Учора ўвечары эфір парваў ісландскі каментатар, які звар'яцеў у канцоўцы матча з Аўстрыяй (2:1). Гэтыя ролікі напэўна бачылі ўжо ўсе, але вы наўрад ці не пажадаеце перагледзець:

Каментатар аказаўся няпростым. Гэта 41-гадовы Гудмундур Бенедыктсан, былы форвард зборнай Ісландыі.

Практычна ўсю кар'еру ён правёў на радзіме і некалькі разоў выйграваў чэмпіянат з «Рэйк'явікам» і «Валюрам». У 1990-х Бенедыктсан двойчы спрабаваў вырвацца за мяжу, але абедзве камандзіроўкі праляцелі бясследна: за 4 гады ў сціплых бельгійскіх камандах ён правёў усяго 20 матчаў і забіў 4 галы.

У зборнай Гудмундур таксама асабліва не спатрэбіўся, хоць ўсё пачыналася вельмі нават крута — з гола ў матчы супраць ААЭ ў 1994-м. Бенедыктсан яшчэ трохі пагуляў у адборы на ЧС-1998 але потым пяць гадоў сумаваў без тэлефанаванняў ад трэнераў. Апошні матч за Ісландыю ён правёў у 2001 годзе (у суме — 10 матчаў за зборную і 2 галы), а кар'еру скончыў толькі ў 2009-м. Адразу пасля гэтага Гудмундур пераключыўся на трэнерскую працу і каментаванне матчаў — тут вельмі спатрэбіўся яркі псеўданім Гумі Бэн, які ён прыдумаў сам.

Бенедыктсан нядрэнна сумяшчае працу ў клубе і на тэлебачанні, але ў каментаванні ён пакуль больш паспяховы. Знакаміты «Рэйк'явік», дзе ён працуе асістэнтам, ідзе толькі на восьмым месцы ў чэмпіянаце Ісландыі, а на тэлебачанні ён сапраўдная зорка. На Еўра-2016 Гудмундур у адзіночку вядзе рэпартажы з матчаў зборнай.

Самае смешнае, што пасля ўчорашняга перфомансу Бенедыктсану трэба тэрмінова імчацца дадому: сёння ў яго «Рэйк'явіка» гульня чэмпіянату супраць «Акранеса». У Францыю ён вернецца да 1/8 фіналу, дзе Ісландыя будзе бадацца з Англіяй.

«Тэлефон проста не змаўкае. Гэта адзінае, што змянілася ў маім жыцці пасля таго рэпартажа, — сказаў Гудмундур сёння раніцай ісландскаму радыё. — Я даў інтэрв'ю BBC, але не гатовы адказваць на кожнае тэлефанаванне з усіх краін запар. Я проста хачу спакойна дабрацца да дома».

Калі Бенедыктсана папрасілі апісаць пачуцці пасля другога гола Ісландыі, ён спачатку не мог падабраць словы.

«Я проста згубіў галаву.

Арганізм як быццам пачаў працаваць са збоямі. Гэта быў адзін з тых момантаў, калі ты наогул сябе не кантралюеш. Гэта значыць я чуў сябе, разумеў, што кажу, што гэта мой голас, але я ўвогуле не ўсведамляў, што менавіта я кажу. Гэта было вар'яцтва.

Я марыў пра такі момант з самага дзяцінства, але па ходзе маёй кар'еры Ісландыя нават не была блізкая да выхаду ў фінальную частку Еўра або чэмпіянату свету. А цяпер я бачу, як ўвасабляецца мара, пражываю гэтыя імгненні як каментатар. Таксама нядрэнна».

Вам напэўна цікава, што ж такое крычаў Гудмундур. Добрыя ісландцы перавялі гэты палымяны маналог.

«Там куча вольнай прасторы! Тэадор Эльмар (Б'ярнасан) адзін у гэтай частцы поляі! Яны выбягаюць тры ў два! Эмі! Бяжы ў штрафную! Эмі!

Ahhh … Yes … Yes … Yes … YES … YES … Jarghaah … Мы выйграем! Мы выходзім у 1/8 фіналу! Мы прабіваемся ў плэй-оф! Мы абыгрываем Аўстрыю!

Голас проста знік! Але якая розніца?! Мы выйшлі! Арнар Траустасан забіў, Ісландыя — два, Аўстрыя — адзін!

Што там?! Прагучаў фінальны свісток! Ніколі, ніколі яшчэ я не адчуваў сябе так выдатна! Арнар Траустасан прынёс нам першую перамогу! Ніколі не здавацца, ніколі не прайграем! Першая перамога - гэта ўжо факт. Ісландыя — два, Аўстрыя — адзін! Дзякуй, што прыйшлі, Аўстрыя! Дзякуй, што прыйшлі!»

Гумі Бэн выканаў падобнае не ў першы раз. Вось як ён пракаментаваў незабыўны чэмпіёнскі гол Серхіа Агуэра.

Але і гэта яшчэ не ўсё. У каментатара і трэнера Бенедыктсана ёсць 19-гадовы сын Альберт, які цяпер гуляе ў маладзёжнай камандзе ПСВ.

У Альберта цудоўныя гены: мама выступала за жаночую зборную, дзядуля па матчынай лініі быў вядомым форвардам,

а прадзед Альберт Гудмундсан гуляў за «Мілан» і «Арсенал», быў першым прафесійным футбалістам у гісторыі Ісландыі, а потым працаваў міністрам фінансаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?