Суд гораду Кордаба асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне былога генэрала арміі Бэнхаміна Мэнэндэса.

Падчас ваеннай дыктатуры 1976‑1983 Мэнэндэс, якому зараз 80 гадоў, камандаваў трэцім армейскім корпусам у Кордабе. Ён таксама адказваў за сьледчыя ізалятары і турмы, у якіх утрымліваліся палітычныя зьняволеныя.

Былы ваенны асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за катаваньні і забойства чатырох актывістаў Рэвалюцыйнай рабочай партыі Хілды Паласіяс, Карласа Лаха, Рубэна Кардоса, Умбэрта Брандалізі.

Яны прапалі бязь зьвестак 15 сьнежня 1977 г. Яны былі скрадзеныя ваенным рэжымам, зьмешчаныя ў турму і пасьля месяцу допытаў і катаваньняў забітыя. Пазьней целы палітвязьняў былі выкінутыя на вуліцу, каб падаць абставіны іх сьмерці так, што быццам яны загінулі ў вулічных баях.

Суд не ўзяў пад увагу ўзрост генэрала — паводле аргентынскіх законаў, людзям старэй за 70 год, турэмнае зьняволеньне замяняецца хатнім арыштам.

Такі ж вэрдыкт быў вынесены і ў дачыненьні да чатырох шараговых удзельнікаў хунты, яшчэ трое былі асуджаныя да турэмных тэрмінаў ад 18 да 22 гадоў.

Прыгавор быў сустрэты гучнымі аплядысмэнтамі людзей, што сабраліся ля будынка суда.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0