Паліцыя ў Сопаце затрымала дзевяць чалавек у сувязі з бойкай, якую ў мінулую пятніцу раніцай учынілі на адной з цэнтральных вуліц горада грамадзяне Расіі і Польшчы. Васьмі затрыманым выстаўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў бойцы, а двое з іх дадаткова абвінавачваюцца ў збіцці, паведамляе Радыё Польшча.
Арышт удзельнікаў бойкі стаў магчымым дзякуючы абмену інфармацыяй паміж паліцыяй і аператарам гарадскога відэаманіторынгу. У выніку хуткай рэакцыі праваахоўнікаў былі затрыманыя дзевяць чалавек.
Пяцёра з арыштаваных — гэта грамадзяне Расіі ва ўзросце 23—27 гадоў, сярод іх былі дзве жанчыны, яшчэ чацвёра — грамадзяне Польшчы ва ўзросце 21—34 гадоў.
Затрыманых праверылі на стан алкагольнага ап'янення. Устаноўлена, што ўсе яны ўжывалі алкаголь.
Пасля затрымання правапарушальнікаў дапыталі. На падставе атрыманага доказнага матэрыялу паліцыя выставіла васьмі з іх абвінавачванні ва ўдзеле ў бойцы, за што ім можа пагражаць да 3 гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ двух грамадзян Расіі дадаткова абвінавацілі ў збіцці.





