Лягічны працяг пасьпяховага леташняга дэбютніка ад гурту на чале з акторкаю Ганнай Хітрык. «Дзецідзяцей» робяць тое, што піцерцы завуць «тэкставым рокам», а беларусы — «сьпеўнай паэзіяй».

Патрэбны эфэкт дасягаецца за кошт харызмы лідэра, ухіл робіцца ў (пад)сэнсы і гульню словаў, а вакал выступае ў ролі галоўнага інструмэнта. Астатнія музыкі хутчэй суправаджаюць, выхадаў на першы плян для іх тут не прадугледжана. Адрозьненьне «дзяцей» ад падобных камандаў, на чале якіх стаяць тэатралы, — Ганна не падзяляе тэатар і музыку.

Выглядае на тое, што яна перажывае кожны твор гэтак жа, як і кожную сваю ролю. Ад таго творчасьць гурту характарызуецца перадусім падвышанай эмацыйнасьцю. Часам тая тэатральнасьць сягае праз край («Вот такая», «Трамвай»), але высунуць абвінавачваньне ў штучнасьці і надуманасьці аніяк не выпадае. Калі сумнеў на пачатку яшчэ закрадаецца, то на «Клеверы» канчаткова даеш веры ў абсалютную шчырасьць пачуцьцяў.

Пры тым што музыкі здольныя ўзьняць настрой шэрагам шалёных сваёй энэргетыкай нумароў («Оса» — бясспрэчна сярод іх).

Самымі ўдалымі на альбоме падаюцца песьні, зробленыя без надрыву («Русалочья», «Другая» і згаданая «Клевер»). У «незалік» — псэўдафолк «Горевала».

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0