цягнік № 703/704, неабходна звярнуць увагу на штрых-код у бланку замовы. Яго можна паказаць правадніку на мабільным тэлефоне, планшэце або на раздрукаваным бланку замовы. «Калі вагон ўжо абсталяваны мабільным тэрміналам, прваднік, счытаўшы штрых-код, аператыўна знойдзе вас у электроннай ведамасці», — дадалі спецыялісты.

Да гэтага часу інфармацыя аб грамадзянах, якія аформілі квіткі з электроннай рэгістрацыяй, перадавалася брыгадзе на папяровым носьбіце. Укараненне сістэмы аўтаматызаванага кантролю пасадкі пасажыраў дазваляе перадаваць яе непасрэдна ў цягнік па бесправадных каналах сувязі. Гэта з'яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў развіцця аўтаматызаваных спосабаў кантролю праезду на БЧ, што абумоўлена ростам папулярнасці паслугі электроннай рэгістрацыі.

У першым паўгоддзі 2014 праз анлайн-сістэму продажу праязных дакументаў Беларускай чыгункі было набыта 451,6 тыс. квіткоў на цягнікі, што больш за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года ў 2,1 разы. У тым ліку 365 тыс. дакументаў было аформлена з выкарыстаннем паслугі электроннай рэгістрацыі (у 3 разы больш).

Паслуга электроннай рэгістрацыі, якая дазваляе не афармляць у касе праязны дакумент, сёння даступная пры куплі квіткоў на ўсе цягнікі міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнес-класа, якія курсуюць ў межах Беларусі. Таксама яна распаўсюджваецца на ўсе цягнікі ў прамых зносінах Беларусь — Расія (без транзіту па тэрыторыі іншых дзяржаў), цягнік Мінск — Рыга і на цягнікі ў прамых зносінах Мінск — Вільня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?