Добры дзень, «Наша Ніва». Пішу Вам з нагоды інцыдэнту ў пераходзе метро «Уручча» ў мінулую пятніцу, калі работнікі міліцыі жорстка затрымалі сляпога грамадзяніна, які аказаў ім супраціў, а народ заступіўся.

Мяне там не было, пра ўсё даведаўся з «НН», але магу сказаць некалькі добрых слоў пра сляпога Дзмітрыя. Мяне завуць Юрый, я з 2003 года па магчымасці дапамагаў яму прадуктамі харчавання, праводзіў дадому, зрэдку выконваў розныя даручэнні. Нягледзячы на крымінальнае мінулае, Дзіма — шчыры вернік, сапраўды не ўжывае спіртнога, заўсёды ахайны, паголены, ветлівы. Дзякуючы яго прыкладу я і сам паступова кінуў выпіваць — мне заўсёды было сорамна перад ім, калі гэта здаралася. Нягледзячы на сваё страшнае няшчасце гэты чалавек не спіўся і не наклаў на сябе рукі. Дзіма маліўся за здароўе маіх дзяцей і за ўсіх людзей, якія трапілі ў бяду, калі да яго звярталіся.

Дзмітрый казаў мне, што вельмі хоча вярнуцца ў інтэрнат для інвалідаў, дзе ён раней жыў. Нядаўна нам параілі адправіць ліст прэзідэнту, бо звароты ў іншыя інстанцыі нічога не далі. Вось тэкст гэтага ліста:

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, звяртаецца да Вас сляпы чалавек.

Калі ласка, дапамажыце мне пасяліцца ў інтэрнат для інвалідаў па вул. Ваўпшасава, 33. Вельмі спадзяюся на Вашу міласэрнасць.

Сам я дзетдомавец. Цяпер мне 41 год. Спачатку працаваў, потым стаў выпіваць і пайшоў па злачынным шляху. У выніку дзве судзімасці за крадзяжы. Жыллё, выдзеленае мне дзяржавай, давялося аддаць за даўгі. Гэта было 14 гадоў таму.

Тады ж з-за траўмы страціў я зрок. Дзяржава не пакінула ў бядзе і дала мгчымасць пражываць у інтэрнаце для інвалідаў (Ваўпшасава, 33). Але, па дурасці, лічачы сябе несправядліва пакрыўджаным умовамі ўтрымання, парушаў рэжым. У выніку мне аддалі пашпарт і я сышоў жыць да сястры (яна таксама дзетдомаўская), якая пражывае з дачкой ў 1-пакаёвай кватэры па вул. Шугаева, д. 11, кв.94.

Зараз палова маёй пенсіі па інваліднасці сыходзіць на аплату гэтай кватэры. На харчаванне сродкаў не хапае, хоць я прашу міласціну ў пераходзе метро. Але міліцыя выганяе. Мінакі дапамагаюць мне дабірацца дадому.

Невідушчаму жыць вельмі цяжка, абслугоўваю сябе сам.

Я глыбока раскаяўся ў сваім распусным жыцці, паверыў у Бога. Ісус Хрыстос вельмі дапамагае пераадольваць мне штодзённыя цяжкасці. Вось ужо больш за 10 гадоў я не дакранаюся да спіртнога і ўсім людзям прапаведую Евангелле дзеля адпушчэння грахоў.

У роднай жа сястры жыць стала невыносна. Яна маці-адзіночка, выпівае, жыве выпадковымі заробкамі (маляр). Запазычанасць за святло і ваду назапасілася непад'ёмная. Адключылі электрычнасць. Стаіць пытанне аб яе высяленні. А мне давядзецца жыць у пад'ездзе.

Вярнуцца ў інтэрнат мне не дазваляюць. У 2014 годзе добрыя людзі дапамаглі мне звярнуцца ў Першамайскі выканкам з гэтай просьбай. Мы сабралі ўсе даведкі, я прайшоў медкамісію. Але ў выніку — толькі часова зарэгістравалі ў Доме начнога знаходжання для бамжоў (без засялення). Адмова была матываваная тым, што я не здаў нейкія рэчы, калі сыходзіў з інтэрната. Згодны пакрыць.

Паважаны Прэзідэнт! Цяпер мне дапамаглі скласці гэтую заяву да Вас з надзеяй на станоўчае рашэнне. Прашу Вас вельмі, дапамажыце вярнуцца ў інтэрнат для інвалідаў на вул. Ваўпшасава 33 ці ў які-небудзь іншы. Калі ласка, не пакіньце свайго грамадзяніна ў бядзе

З павагай, Арцёмаў Д.М.»

Ліст быў дасланы з паведамленнем аб уручэнні. Адказ прыйшоў неадкладна.

А на днях у пераход падышла сацыяльны работнік (Дзіма казаў, што яе клічуць Васілісай і называў нумар яе тэлефона) і сказала, што цяпер ім будуць займацца, прыйдуць абследаваць жыллёвыя ўмовы. Дзіма падпісаў паперы і ўжо рыхтаваўся з панядзелка праходзіць медкамісію ў раённай паліклініцы. Дарэчы, знайшлася дзяўчынка, суседка, якая за 198 тысяч, на туфлі, падахвоцілася вадзіць яго па кабінетах…

І тут яго затрымлівае міліцыя.

Я думаю, што ва ўсіх там здалі нервы, асабліва ў Дзімы, да таго ж незадоўга да гэтага ў кватэр абрэзалі за нясплату святло, плітка электрычная, запазычанасць за кватэру пераваліла за 33 млн, «сястра невядома дзе п'янствуе». Дзіма вельмі перажываў.

Цяпер яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі або могуць накіраваць у вар'ятню, хоць ён цалкам адэкватны і разумны, на мой погляд, чалавек — сляпое жыццё шмат чаму яго навучыла. І хоча ён проста нармальнага жыцця.

Дзе ён зараз? Тэлефон не адказвае, у кватэры за дзвярыма брэша толькі сабачка Топа.

З павагай, Юрый Субат

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0