Беларуская калійная кампанія першай сярод сусветных вытворцаў заключыла кантракт на пастаўку калію з кітайскімі спажыўцамі, паведаміла беларуская кампанія. У мінулым годзе цана складала $305 за тону, сёлета будзе $315.
«Адсутнасць кітайскага кантракта негатыўна ўплывала на калійны рынак у цэлым і аказвала ціск на рынкавую кан'юнктуру ў іншых рэгіёнах. Падпісанне кантракта пазней за сакавік было б гібельным для рынку», — гаворыцца ў заяве гендырэктара БКК Алены Кудравец. Дасягнутае пагадненне «паслужыць пазітыўным сігналам для калійнага рынку» і «надасць стабільнасці і ўпэўненасці ўсім удзельнікам», — кажа топ-менеджар беларускай кампаніі.
Цана на іншых рынках традыцыйна вылічваецца ў залежнасці ад кітайскай.
Перамовы з кітайскімі пакупнікамі вялі таксама «Уралкалій» і канадская Canpotex, паведамляе расійская газета «Ведомості». Але «Беларуськалій» перабег дарогу перамовам, паведамлялі аналітыкі. Былы партнёр расійскай кампаніі працягваў пастаўляць угнаенні па старой цане $ 305, тады як традыцыйна напярэдадні заключэння новага гадавога кантракта вытворцы спынялі пастаўкі, каб умацаваць перамоўныя пазіцыі, гаварылася ў аглядзе Raiffeisenbank.
Сёлета сусветны попыт на калій можа скласці каля 60 млн т. «Беларуськалій» здабывае штогод 10—10,5 млн т.