Наша нацыянальная зборная па футболе ў нямецкім Кайзэрслаўтарне ў таварыскай гульні з гаспадарамі змагла дабіцца годнай нічыёй, хаця хада паядынку зусім не прадказвала такі канчатковы вынік.

Гульню не змаглі пабачыць большасьць беларускіх заўзятараў, БТ так і не зладзіла трансьляцыі. Матч паказвалі толькі па некаторых спадарожнікавых каналах.

Напярэдадні матчу нямецкія футбалісты раздавалі інтэрвію, што розьніца ў клясе між нашымі зборнымі вымяраецца тры‑чатырма галамі. Наш трэнэр Бэрнд Штанге храбрыўся, кажучы, што беларусы пры належным настроі на гульню маюць шанцы, але ягоным словам мала хто верыў. Тым больш, перад сустрэчай траўміраванымі аказаліся сямёра гульцоў каманды.

Пачатак матчу, прызнацца шчыра, і шакаваў, і зрабіў уражаньне: «А вы чаго хацелі»? Ужо на дваццатай хвіліне гаспадары выйгравалі зь лікам 2:0. Спачатку польскія немцы Падольскі і Клозе скарысталіся зь няўдалай спробы беларусаў арганізаваць афсайд, апошні і забіў гол у вароты Хамутоўскага з трох мэтраў. Другі гол арганізаваў таксама Лукаш Падольскі. Менавіта пасьля ягонай дакладнай перадачы на 20‑ай хвіліне гол забіў… Уладзімер Карыцька. Мяч няўдала трапіў у ягоную нагу — аўтагол.

Напрыканцы першага тайму некалькі рэальных момантаў меў Вячаслаў Глеб, але на вышыні аказаўся брамнік «бундсцім» Енс Леман.

У другім тайме, пасьля шматлікіх заменаў з абодвух бакоў, гульня каманд выраўнялася. На 61‑ай хвіліне форвард уладзівастоцкага «Луча» Віталь Булыга адыграў розьніцу ў мячах да аднаго — 2:1. Хамутоўскі ў сваю чаргу зрабіў некалькі выдатных сэйваў пасьля ўдараў Хельмеса і Нойвіла.

А ўжо за шэсьць хвілін да канца матчу абсалютна незразумела было, як выратаваў немцаў Леман пасьля ўдару Віталя Радзівонава. Але беларусам у гэты дзень не было суджана прайграць. Ужо праз чатыры хвіліны пасьля ўдару Радзівонава Віталь Булага мацнейшым ударам з цэнтру штрафной зрабіў лік — 2:2.

Немцы, яўна не чакаючы такога павароту падзей, рынуліся наперад перамагаць. Аднак максымум на што яны былі здольныя — зарабіць корнэр. Беларусы вытрымалі.

Бэрнд Штанге можа быць задаволены сабой. Наступную гульню наша каманда правядзе 2 чэрвеня ў Турку зь фінамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?