Беларусь у пытанні транзіту тавараў з Захаду на расійскую тэрыторыю прытрымліваецца дамоўленасцей з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Гэта адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне транзіту з іншых краін праз Беларусь тавараў на расійскую тэрыторыю. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь прытрымліваецца ў гэтым пытанні дамоўленасцей, дасягнутых у час праведзенай нядаўна тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. У прыватнасці, Пуцін праінфармаваў Лукашэнку аб эканамічных мерах, прынятых Расіяй адносна шэрага катэгорый прадукцыі, імпартуемай з краін, якія ўвялі санкцыі ў адносінах да расійскіх арганізацый і грамадзян.
«З прэзідэнтам Расіі мы вялі размову аб абароне, як ён сказаў, расійскага рынку, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта значыць, мы павінны выканаць свае абавязацельствы па абароне саюзнага рынку (у нас адзіная мытня ў мытнай прасторы) у частцы транзіту грузаў з Захаду праз Беларусь на расійскую тэрыторыю. Калі Расія закрыла свой рынак для пэўных тавараў, то мы гэтыя тавары транзітам праз Беларусь у Расію прапускаць не павінны».
Лукашэнка сказаў, што даў адпаведныя распараджэнні мытным органам. Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што беларускі бок дзейнічае разумна, у нармальным ключы.