Vox populi занатаваў у сваім блогу Пётра Садоўскі.
У сераду 26-га еду рэйсавым аўтобусам па Менску з аднаго канца горада ў другі. Мая суседка — дагледжаная дама, чытае часопіс «Главный бухгалтер». У праходзе разнамасная публіка. Амаль увесь шлях у аўтобусе для Мінску незвычайна ажыўлена.
Падпіты мужчына да дамы з часопісам: «Ну што там прэзыдэнт пра зарплату піша?».
Голас побач: «Падарункі робіць прэзыдэнт! Вунь «Водаканал» 20-працэнтыя зьніжкі на ваду адмяніў, а гэта ж былі ня льготы, а кампэнсацыя за лічыльнікі. Мы ж самі іх куплялі!».
– Што лічыльнікі, -- мой унук цяпер во штодня дзьве чатырыста за праезд у тэхнікум плоціць. Ды на перакуску пяцёркі мала. А маці з бацькам у месяц разам 700 маюць.
– Кажуць, што зьніжку на лічыльнікі вернуць, памылка выйшла, прэзыдэнт ураду клізму за гэта ўставіў…
– Ды кіньце вы! Гэта ў іх усё як па нотах! У адну дудку дуюць…
– Вунь у Шэймана грудзі па пуп у медалях, як у Жукава, а за кожны мядаль – грошы!
– Ды не даюць за гэта грошы!
– Во Расея паўтара мільярда дала, а чаго гэта Лукашэнка пятлю закінуў ды душыць?
– Ды яшчэ два абяцала….
– Дык гэта ж аддаваць трэба. Будзем на кручку. Вунь, кажуць, расейцам ужо палову лесу прадалі, а кітайцам агратурызм…
– Кітайцы ўсё падчысьцяць, зьядуць усё, што поўзае.
– А кітайцы так ня п’юць, як нашы. У цілівазары паказвалі, расейскія бабы за кітайцаў замуж ідуць і задаволеныя…
– Паплача Расея з гэтымі кітайцамі! Хай лепш немцам зямлю ў Сібіры даюць, дык парадак будзе.
– Новы прэзыдэнт у Расеі парадак навядзе, гэты, як яго, малы ды галавасты? Во-во, Мядзьведзеў…
– Што Мядзьведзеў, сьмех: яны з Пуцінам, як барацьба нанайскіх хлопчыкаў. Ты мяне выстаўляеш і хваліш. А я цябе. Аж сьвет трасецца ад сьмеху… Во Гаварухін, той што «Варашылаўскага стралка» ставіў, кажа: «Зрабілі новую КПСС!».
– Сталіна на вас няма! Падумаеш, білет падаражэў на 300 рублёў, мы вунь сталінскія аблігацыі на танкі куплялі, каб немцаў разьбіць!
– Дык цяпер жа не вайна! Вунь у Шклове лядовы палац пабудавалі, а ён пусты стаіць! Грошы ўбухалі, а з нас скуру дзяруць. Настаўнікам толькі 24 дні адпачынку аплочваць будуць, астатняе за свой кошт…
– Кажуць, з сакавіка пенсіянерам, якія працуюць, скажуць: або пенсія, або зарплата!
– А-я-яй, людцы. Што ж гэта робіцца…?
– Вы што, нічога добрага ня бачыце? Вунь дамы пачалі ўцяпляць тэрмафутрам, як у Эўропе, менш цяпла будзем траціць, квартплата панізіцца…
– Ой, дзяржыце мяне, — якое тэрмафутра? Гэта ж прэзэрватыў! Цагляныя дамы ў блокавыя перарабляюць, летам захліпнесься. Пенапласт ня дыхае! Дадуць сваім блатным фірмам зарабіць, а праз год аддзіраць будуць. Во асфальт скрозь на плітку мяняюць, гэта ж блатны завод робіць. Кажуць, там сынок вялікага начальніка камандуе. Капіталізм, а мы, дурныя, маўчым!
Усё, што я напісаў, - так і было. Толькі на больш-менш літаратурную беларускую мову пераклаў і нецэнзурныя словы выкінуў. Адна рэпліка мая. Не скажу, якая.